Увага: агонь!

З пачатку года на Ляхавіччыне адбыўся 31 пажар, вогненная стыхія забрала 2 чалавечыя жыцці. Апошні трагічны выпадак зарэгістраваны на гэтым тыдні. У ноч на 4 кастрычніка ў цэнтр аператыўнага кіравання РАНС паступіла паведамленне пра пажар у жылым доме па вуліцы Савецкай у вёсцы Востраў. На жаль, 57-гадовага гаспадара дома выратаваць не ўдалося – мужчына загінуў у агні. Загінуўшы характарызаваўся станоўча і да адміністрацыйнай адказнасці не прыцягваўся, пражываў разам з жонкай, якая ў гэтыя дні знаходзілася на лячэнні ў райбальніцы. Прычыны і абставіны пажару высвятляюцца.

А вось прычына пажару, які адбыўся 1 кастрычніка ў вёсцы Падлессе, была відавочнай адразу: гаспадыня складвала згараемыя матэрыялы каля металічных сценак паліўніка кормазапарніка, дзверцы паліўніка пакінула незачыненымі, а кормазапарнік – без нагляду. У выніку ў гаспадарчай пабудове пагаспадарыў агонь…
У сувязі з неабходнасцю актывізацыі прафілактычнай работы ў раёне ў кастрычніку аб’яўлены месячнік пажарнай бяспекі, падчас якога будуць праве-дзены праверкі супрацьпажарнага стану домаўладанняў адзінокіх старых грамадзян, інвалідаў, шматдзетных сем’яў. Пад увагу трапяць стан печаў, электраправодкі, у шэрагу дамоў будуць устаноўлены аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. А з 3 па 28 кастрычніка на тэрыторыі Брэстчыны рабочыя групы ў складзе ўчастковых інспектараў міліцыі, супрацоўнікаў РАНС і сацыяльнай службы, медыкаў, прадстаўнікоў аддзела адукацыі правядуць праверку ўмоў пражывання неўладкаваных сем’яў, асоб, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Да тых, хто парушае пра-вілы пажарнай бяспекі, будуць прымацца меры адміністрацыйнага ўздзеяння.

Сяргей СІМАКОВІЧ,
начальнік інспекцыі дзяржпажнагляду

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *