Палявая эліта «Ляхавіцкага»

Вось і  СВК “Ляхавіцкі” пачаў пасяўную. Тут могуць сабе дазволіць крыху пачакаць больш спрыяльнага часу: тэхніка падрыхтавана даўно і надзейна, паліва дастаткова, закуплена элітнае насенне для абнаўлення, механізатары – майстры сваёй справы.
– Чакалі, пакуль глеба стане ідэальнай, гатовай прыняць зерне. Тут спешка, як і прамаруджванне, недапушчальная. Неабходна, каб кінутае ў раллю насенне адчувала сябе камфортна, не мерзла, –  тлумачыць старшыня гаспадаркі Іван Вітко.
Сёлетняя веснавая сяўба ў пэўным сэнсе для Івана Аляксандравіча – першая: ён яе праводзіць у новым статусе – кіраўніка СВК.  Хаця на справе іх у працоўнай біяграфіі аднаго з прадстаўнікоў знакамітай аграрнай дынастыі Вітко не адзін дзясятак.
520 гектараў зерневых, у тым ліку 300 гектараў – ячменю, 30 – аўса,  190 гектараў зернебабовых – сёлетні пасяўны клін “Ляхавіцкага”.  Адсеяцца плануюць за 2 тыдні. Сярод галоўных дзеючых асоб пасяўной  – механізатар Леанід Пішч (на здымку).
З асаблівай павагай кіраўнік гаспадаркі гаворыць пра механізатараў Генадзія Граблюка і Леаніда Пішча, якія цяпер разам з тэхнікай, без перабольшвання, з’яўляюцца асноўнай сілай у гэтым важным аграрным працэсе.
Недалёка ад райцэнтра на ўчастку брыгады “Русінавічы” шчыруе “ДжонДзір” з сеялкай. За штурвалам Леанід Пішч, чый стаж у гаспадарцы – больш за 35 гадоў. Працавіты, адказны, ён выдатна валодае і пасяўной, і ўборачнай тэхнікай, каторы год значыцца сярод лепшых механізатараў раёна, з пашанай ставіцца да хлебаробскай справы.
– На гэтым полі сеяць адно задавальненне, ёсць дзе разгарнуцца, нарасціць тэмп. Пры такім раскладзе за дзень рэальна засеяць 30-40 гектараў, – адзначае механізатар.
У рабоце можа здарыцца ўсякае. Невялікі каменьчык здольны прыпыніць работу магутнай тэхнікі. Але якая б непаладка ні здарылася, на дапамогу спяшаецца мабільная рамонтная брыгада гаспадаркі. Усяго за дзясятак мінут газаэлектразваршчык Андрэй Асаскала справіўся з   пашкоджаннем сеялкі. І зноў “ДжонДзір” у рабоце.
– Прыгожыя азімыя ўзышлі – на радасць. Калі і яравыя будуць такімі ж,  можна спадзявацца на добры ўраджай, – разважае галоўны аграном “Ляхавіцкага” Аляксандр Шымкевіч.
З мінулага чацвярга ўсе гаспадаркі Ляхавіччыны прыступілі да веснавой сяўбы.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *