Аўтограф ад пісьменніка

Кніга становіцца не проста крыніцай ведаў, а эксклюзівам, калі яе падпісаў сам аўтар. 24 сакавіка папулярны беларускі дзіцячы пісьменнік Валерый  Кастручын пакінуў нямала незабыўных уражанняў і аўтографаў пры сустрэчы ў гарадскім Доме культуры з ляхавіцкімі  хлопчыкамі  і дзяўчынкамі. Рабяты засыпалі Валерыя Аркадзьевіча пытаннямі. Іх цікавіла, як нараджаюцца творы, якія сюжэты ўзяты з жыцця, а якія выдуманыя, хто стаў прататыпам літаратурных герояў. У аўтарскім багажы пісьменніка больш за  паўсотні  кніг: “Казка пра сома Сёму”, “Прыгоды ў Даліне Пяці Вятроў”, “Апошнi рыцар, цi Казкi жука-аленя”, “Лясныя акенцы”, “Зялёны сшытак” і многія  іншыя. Нядаўна  пісьменнік удастоены міжнароднай літаратурнай прэміі імя Віталія Біянкі, на якую прэтэндавалі больш за 500 работ з розных краін.
Аўтар па-майстэрску і з веданнем справы апісвае навакольны свет,  у якім заўсёды ёсць шанц сустрэцца з казкай. Пра што спявае шпак, чаму сароку называюць зладзейкай, як хітрае жабяня падманула вужа, дзе жывуць заяц Пулька і яго сябры, расказвае ў сваіх кнігах Валерый Кастручын.
Пачаткоўцы з задавальненнем  адправіліся ў завочнае падарожжа па рознакаляровых астравах, зазірнулі ў падводнае царства, пабывалі на жоўтай  рацэ… Расказ пісьменніка суправаджаўся пазнавальнай анімацыйнай прэзентацыяй, а таксама выставай кніг, якую падрыхтавалі супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі.
Паўтары гадзіны праляцелі незаўважна. На памяць пра сустрэчу госцю падарылі кнігу пра Ляхавічы і гліняны сувенір, зроблены мясцовым майстрам Аленай Базылевай.
Ад Валерыя Кастручына бібліятэцы – цудоўныя  кнігі, якія дапамогуць рабятам бліжэй пазнаёміцца з навакольным светам.
Наталля БАГДАНОВІЧ,
намеснік дырэктара Ляхавіцкай ЦБС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *