Мама Таня

Cустрэўшы гэту маладую прывабную жанчыну адну, ніколі не падумаеш, што яна — мнагадзетная мамачка-мамуля. Менавіта так пяшчотна і з любоўю яе называюць чатыры дачушкі і сынок.
— Я бязмежна шчаслівы чалавек. Маё бясцэннае багацце — мае кветачкі — самыя лепшыя дзеткі на свеце. Люблю іх усім сэрцам і душой. Такой жа любоўю яны адказваюць і мне, — не хаваючы эмоцый гаворыць 27-гадовая ляхавічанка Таццяна Качаноўская.

Пяцёра маленькіх сардэчак б’юцца ва ўнісон, калі збіраюцца разам каля сваёй матулі. А яна моцна абдымае іх усіх, прыціскае да сябе. Раніцай дом, дзе жыве вялікая і дружная сям’я Качаноўскіх (а гэта гаспадыня і па сумяшчальніцтве бабуля і прабабуля Яніна Уладзіміраўна Адамава, Ігар і Таццяна Качаноўскія, а таксама Дзіна, Уладзіслаў, Яніна, Вера і Алена) напаўняецца звонкімі дзіцячымі галасамі. Дзевяцігадовая Дзіна ўжо без дапамогі дарослых самастойна збіраецца ў музычную школу: маме клопату і з меншымі хапае — адправіць у дзіцячы сад шасцігадовую Яню і трохгадовую Веру.
— Іншы раз я і браціка ў школу вяду, Уладзік вучыцца ў 2 класе. І нават паспяваю сястрычак прычасаць, — з гонарам гаворыць старэйшая дачка, таленавітая дзяўчынка, якая захапляецца замежнай мовай, вучыцца іграць на баяне і займаецца харэаграфіяй.

— Гэта яна ў мяне пайшла, я таксама любіла танцаваць і займалася лёгкай атлетыкай. А Дзіна і мяне пераўзыдзе — даўно ўжо садзіцца на шпагат, — з задавальненнем расказвае пра дачку маці.
Таццяна паспявае ўсё — і сняданак прыгатаваць, і дзяўчынак сабраць, і мужа ласкавым позіркам і добрым словам на работу адправіць — Ігар працуе ў ПМК-13.
Здаецца, потым, на працягу дня маладой жанчыне можна было б і адпачыць. Але, як у той песні, спакой ёй толькі сніцца.

— Ну што вы, гэта ж прыемныя справы, яны ў радасць. Як можна стаміцца ад таго, што клапоцішся пра сваіх родных, каб ім было ўтульна, добра і надзейна. Дом, сям’я — гэта так важна для чалавека любога ўзросту, а для дзетак — асабліва. Ім намнога больш, чым дарослым, патрэбны ўвага, падтрымка і любоў, — разважае Таццяна.

З любоўю, пяшчотай і веданнем справы маладая мама гатуе ежу, каб дагадзіць кожнаму з дамашніх, наводзіць парадак і стварае ўтульнасць у доме. Любіць, каб усё «зіхацела», і кожная рэч знаходзілася на сваім месцы. Пакуль астатнія заняты сваімі школьнымі і дашкольнымі справамі, Таццяна паспявае пагуляць з малодшай — Аленкай, якой усяго год і тры месяцы.

— Нават не ведаю, што рабіла б, каб не дапамога ўсіх — і бабулі, і мужа,і дзяцей. Дзіна ўжо і за пакупкамі ў магазін сходзіць, і за камунальныя паслугі банкаўскай карткай разлічыцца. Гледзячы на яе, і Яня імкнецца дапамагаць. Так і павінна быць у вялікай і дружнай сям’і: адзін за ўсіх і ўсе за аднаго, — пераканана маладая мама.
Нават нядоўга пабыўшы ў гэтым доме, адкрываеш у чарговы раз такі просты сакрэт шчасця чалавека — галоўнае, каб побач былі родныя і блізкія. А шчасце жанчыны — любіць і быць любімай, называцца мамай. У Таццяны шчасце ў 5 разоў большае, бо штодня з замілаваннем і пяшчотай на яе глядзяць 5 пар прыгожых і дапытлівых дзіцячых вачанят, падобных на маміны, падобных на татавы.

— Мы з Ігарам і не планавалі, што ў нас будзе такая вялікая сям’я, народзім двух, максімум трох дзяцей. Дарэчы, у маёй сястры ў сям’і чацвёра. У нас неяк усё атрымалася само-сабой. Але ніколі не ўзнікала пытанне — быць новаму жыццю ці не. Дзеці — гэта тое, што даецца Богам, адмаўляцца ад такога дару вялікі грэх. Нават цяжка сказаць: больш хвалявалася, калі нараджала першую — Дзіну, ці апошнюю — Алену, — расказвае Таццяна.

На пытанне, ці будзе малодшанькая апошняй, маладая мама з усмешкай сказала:
— Мы свой план па паляпшэнні дэмаграфічнай сітуацыі выканалі, цяпер няхай іншыя стараюцца!..
Пяшчоты і любві ў Таццяны і яе дарослых памочнікаў хапае на ўсіх дзяцей. Але, акрамя маральнага боку, немалаважны і матэрыяльны дабрабыт.
Маладая сям’я некалькі гадоў назад прыехала з Пінскага раёна ў Ляхавічы да бабулі Ігара і вырашыла застацца тут назаўсёды. Сталі на чаргу на будаўніцтва жылля і ўпэўнены, што з цягам часу будуць мець уласную кватэру.

— Пакуль не адчуваем нейкіх матэрыяльных цяжкасцей. Зарплата мужа, мае дэкрэтныя, дзяржаўная дапамога на дзяцей, іншыя сацыяльныя выплаты — нам хапае. Прыемна, што на мужавай рабоце ведаюць, пра нашу вялікую сям’ю. Вось і напярэдадні новага навучальнага года падарылі Уладзіку новенькі ранец. Пасля дэкрэтнага водпуску планую вярнуцца працаваць паштальёнам — гэта работа мне спадабалася, — расказвае Таццяна.
…Развітваемся з гасціннымі Качаноўскімі. Пытаюся ў маленькай Веры, кім яна хоча быць, калі вырасце. Дзяўчынка катэгарычна адказала:
— Буду мамай.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *