Як па масле

Вытворца казеіну СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» Наталля Пабягайла.

Прадаваць нават якасны тавар ва ўмовах высокай канкурэнцыі зусім няпроста. Асабліва калі размова пра экспарт. Тым больш – экспарт малочнай прадукцыі ў Расійскую Федэрацыю.

Але, як пацвярджае шматгадовая практыка СААТ “Ляхавіцкі малочны завод”, і гэта можна рабіць стабільна паспяхова. За мінулы год невялікае па мерках перапрацоўшчыкаў прадпрыемства адправіла расійскім спажыўцам сваёй прадукцыі прыкладна на 4 мільёны долараў – палову ад агульнага аб’ёму заводскага экспарту.
Сметанковае масла, вяршкі, казеін – у экспартным пераліку пунктаў няшмат, затое асартымент вывераны, надзейны, запатрабаваны і ацэнены пакупнікамі. “Ляхавічок” даехаў да Урала і нават далей. Па малочных машрутах можна няблага вывучыць геаграфію краіны-суседкі: Масква і вобласць, Санкт-Пецярбург, Разань і Вязьма, Валагодская і Тульская вобласці, Стаўраполле і Белгародчына, Ніжні Ноўгарад і Краснадарскі край, Удмурція і Пскоўская вобласць… Былі пастаўкі нават у Хабараўскі край!
Супрацоўніцтва прадпрыемства з расійскімі партнёрамі развіваецца, набірае тэмпы. Ужо сёлета з пачатку года расіяне купілі прадукцыі завода на 2 мільёны долараў. Зараз, акрамя іншага, прапрацоўваецца пытанне пашырэння асартыменту продажаў: магчыма, у ім з’явіцца і вадкі канцэнтрат сыроваткі.
З фірменнага рэцэпта, як заставацца на экспартным плаву, дырэктар прадпрыемства Вячаслаў Жукоўскі сакрэта не робіць: прадукцыя павінна быць якаснай, а адносіны да партнёраў –прыстойнымі і сумленнымі. Бездакорная дзелавая рэпутацыя –  сур’ёзны і ў многіх выпадках вырашальны плюс на карысць ляхавіцкіх малочнікаў.
–  Найлепшая і самая эфектыўная рэклама – меркаванне таго, хто пакаштаваў прадукцыю. Калі спадабалася – стане пастаянным пакупніком, будзе рэкамендаваць сваякам, сябрам. Мы гэта разумеем і стараемся адпавядаць, трымаць марку, – сцвярджае дырэктар.
Яшчэ адзін крок насустрач расійскаму пакупніку – удзел у міжнароднай выставе “Прадэкспа” ў Маскве і конкурсе-дэгустацыі “Лепшы смак”. Падчас апошняга спажыўцы (пераважна масквічы) сярод аналагічнай прадукцыі аддалі першыя месцы ляхавіцкай 26-працэнтнай смятане і абястлушчанаму ёгурту з напаўняльнікам “персік”, а трэція месцы – узбітаму тварожнаму крэму і сметанковаму маслу тлустасцю 72,5 працэнта. Што і казаць – красамоўна.
Але толькі экспартам супрацоўніцтва прадпрыемства з расійскімі рэгіёнамі не абмяжоўваецца. Як расказала намеснік дырэктара СААТ Галіна Шастак, летась завадчане з вялікім прафесійным інтарэсам вывучалі вопыт работы Валагодскага малочнага камбіната і вучэбна-доследнага малочнага завода імя Верашчагіна (яго спецыялісты лічаць унікальным з-за ўкаранення апошніх навуковых распрацовак). Інтарэс, трэба сказаць, не толькі прафесійны, але і практычны: прадукцыю новага маслацэха, што будуецца на нашым прадпрыемстве, збіраюцца па максімуму наблізіць па смаку да знакамітага валагодскага масла. Хутка пакаштуем!
Святлана БЕЛЬМАЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *