Слова пра маці з кніжных старонак

Ёсць на Беларусі своеасаблівае свята – Дзень маці, якое адзначаецца 14 кастрычніка. Гэты дзень прыпадае на Пакровы – сімвал таго, што святая Багародзіца бярэ пад свой покрыў усіх нас, захінаючы ад напасцяў і бедаў. Таксама нашы матулі  засцерагаюць нас ад усякай небяспекі, просяць у Бога долі і літасці для нас.

У сусветнай літаратуры і мастацтве вобраз маці не мінуў у сваёй творчасці ні адзін значны пісьменнік, мастак, кампазітар. Цёплыя словы ўдзячнасці за падараванае жыццё, за бяссонныя ночы, за турботы і клопат, за добрае сэрца і чулую душу гучаць са  старонак кнігі “Мама, маці, матуля…”. Тут сабраны лепшыя вершы, якія беларускія паэты прысвяцілі маці. Зборнік напоўнены самай высокай  паэзіяй пра дабрыню, самаахвярнасць і бескарыслівасць маці.

Псіхолагі, святары і жанчыны распавядаюць пра гэтую — самую адказную пасаду на Зямлі — у кнізе “Святасць мацярынства”. Найдаражэйшы на свеце чалавек – мама. Вуснамі дзяцей намаляваны вобраз роднага, блізкага, паважанага, самага неабходнага чалавека, які ўвасабляе чалавечую дабрыню, працавітасць, высакароднасць.

Сапраўдным дапамож-нікам для будучых маці з’яўляецца кніга М. Сурмач “Чаканне мацярынства”. Тут разглядаюцца пытанні сямейнай падрыхтоўкі да нараджэння дзіцяці.

Сама за сябе гаворыць назва выдання, аўтар якога –  В. Дуда “Здароўе     жанчыны – здароўе нацыі”.  У кнізе аналізуецца сучасная дэмаграфічная палітыка краіны, планаванне сям’і. Паказана роля жанчыны ў сям’і, сямейная гармонія і дысгармонія, канфліктныя і крызісныя сітуацыі ў сям’і. Нямала ўвагі ўдзяляецца пытанням развіцця арганізма ў падлеткавым узросце.

Мужчынскі погляд на жаночыя праблемы выкладзены ў кнізе В. Лебедзева “Стань шчаслівай”. Што гэта значыць – быць сучаснай, які шлюб больш трывалы: па каханні ці па разліку, “грамадзянскі” шлюб, ідэальны мужчына, жаночая адзінота, што перашка-        джае выйсці замуж, як выстаяць і зберагчы сямейны ачаг – не ўвесь пералік пытанняў, якія разглядае сучасны публіцыст і выдавец, галоўны рэдактар часопіса “Православная беседа” Валянцін  Лебедзеў.

Нам хочацца як мага больш ведаць пра знакамітых жанчын і іх блуканні па жыццёвых і творчых дарогах. Яны змаглі выстаяць у цяжкі для іх час, заявілі пра сябе ў поўны голас, заваявалі нашу любоў і павагу. Пра зорак кіно, эстрады, вядомых палітычных і грамадскіх  дзеячаў вы даведаецеся ад тэлевядучай  А. Пушкінай з кнігі “Жаночы погляд”. Тут вас здзівіць шчырасць прызнанняў А. Проклавай,  М. Арбатавай, Э. Быстрыцкай і іншых.

Пазнаёміцца з усёй гэтай літаратурай і іншымі кнігамі, шаноўныя чытачы, вы можаце ў цэнтральнай і сельскіх бібліятэках нашай сістэмы.

Фаіна ПАПКО,
бібліятэкар Ляхавіцкай цэнтральнай бібліятэкі

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *