Сонца ў аконца

Нават калі хмарыцца ці дажджыць – бясспрэчна: акселератка-вясна гаспадарыць. Такая ранняя. Заўсёды чаканая. Усімі любімая.Бялюткімі першацветамі ў агародчыках прыбралася, зялёнага колеру штодня дабаўляе газонам, блакіту – небу, усмешак – вачам. Веснавое раўнадзенства перасягнулі ў належны час. Сёння дзень доўжыцца ўжо дванаццаць з паловай гадзін. Усё пазней запальваецца святло ў вокнах, таму што сонейка, таму што сакавік. Хочацца абнаўлення, і прыгажуні дасталі з шафаў дэмісезонныя паліто і курткі, абулі лёгкія боцікі ці нават туфлі.  Вяснушкі на насах (вельмі модная сёння акалічнасць), какетлівыя грыўкі. Прыбавілася смеху на вуліцах, птушынага і дзіцячага  шчабятання, на асфальце і сухой зямлі дзяўчынкі намалявалі класікі… А за вясковай аколіцай лічы  паўсюдна гудуць трактары – пасяўная. І гэта таксама пераканаўчыя прыкметы вясны.
А цяпер пра больш празаічныя. Сонейка кінула ў вочы і зусім іншыя карціны. Горы смецця ля агароджаў, мінулагоднія «сховы» непатрэбшчыны, брудныя абгорткі, пластыкавыя бутэлькі, паўгнілое леташняе пустазелле… Самы час усё гэта ліквідаваць, паклапаціцца пра парадак. Па сезонным раскладзе – пара закасаць рукавы. Таму што вясна, і хутка Вялікдзень, потым Май. Таму што ў добрых гаспадароў генеральная ўборка не адкладваецца на потым. Таму што час памыць вокны і ўпусціць сонечныя зайчыкі на квадратныя метры жылля, офісаў і ўсіх-усіх будынкаў.
Вітаміны радасці выпрацоўваюцца пад уздзеяннем вясны і адчування сябе ў яе інтэр’еры. Не пабочнай асобай, не назіральнікам, а ўдзельнікам. Чуеце, удзельнікі вясны?! Такое вось запрашэнне да маршруту ад жаданага да спраўджанага, ад усведамлення «трэба» да здзейсненага «зроблена». Гэта мы можам. І, зрэшты, абавязаны.
На Брэстчыне пачаўся месячнік па добраўпарадкаванні. Работы хопіць усім, таму што клопату нашых рук, нераўнадушнасці патрабуюць не толькі вуліцы, скверы, двары шматпавярховікаў і асабістых дамоў, але палосы насаджэнняў уздоўж дарог, прыбярэжжы, зоны адпачынку, лясы. І замацаваныя за працоўнымі калектывамі «падшэфныя ўчасткі» чакаюць касметычных мерапрыемстваў. А яшчэ трэба з усёй сардэчнасцю і абавязкам памяці пашчыраваць ля святых месцаў – навесці парадак ля брацкіх магіл, помнікаў загінуўшым у час Вялікай Айчыннай вайны героям, наогул, на тэрыторыі смутку – на могілках. Тым больш, што ўсяго месяц застаецца да Радаўніцы.
Каб выраслі кветкі – іх трэба пасадзіць. Каб дысанансам з прыгожым і дагледжаным не ўспрымалася, напрыклад, вонкавая, што глядзіць на вуліцу Савецкая,  сцяна магазіна «Кааператар», яе варта было хаця б падфарбаваць. Каб пустуючыя будынкі, у тым ліку  ў цэнтры нашага горада (па вуліцы 17-га Верасня, 7), а таксама па іншых адрасах не мазолілі вочы сваім заняпадным станам, гаспадары проста абавязаны паклапаціцца пра гэта.
Само сабой нічога не робіцца, хіба што пустазелле расце па ўласнай ініцыятыве. Давядзецца несанкцыянаваныя сметнікі, у якіх, дарэчы, ёсць свае «аўтары», ліквідаваць, і шмат куды яшчэ прыкласці сілы, патраціць час. Але парадак таго варты.
Наш маленькі гарадок за апошнія гады двойчы адзначаўся ў рэспубліцы як адзін з лепшых па добраўпарадкаванні. І гэта вынік намаганняў не толькі адпаведных службаў,  улады, але і ўсіх ляхавічан. Мяркую, мы ў стане забяспечыць працяг – і ў райцэнтры, і ў аграгарадках, і ў вялікіх і маленькіх вёсках нашага раёна. Калі зноў возьмемся  за гэта ўсе разам.
Вольга БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *