Ля Шчары-ракі зямля хлебная

Невялікая гаспадарка – усяго на 1800 гектараў ворыва. Тым больш яна выклікае да сябе інтарэс: стабільна высокія ўраджаі зерневых культур, добрыя надоі дае грамадскі статак. І прырода не паскупілася на краявіды, падарыла мясцовым жыхарам прыгожыя мясціны: лясы, палі, пералескі, пясчаныя берагі Шчары, сакавітыя лугі ў белых рамонках і блакітных званочках…

Старшыня СВК ”Дарава” Уладзімір Пятроўскі любіць тутэйшыя мясціны. Аб’ехаў паўсвету з дэлегацыямі калег-аграрыяў, любаваўся і замежнымі прасторамі, а  вяртаўся дамоў і чарговы раз  пераконваўся, што няма нідзе зямлі прыгажэй і даражэй сэрцу.

Вызначае СВК “Дарава” і геаграфічнае становішча. Размешчана гаспадарка абапал дарогі рэспубліканскага значэння: 10 хвілін – і ты ў Баранавічах, паедзеш у супрацьлеглым напрамку – акажашся ў Ляхавічах. Уладзімір Віктаравіч бачыць у гэтым і выгаду, і праблему. З аднаго боку, вельмі зручна вяскоўцам: задумалі зрабіць пакупкі – у горадзе заўсёды выбар большы. З другога – вырысоўваецца сітуацыя, калі чалавек 300, а то і больш, жывуць на тэрыторыі сельгаспрадпрыемства, а працуюць у гарадах. Супрацьлеглая з’ява – рэдкасць, бо многіх задавальняе жыццёвы ўклад, калі адпрацаваў змену і адпачывай сабе. Але ж хлебароб і называецца гэтым гучным словам таму, што ён адданы зямлі, шчыруе на ёй і зімой, і летам, і ў будныя дні, і ў святы. І дзякуй яму, бо ён корміць і таго суседа-гараджаніна, які пасля змены адпачывае.

Свая філасофія жыцця, між іншым, у кожнага чалавека. Напрыклад, механізатар Анатоль Варановіч не ўяўляе іншым свайго лёсу. Вырас у сям’і, дзе шанавалі хлебаробскую справу, і гэта вызначыла яго далейшы шлях. Стаў механізатарам: за сваё жыццё ці не ўсё поле пераараў у гаспадарцы, а колькі ўбрана гектараў хлебнай нівы і намалочана зерня! Сёння ўжо на пенсіі, але па-ранейшаму на яго разлічваюць у сельгаскааператыве, і ён не падводзіць. Надзейны чалавек і Сяргей Пашко, які таксама з атрада вопытных механізатараў,  заўсёды гатовы дапамагчы роднай гаспадарцы. Нягледзячы на ўзрост, не пакідае працу лабаранта малочнатаварнай фермы Станіслава Пятрушка, калі трэба – выходзіць на палявыя работы Валянціна Расткова ды і многія іншыя пенсіянеры ў выпадку неабходнасці прыходзяць на дапамогу.

Пад іх непасрэдным уплывам сфарміравалася і сучасная асноўная сіла калектыву – меха-нізатары, паляводы, жывёлаводы. Людзі, якія тут працуюць, ніколі не падвядуць: тэхнік асемянатар Фёдар Цэбрук, слесар па абслугоўванні малочнага абсталявання Аляксей Мажэйка, механізатары Васілій Цыкман, Іван Някрута, Уладзімір Сафонаў, Аляксандр Хамутоў, Іван Касмовіч, Яўгеній Сафонаў, Віктар Сафонаў, прараб Мікалай Скляр, загадчык склада Святаслаў Знавец, кладаўшчык Вольга Занько, галоўны энергетык Юрый Касцюкевіч.

Сёлета ўбіралі хлеб 5 экіпажаў камбайнераў. Асабліва стараліся Юрый Самойленка, Аляксандр Лазовік, на адвозцы зерня шчыравалі вадзіцелі Дзмітрый Хамутоў, Уладзімір Дрэка. Усе стараліся вырашчанае ўбраць і не дапусціць страт. Кантралявалі работу тэхнікі галоўны інжынер Віталій Козел, загадчык мехмайстэрні Эрык Рахматулін. Дарэчы, гэта маладое папаўненне спецыялістаў, як і радавых работнікаў. Прыйшлі ў гаспадарку Юрый Курылік, вадзіцель Андрэй Аляшкевіч, тэхнік-электрык Аляксандр Гарэльскі.

Яшчэ дзесяцігоддзе таму намалоты ў 47 цэнтнераў з гектара здаліся б тут рэкорднымі, а сёння хлебаробы не надта задаволены вынікамі  – летась ураджайнасць зерневых была большай. І агранамічная служба, якую ўзначальвае Іван Захар’ян, аналізуе, супастаўляе, падлічвае. У наступным годзе плануюць да-біцца большага. Вядома, што хлебароб заўсёды рызыкуе: не прайшоў дождж, у лагчыне падмарозіла, на ўзгорку выгарала… Але ж дакладнае захаванне агратэхналогіі працуе на плюс. Дала пшаніца на ўчастку  45 гектараў ураджайнасць каля 60 цэнтнераў – значыць, заўсёды ёсць шанц мець багаты намалот. Добрым удаўся лён, ва ўсякім разе сёлета яго вырошчванне не бу-дзе стратным для гаспадаркі. Урадзілі бульба, кукуруза, значыць, удосталь назапасіцца кармоў для малочнага статка. Кармавая база, наогул, сёлета будзе багатай. На яе падрыхтоўцы з вясны шчыравалі Валерый Занько, Васілій Цыкман, Аляксандр Лазовік і іншыя механізатары.

Ёсць кармы – будзе і малако. У гэтыя восеньскія дні ад кожнай дараўскай каровы надойваюць па 14 літраў малака. Пяцідзёнка – і на рахунак гаспадаркі пералічваецца каля 40 мільёнаў рублёў за пастаўляемыя прыкладна 30 тон малака вышэйшага гатунку. Гэта заслуга найперш 16-ці даярак Літоўскай малочнатаварнай фермы. Як у любым калектыве, тут ёсць свае лідары. Высокіх надояў дабіваюцца Ала Каласоўская, Марыя Марчык, Наталля Хамутова, Марыя Хамутова, Людміла Прыступа, Людміла Мітрохіна, Ядвіга Цыкман, Кацярына Капко, Марыя Віктаровіч, Ганна Кучура, Ірына Буйкевіч, Ганна Марчык і іншыя. Аднак, працуюць на малако не толькі тут. Надоі – гэта вынік работы і ветэрынарнай і заатэхнічнай службаў, з якімі працуюць спецыялісты Генадзій Сычэўскі і Іван Русін, заатэхнік-селекцыянер Эвеліна Аляшкевіч. Увага –  аднаўленню статка. На ферме ў Малым Падлессі ўтрымліваецца 400  цялушак, якія неўзабаве зоймуць месца ў кароўніках. Іх старанна даглядаюць усяго 2 работнікі – Людміла Савось і Мікалай Навікевіч. Адказна выконваюць свае абавязкі  пастухі Уладзімір Бусько, Вікенцій Палонскі, жывёлавод Канстанцін Прыступа, цялятніцы Святлана Цыкман, Галіна Скляр.

Ёсць у гаспадарцы і ферма па адкорме БРЖ, дзе працуюць даглядчык Іван Сакун, загадчыца фермы Кацярына Гладкая, ветфельчар Таццяна Навікевіч. Тут утрымліваюць 350 бычкоў.  Пастаўкі  на мясакамбінат – зноў прыбытак у скарбонку сельгаскааператыва. Між іншым, у жывёлагадоўлі многія працэсы механізаваны, у прыватнасці, падрыхтоўка і раздача кармоў робіцца пры дапамозе двух механізмаў “Хозяин”, з якімі працуюць Юрый Грыгаровіч і Вадзім Мышкавец, а на пагрузчыках – Вячаслаў Тоўт і Аляксандр Лазовік.

У СВК “Дарава” ва ўсіх галінах вытворчасці, па магчымасці, укараняюцца новыя тэхналогіі, набываецца сучасная тэхніка. Машынна-трактарны парк гаспадаркі штогод папаўняецца высокапрадукцыйнымі механізмамі. У планах пры першай жа магчымасці набыць новы зернеўборачны камбайн (ён будзе шостым па ліку), трактар МТЗ 30-22 (ёсць пакуль 16), дастаткова аўтамабіляў, ёсць пагрузчыкі, экскаватар. Але самая запаветная мара ў старшыні гаспадаркі і жывёлаводаў – пабудаваць у Літве новую малочнатаварную ферму, дзе можна будзе працаваць па сучасных тэхналогіях.

Сённяшняя вытворчасць і вёскі СВК ”Дарава” – у многім прыклад сучаснага жыцця. Нельга не звярнуць увагу на мікрараён вёскі Літва, вуліцы якога ўтвораны прыгожымі катэджамі – ладнымі на выгляд і камфортнымі для пражывання. Гаспадараць у іх  механізатары, хлебаробы, жывёлаводы. У сельгаскааператыве няма чаргі на жыллё. Але будавацца вёска будзе і далей – для маладой змены хлебаробаў, якія пажадаюць тут пусціць свае карані. І, напэўна, не пашкадуе той, хто прыйдзе ў СВК “Дарава” працаваць механізатарам. Добрым працаўнікам гарантуецца і добры заробак.

Аліна ЛАПІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *