Вясенні гоман усё ярчэй. Палявыя работы набіраюць тэмп. І ў ”Начы” на парадку дня – аптымальныя тэрміны іх правядзення і якасць

Вясна гэтага года заявіла пра сябе рана. Здавалася, што безальтэрнатыўна, і чым далей, тым больш рашуча яна будзе браць кіраванне ў свае рукі. Але сакавік адметны яшчэ і сваім непастаянствам. Зменлівасць сакавіцкага надвор’я хутчэй норма, чым выключэнне з правіл. Перыядычныя дажджы  не дазваляюць “разагнаць” вяскоўцам веснавыя палявыя работы. Праязджаючы побач з яравымі палеткамі, не-не, ды і звяртаеш увагу на невялікія паніжаныя ўчасткі, штурмаваць якія пасяўныя агрэгаты не рызыкнулі  з прычыны пераўвільготненасці. Абышлі, пакінулі, каб вярнуцца пазней. Варыянт не ідэальны, але і чакаць нечага блізкага да ідыліі няма часу. Думай, аграрый, шукай тую самую залатую сярэдзіну.
На гэтым тыдні гоман на сельскагаспадарчых палетках раёна стаў больш гучным, фактычна, усеахопным. У тым сэнсе, што за адзінкавым выключэннем пасяўную баразну праклалі ва ўсіх гаспадарках, прыкладна па сотні гектараў у кожнай, і пасяўны клін раёна складае ўжо ў межах тысячы гектараў. Павялічыліся тэмпы: калі зусім яшчэ нядаўна дзённы прырост вызначалі дзясяткі гектараў, то апошнімі днямі лік пайшоў на сціплыя, але сотні.
Дзяржпрадпрыемства “Нача”, па словах яго дырэктара Мікалая Тарлюка, “увайшла” ў пасяўную некалькі дзён назад. Лішнім будзе гаварыць пра найбольш высокія ўчасткі палёў, што былі задзейнічаны ў першую чаргу, і пра авёс, які традыцыйна і паўсюдна выступае ў ролі культуры-першаадкрывальніка. Далей – ячмень, іншыя раннія збожжавыя і зернебабовыя. Клін сельгаскультур ранняй групы ў гаспадарцы сёлета 400 гектараў. І калі не здарыцца форс-мажору ў выглядзе, напрыклад, нелаяльнасці надвор’я, ніякіх перашкод справіцца з пасяўной у патрэбныя тэрміны і з выверанай якасцю ў ”Начы” не бачаць. Палівам гаспадарка забяспечана нават больш, чым пад усю раннепасяўную кампанію. Назапашана насенне, падрыхтаваны і адладжаны тэхнічны складнік яравой кампаніі, людзі гатовы працаваць у сугуччы з законамі сельскагаспадарчай   вясны – звышурочна і звышадказна.
Начаўскі яравы клін, канешне, не абмяжоўваецца  культурамі ранняй пасяўной групы. З прыходам устойліва высокага тэмпературнага плюса, з выспяваннем да неабходнага градуса глебы на сцэну выйдуць больш далікатныя і патрабавальныя ў плане цяпла расліны. У іх ліку кукуруза, палі  пад якую ўгнойваюцца ў чаканні  плуга, тое ж – бульбяныя палеткі.
Пры ўсім гэтым вялікім возе і маленькім вазку клопатаў у “Начы” актыўна працуюць з азімымі, травамі, пашай.
Вясенні гоман усё ярчэй.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *