Асаблівы погляд на свет. Дыягназ ”аўтызм” азначае: такому дзіцяці патрэбны асаблівыя ўвага, клопат, дапамога

Да ўсхваляваных дзіцячых галасоў далучаецца шчаслівы дарослы:   настаўнік-дэфектолаг Ляхавіцкага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Валянціна Гаўрыс радуецца чарговаму поспеху сваіх выхаванцаў. Яе акружылі непасрэдныя і  шчырыя чалавечкі, і кожны па-свойму імкнецца выканаць умовы гульні. Звычайнаму дзіцяці не ўяўляе цяжкасцяў паўтарыць прапанаваныя практыкаванні, а для хлопчыкаў і дзяўчынак з цяжкімі і множнымі парушэннямі развіцця кожная выкананая задача – дасягненне. Як і для тых, хто жыве з дыягназам “аўтызм”.
Вядучую ролю ў псіхічным развіцці дзяцей з аўтыстычнымі парушэннямі адыгрываюць навучанне і выхаванне. Правільна арганізаванае адукацыйнае асяроддзе  і адпавядаючая ўзроўню развіцця праграма навучання аказваюць на такіх рабят станоўчы ўплыў, падтрымліваюць і стымулююць працэс сацыялізацыі, уключэння ў жыццё. У  ЦКРНіР  функцыянуюць  спецыяльныя клас і дашкольная група (заняткі праходзяць на базе дзіцячага сада №1), дзе навучанне і выхаванне вядзецца  па  карэкцыйных праграмах.
Сёння ў класе  4 вучні, у групе – адзін. Педагогі-псіхолагі  Алена Кубіцель і Дар’я Жэрка дапамагаюць ім справіцца з хваляваннем і страхамі. Адначасова супрацоўнічаюць  з сям’ёй, навучаюць метадам выхавання асаблівага дзіцяці. Настаўнік-дэфектолаг Валянціна Гаўрыс і педагог Наталля Дылеўская  дапамагаюць выхаванцам у прамым сэнсе загаварыць, авалодаць вуснай і пісьмовай мовай, развіваюць пазнавальную дзейнасць.
Да кожнага дзіцяці – індывідуальны падыход. Яны засвойваюць асновы жыццядзейнасці, практычную матэматыку, займаюцца фізкультурай… Маці сямігадовага Вадзіма расказвае, што да наведвання садка сын не размаўляў зусім. За 2 гады навучання дасягнута нямала: паўтарае фразы,  умее лічыць, гуляе з дзецьмі. Раней, калі гучала музыка, – крычаў, затыкаў вушы,                                                                    зараз – слухае і прытанцоўвае.
Яны ўсе розныя, не падобныя адзін на аднаго.  Вадзік навядзе парадак – залюбуешся.  Сёма, напрыклад, майстарскі складвае з пазлаў карціны. Калі элемент згубіцца, беспамылкова вызначыць, з якога  той  набору. Андрэй выдатна лічыць, а для Антона любая галаваломка  – простая загадка. Ахвотна ўдзельнічаюць у разнастайных мерапрыемствах, у тым ліку спартыўных, конкурсах, дзе прадстаўляюць вырабы, зробленыя разам з бацькамі і педагогамі.
Два дзіцяці пасля ЦКРНіР  працягваюць навучанне ў СШ №1. З кожным індывідуальна працуюць настаўнікі.
– Прывітанне, – вымаўляе хлопчык, ад якога раней і слова было не пачуць. Няхай ён гаворыць не зусім выразна, але  для настаўнікаў гэта – вялікая радасць.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *