У новым статусе

На чарговы справаздачны сход, які адбыўся ў мінулую пятніцу ў Навасёлкаўскім фізкультурна-аздараўленчым комплексе, працаўнікі  “Шляху новага” – аднаго з буйнейшых аграпрадпрыемстваў раёна – спяшаліся ў новым статусе. Цяпер яны акцыянеры. Летась 29 снежня СВК стаў адкрытым акцыянерным таварыствам.

Выконваючы абавязкі дырэктара ААТ “Шлях новы” Віталій Кульбіцкі на гэтай пасадзе некалькі дзён, але ў калектыве далёка не навічок: працяглы час  быў намеснікам старшыні сельгаскааператыва. Менавіта ён і трымаў справаздачу па выніках работы за  мінулы год.
База ў таварыства салідная: 10243 гектары сельгасугоддзяў,  8535 галоў буйной рагатай жывёлы, больш за 100 адзінак тэхнікі. І з гэтым усім спраўляюцца паўтысячы тутэйшых працаўнікоў. Іх сярэднямесячная зарплата летась склала 579 рублёў.
У раслінаводстве  “Шлях новы” заўжды быў на моцных пазіцыях. І хаця ў 2016 годзе  ўраджайнасць збожжавых, адпаведна і валавы збор, меншыя, чым пазалетась, гаспадарка выканала дзяржзаказ, задаволіла ўласныя патрэбы, а кожнаму работніку бясплатна  выдадзена па тоне зерня.
Няпоўныя 19000 тон супраць запланаваных   29000 – такі ўраджай яшчэ адной стратэгічнай культуры – цукровых буракоў – атрымала гаспадарка летась.  Патэнцыял высокіх ураджаяў салодкага кораня – у захаванні агратэхналогіі, своечасовым і поўным унясенні ўдабрэнняў, падкормцы мікраэлементамі. Наогул, паляпшэнне ўрадлівасці глебы – тое, над чым і патрэбна працаваць.
Добрую адзнаку  вяскоўцы атрымалі за нарыхтоўку кармоў.  На зімоўку 2016-2017 было назапашана 1387 тон сена, 12340 тон сенажу, 39776 тон сіласу, на ўмоўную галаву жывёлы – 31,9 цэнтнера кармавых адзінак травяных кармоў.  Гэта дазволіла без праблем  правесці стойлавы перыяд.  Кіраўнік  таварыства агучыў задачу на бягучы год:  павялічыць кармавую базу  пры яе належнай якасці (для паляпшэння ў севазварот плануецца ўключыць новыя культуры, якія  вызначаюцца больш значным утрыманнем бялку, танней па сабекошце вытворчасці, чым кукуруза на сілас). Менавіта ад гэтага ў многім будуць залежаць эканамічныя паказчыкі малочнай і мясной  галін жывёлагадоўлі.
У рублёвым эквіваленце вынікі раслінаводства  “Шляху новага” наступныя:  выручка ад рэалізацыі прадукцыі на 65000 рублёў перавысіла пазалеташнюю. На 100000 рублёў большы і агульны прыбытак, рэнтабельнасць вытворчасці склала 42,2 працэнта (38,1 – пазалетась).
На агульны вынік працавалі ўсе, майстар-клас на сваіх участках паказвалі  Яўгеній Карпейчык, Аляксандр Пажога, Людвіка Піліпчык, Аляксандр Станчык, Генадзій Місько, Вадзім Якубовіч, Міхаіл Банкевіч, Валерый Кісялевіч, Дзмітрый Анціпенка, Уладзімір Пабягайла.
– Неабходна прыкласці ўсе намаганні, каб дабіцца  істотнага прарыву ў жывёлагадоўлі.  Павелічэнне вытворчасці прадукцыі, паляпшэнне таварнасці малака – адна з галоўных крыніц даходаў сельгаспрадпрыемства, а значыць, і дабрабыту кожнага працаўніка. На гэта павінны працаваць энергетычная, інжынерная, агранамічная, ветэрынарная і заатэхнічная службы, – падкрэсліў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Вашчук, які прыняў удзел у рабоце сходу.  Дарэчы, Аляксандр Мікалаевіч не адзін год узначальваў СВК “Шлях новы”, таму  не па словах ведае патэнцыял гэтай гаспадаркі.
Малочная галіна цяпер дае 52 працэнты  агульнага аб’ёму выручкі ад рэалізацыі ўласнай прадукцыі. За мінулы год валавая вытворчасць малака склала 103 працэнты да пазалеташняга ўзроўню, у сярэднім ад кожнай каровы надоена 4632 кілаграмы малака – на 135  больш. Але рэзервы для росту, безумоўна,  ёсць. 72 працэнты атрыманага малака прададзена на малочны завод гатункамі вышэйшы і экстра, а 2759 тон – першым.  Па прычыне апошняга  ААТ недаатрымала 7400 рублёў.
–Неадназначным выглядае становішча і ў мясной жывёлагадоўлі.  Па выніках мінулага года маем 538 грамаў сярэднясутачных прываг кожнай галавы замест як мінімум 620 грамаў.  Недаатрымалі ў агульную касу з-за гэтага 52000 рублеў, – канстатаваў Віталій Кульбіцкі.
Актуальным застаецца  пытанне аднаўлення статка. Ёсць над чым працаваць заатэхнічнай службе.
Напрыканцы мінулага года пачаў функцыянаваць першы кароўнік  МТФ “Сакуны”.  Сёлета плануецца будаўніцтва другога. Словы ўдзячнасці за работу былі адрасаваны  лепшым жывёлаводам: Ірыне Камінскай, Валянціне Курловіч, Наталлі Махнач,Таццяне Шустал, Алене Зубальскай, Людміле Калацкай, Вользе Станчык, Валянціне Сідор, Іне Палтаўцавай, Святлане Цыкман.
Віталій Кульбіцкі аб’ектыўна ацаніў сітуацыю: сёння нельга працаваць, як учора. Важна  выпускаць не проста прадукцыю, а якасную, зніжаючы пры гэтым яе сабекошт. Тут адыграюць сур’ёзную ролю эканомія і беражлівасць, гаспадарскі падыход у кожнай галіне, на кожным працоўным месцы.
Акцыянеры прагаласавалі па ўсіх вынесеных на парадак  дня сходу пытаннях. Абраны назіральны савет і рэвізійная камісія.
На сходзе прыняты змяненні і дапаўненні ў калектыўны дагавор.  Старшыня прафкама “Шляху новага” Аляксандр Кур’ян уручыў падзячныя пісьмы райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу  за высокія паказчыкі ў рабоце  аператарам машыннага даення  МТФ “Зубелевічы” Валянціне Зейналавай і “Галавачы” – Алене Зубальскай, якія паспяхова ўдзельнічалі ў акцыі “Наш жывёлавод”, ініцыяванай райкамам прафсаюза работнікаў АПК.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *