Кожнаму – па працы. Дзяржава дапаможа, але ў першую чаргу сам беспрацоўны павінен стаць для сябе цэнтрам занятасці

Пошук работы – няпростая работа.    І чаму б, дзеля рэзультатыўнасці, саіскальніку  некалькі не прытупіць амбіцыі ў плане патрабаванняў высокааплатнасці, прэстыжнасці і г.д? Аб’ектыўна і ва ўзаемапараўнанні глянуць на сябе і на рынак вакансій?
Банк раённай біржы працы, як нярэдка можна пачуць у адрас сектара занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, фарміруецца прыкладна з васьмі дзясяткаў вакансій. Прыкладнасць у тым, што, як растлумачыла загадчыца сектара Ірына Пабягайла, лічба гэта “жывая” і канстантай не з’яўляецца. Абмен інфармацыяй з прадпрыемствамі, арганізацыямі, установамі раёна ўсіх формаў уласнасці, іпэшнікамі адбываецца ледзь не ў рэжыме анлайн. Адны працоўныя месцы закрываюцца, іншыя становяцца актуальнымі. Адпаведна ўносяцца карэкціроўкі ў плэй-ліст “Запрашаем на    работу”.
Характэрнай рысай апошніх месяцаў можна лічыць той факт, што прапаноў аб працаўладкаванні ў раёне стала адчувальна больш, хаця зусім яшчэ нядаўна пералік незанятых працоўных месцаў не часта выходзіў за два-тры дзясяткі.
Між радкоў, сітуацыю з павелічэннем колькасці прапаноў на працаўладкаванне можна і важна ацаніць таксама і з пункту гледжання агульнай эканомікі. Ацаніць станоўча, паколькі рост запатрабаванасці ў вытворчых кадрах прадпрыемства, горада, раёна, рэгіёна знаходзіцца ў прамой залежнасці з эфектыўнасцю работы. З нарошчваннем вытворчых аб’ёмаў, асваеннем новых відаў прадукцыі, пашырэннем і дыверсіфікацыяй рынкаў і пляцовак збыту – прадпрыемствам, рэгіёнам, горадам, раёнам. Калі так, то ў гэтым лёгка разглядзець   добры макраэканамічны знак, здаровую тэндэнцыю.
Што прапануюць работадаўцы, каго гатовы прыняць у свой працоўны калектыў, зрабіць калегам? Запатрабаванасць устаноў аховы здароўя ў медыцынскіх   кадрах не знята і зараз. У раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі адкрытымі застаюцца вакансіі фельчараў – валеолага і лабаранта, у абласной псіхіятрычнай бальніцы ”Крывошын” – урачоў шэрага спецыяльнасцяў, медсястры, інструктара лячэбнай фізічнай культуры. Аднаго спецыяліста гатовы заняць на паўтары стаўкі, іншых на стаўку, для некаторых катэгорый саіскальнікаў працы прапануецца падпрацоўка ў рэжыме чвэрцьдзённай занятасці.
На момант падрыхтоўкі матэрыялу даволі сур’ёзны штатны недакамплект адчувала раённая клубная сістэма аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. На работу ў рэжыме няпоўнай занятасці патрабуюцца метадыст, акампаніятар, мастацкі кіраўнік, кіраўнікі калектываў і ансамбля. Маеце жаданне, валодаеце неабходным талентам і іншымі неабходнымі якасцямі? Калі ласка, пасада адкрыта ў Адахаўшчынскім сельскім Доме культуры.
У тройцы найбольш дэфіцытных, мяркуючы па іх запатрабаванасці на рынку працы, знаходзяцца спецыялісты інжынернага профілю, механікі, праграмісты, энергетык і іншыя. Работнікам з тэхнічнай адукацыяй будуць рады, напрыклад, у лясгасе, дзе незанятымі з’яўляюцца некалькі пасад названага профілю, у тым ліку – кіраўніка інжынернай службы.
ТАА “Ажуруна” патрабуюцца швачкі. Параўнальна нядаўна на базе прадпрыемства за кошт сродкаў абласнога пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны было арганізавана навучанне па гэтай спецыяльнасці жадаючых з ліку беспрацоўных жыхароў горада і раёна. Як расказала Ірына Пабягайла, фарміраванне групы ішло не гладка, чаргі прэтэндэнтаў авалодаць запатрабаванай прафесіяй не было. Тым не менш, набралі, навучылі, выпусцілі. Аднак праблему з кадрамі на “Ажуруне” гэта не вырашыла: прадпрыемства і сёння гатова працаўладкаваць аж 10 чалавек.
Да ў некаторым сэнсе эксклюзіўных можна аднесці спецыяльнасці машыніста     цеплавоза – у такім прафесіянале зацікаўлены наш торфабрыкетны завод, заліўшчыка металу і плавільшчыка металу і сплаваў, якіх гатовы аформіць на работу ў ТАА “ТМТ”.
Рынак працы раёна выказвае патрэбу ў бухгалтарах, эканамістах, прадаўцах, трактарыстах, вадзіцелях аўтамабіля, слесарах, газаэлектразваршчыках і некаторых іншых работніках. Але ў вельмі абмежаванай колькасці – адна-дзве вакансіі, згодна з афіцыйнымі “біржавымі” данымі.
Ні адной прапановы для грузчыкаў, прыбіральшчыц, падсобных рабочых, рознарабочых.  Толькі ў аўтацэнтры “Вікторыя” маюць магчымасць даць рабочае месца вартаўніку.
– Такога кшталту вакансіі, калі яны адкрываюцца, разлятаюцца з маланкавай хуткасцю. Хоць кастынг з прэтэндэнтамі праводзь. Сёння прадпрыемствам і арганізацыям патрабуюцца работнікі-прафесіяналы – спецыялісты з адукацыяй, кваліфікаваныя рабочыя, служачыя. А прыходзяць усё больш тыя, у каго ні першага, ні другога. Нярэдка са стажам, але не работы, а беспрацоўя. З зарэгістраваных у нас па стане на 15 сакавіка 110 беспрацоўных, уладальнікамі дыплома аб вышэйшай адукацыі з’яўляюцца шасцёра. Затое кожны дзясяты наш беспрацоўны далей базавай школы спасцігаць навуку не стаў, на гэтым і спыніўся, – у тым ліку такую партрэтную рысу сярэдняга ляхавіцкага беспрацоўнага адзначае Ірына Пабягайла.
У той дзень перад дзвярамі сектара занятасці быў аншлаг. Больш мужчын сярэдняга ўзросту. Некалькі чалавек сядзелі на спецыяльна прыстаўленых тут крэслах, некаторыя час у чарзе на прыём да спецыялістаў бавілі ў ціхай размове. Аляксандр (так адрэкамендаваўся адзін з мужчын)  знаёміўся з выкладзенымі тут паперамі: спіс вакансій, прапановы аб праходжанні курсавога навучання па шэрагу прафесій і іншае.
– Мінут пяць, як прыехаў. Бачу, што на прыём сёння трапіць ужо не атрымаецца – аўтобус дамоў адыходзіць крыху больш як праз гадзіну. Пагляджу, што з прапанаванага спіса вакансій падыходзіць мне, каб заўтра ці калі пазней прыехаць ужо з веданнем сітуацыі. Ёсць правы шафёра, але даўно адсутнічае практыка работы па гэтай спецыяльнасці. Апошнія больш за дзясятак гадоў “ездзіў” па Расіі. Працаваў у асноўным на будоўлях,  укладваў дарожную плітку. Надакучыла быць увесь час па-за домам. Заробкі істотна зменшыліся, умовы пражывання, як правіла, не лепшыя. Ды і колькі можна,             хочацца нейкага пастаянства, – адрапартаваў “расіянін са стажам”, як сам сябе назваў Аляксандр.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

9 сакавіка на нарадзе аб актуальных пытаннях развіцця краіны Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ва ўвязцы з рэалізацыяй нормаў Дэкрэта № 3 паставіў задачу па працаўладкаванні да 1 мая ўсіх беспрацоўных. «Але людзі павінны разумець, што яны, перш за ўсё, павінны шукаць сабе работу. А мы ім павінны дапамагчы. Да 1 мая ўсе павінны быць працаўладкаваны», – даручыў Кіраўнік дзяржавы.
Кірмашы вакансій праходзяць гэтымі днямі па ўсёй краіне. На мінулым тыдні адзін з іх разгарнуўся ў Брэсце: ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне гарвыканкама запрасілі патэнцыяльных наймальнікаў, якія прадстаўлялі швейную галіну, і беспрацоўных швачак, а таксама тых, хто мае жаданне атрымаць такую прафесію. Падобныя сустрэчы запланаваны  і для прадстаўнікоў іншых галін.
30 сакавіка, кірмаш вакансій пройдзе і ў нашым раёне. Усіх жадаючых яго арганізатары запрашаюць у гарадскі Дом культуры ў 11.00.

Кансультацыю праводзіць галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Раманчук.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *