Сесія паставіла адзнаку

Па выніках мінулага года  адзначаецца станоўчая тэндэнцыя па асноўных  паказчыках сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна.  Павялічыліся вытворчасць прамысловай прадукцыі, экспарт тавараў і паслуг, склалася станоўчае сальда знешняга гандлю, зменшыўся ўзровень зарэгістраванага беспрацоўя, ствараліся новыя працоўныя месцы. Разам з тым  зніжаны інвестыцыйная актыўнасць, аб’ём валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, зменшыліся абарот рознічнага гандлю, жыллёвага будаўніцтва. Усё гэта цесна ўзаемазвязана і ўплывае на ўзровень жыцця гараджан і вяскоўцаў, інтарэсы якіх прадстаўляюць народныя абраннікі.
Менавіта на гэтым на васямнаццатай сесіі раённага Савета дэпутатаў акцэнтаваў увагу яго старшыня Яўгеній Юрлевіч. Ён прааналізаваў дзейнасць дэпутацкага корпуса раёна за мінулы год, нагадаў, што за справаздачны перыяд адбылося 6 сесій райсавета, прынята 50 рашэнняў, якія датычацца розных сфер жыццядзейнасці раёна.
Атрымала працяг практыка выязных пасяджэнняў. У чэрвені мінулага года дэпутаты разглядалі пытанне аб рабоце Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа па грамадзянска-патрыятычным выхаванні навучэнцаў і азнаёміліся са створанымі ў ЛДАКу ўмовамі  для навучання і выхавання.
Час паказаў, што інфарматыўнай і выніковай формай работы з насельніцтвам з’яўляюцца Дні Савета. Кіраўніцтва раёна, дэпутаты і кіраўнікі раённых службаў, прадпрыемстваў і арганізацый наведваюць практычна ўсе сацыяльна значныя аб’екты таго ці іншага сельсавета, сустракаюцца з мясцовымі жыхарамі, цікавяцца іх праблемамі. Летась такая прадстаўнічая ”інспекцыя” пабывала ў Жарабковіцкім сельсавеце. Сёлета аналагічнае мерапрыемства запланавана ў Конькаўскім і Навасёлкаўскім сельсаветах.
Яўгеній Юрлевіч  расказаў пра  сумесную работу органаў выканаўчай улады і дэпутацкага корпуса раёна па вырашэнні праблемных пытанняў, якія ўздымаюцца ў зваротах грамадзян. Сельскія сходы, штомесячныя дні інфармавання, прыёмы грамадзян па асабістых пытаннях дапамагаюць быць у курсе надзённых праблем. Вывучэнне грамадскай думкі дазваляе больш аператыўна і аб’ектыўна вырашаць многія пытанні.
Старшыня райсавета праводзіць асабісты прыём грамадзян кожную трэцюю сераду месяца, рэгулярна сустракаецца з  працоўнымі калектывамі, выступае на сельскіх сходах, святах вёскі. Летась да яго з пытаннямі, якія датычацца  прыватызацыі жылля, рамонту дарог, навядзення парадку,  гандлёвага, медыцынскага абслугоўвання, пенсійнага забеспячэння, працаўладкавання, аптымізацыі ўстаноў адукацыі, культуры, звярнуліся 53 выбаршчыкі.
– З уласнага вопыту магу сказаць, што людзі лягчэй расказваюць пра свае праблемы не ў кабінеце, а, напрыклад, пры сустрэчы на месцах. Таму не прапускаю магчымасці выехаць у вёску, працоўны калектыў і пагаварыць, пацікавіцца, ці задаволены яны   работай тутэйшых паштальёнаў, сацыяльных работнікаў,  медыкаў, аўталаўкі, наколькі ўважліва ставяцца да надзённых пытанняў у сельвыканкамах і як іх вырашаюць, – падзяліўся  Яўгеній Юрлевіч.
У якасці станоўчага прыкладу старшыня  райсавета прыгадаў дэпутацкую дзейнасць Вячаслава Жукоўскага, Валерыя Равінскага, Уладзіміра Тадры, Мікалая Тарлюка, Юрыя Чаранкевіча і іншых.
Дзякуючы актыўнасці  народных абраннікаў рознага ўзроўню,  вырашаны многія пытанні добраўпарадкавання населеных пунктаў, ачысткі, падсыпкі дарог, зносу аварыйных дрэў, ліквідацыі стыхійных звалак.
Яўгеній Юрлевіч акцэнтаваў увагу на тым, што  сустрэчы дэпутатаў  з насельніцтвам не заўсёды праходзяць рэгулярна, недастаткова інфармацыі пра вынікі дэпутацкай дзейнасці, указаў на аслаблены кантроль з іх боку за выкананнем праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна, не ў поўным аб’ёме рэалізуюцца магчымасці па стварэнні спрыяльных умоў для самазанятасці насельніцтва. У гэтых накірунках работу дэпутатаў неабходна актывізаваць. І без канкрэтнай і штодзённай дапамогі  старастаў  (іх у раёне цяпер 59 не абысціся. Яны, як ніхто іншы, ведаюць пра  надзённыя клопаты насельніцтва, дапамагаюць сельвыканкамам своечасова рэагаваць на тую ці іншую сітуацыю. Важна, каб узаемасувязь паміж старастамі і сельвыканкамамі была пастаяннай. Кіраўнік дэпутацкага корпуса падзякаваў за плённую працу  старастам Людміле Сідорскай,Таццяне Горбік,Таццяне Русакевіч, Валянціне Маслоўскай.
– Не трэба займаць пасіўную і сузіральную пазіцыю пры вырашэнні праблем грамадзян. У рабоце са зваротамі неабходны ўважлівасць, індывідуальны падыход. І ні ў якім разе нельга даваць пустыя абяцанні, – перакананы старшыня райсавета.
Па-ранейшаму на парадку дня – выяўленне пустуючых жылых дамоў і зямельных участкаў, знос безгаспадарных пабудоў і,канешне,  чысціня і парадак на тэрыторыі сельсаветаў. За 2016 год, на-прыклад, абследаваны 543 дамы, выяўлены 171 пустуючы, вядзецца пошук іх гаспадароў. Уладальнікі яшчэ 372 дамоў паведамілі пра намер  выкарыстоўваць будынкі, забяспечваць за імі і прылягаючымі тэрыторыямі належны догляд. Летась знесена 59 безгаспадарных пабудоў.  На гэтыя мэты з раённага бюджэту было выдаткавана 38246 рублёў. Найбольш актыўна спрацавалі ў Ганчароўскім і Крывошынскім сельсаветах,   дзе знесена адпаведна  17 і 18 дамоў.
На асаблівым кантролі, у тым ліку і райсавета, – сацыяльная падтрымка ветэранаў, пенсіянераў, інвалідаў, адзінокіх грамадзян.  На парадку дня і пытанне занятасці насельніцтва. Летась у сельскай мясцовасці створана 109 працоўных месцаў, з якіх 27 – у прыватных структурах.  Лепшыя паказчыкі – у Жарабковіцкім (51 месца), Крывошынскім (25) сельсаветах. Для параўнання: у Ганчароўскім  створаны 3 новыя працоўныя месцы, Начаўскім – 1.
Райсавет трымае на кантролі пытанні прафілактыкі правапарушэнняў і злачынстваў. У гэтай справе важнае  цеснае ўзаемадзеянне ўсіх зацікаўленых службаў – сельвыканкамаў, навучальных устаноў, участковых інспектараў міліцыі. Асаблівую заклапочанасць выклікае  сітуацыя з п’янствам і алкагалізмам. Летась  кожнае трэцяе зарэгістраванае ў раёне злачынства ўчынена  нецвярозымі грамадзянамі, павялічылася колькасць тых, хто стаіць на ўліку ў нарколага. 1117 жыхароў раёна прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за распіццё спіртных напіткаў ці знаходжанне ў грамадскіх месцах у нецвярозым стане. Супрацоўнікі РАУС спынілі 114 фактаў незаконнай рэалізацыі алкагольнай прадукцыі,  адабралі і знішчылі больш як 2000  літраў самагону і брагі, 18 самагонных апаратаў.  На прымусовае лячэнне ад алкагалізму  адпраўлены 195 чалавек, у лячэбна-працоўныя прафілакторыі асуджаны 28 хранічных алкаголікаў.
П’юць дарослыя – пакутуюць дзеці. У мінулым годзе 108 непаўналетніх з 51 сям’і прызнаны ў сацыяльна-небяспечным становішчы. Узмацняць барацьбу з негатыўнымі з’явамі, выкарыстоўваць для гэтага ўсе магчымыя меры – задача і для дэпутатаў.
Справаздачу аб сваёй дзейнасці ў акругах трымалі дэпутаты  Валерый Равінскі, Анатолій Жабік, Юрый Чаранкевіч, Ірына Страмавус.
На сесіі абмяркоўваліся і іншыя пытанні, у прыватнасці, прааналізавана работа Ляхавіцкага райпо па арганізацыі гандлёвага абслугоўвання насельніцтва, агучаны перспектывы развіцця раённага спажывецкага таварыства.  Заслухана паведамленне начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне  райвыканкама Леаніда Калбасы аб рабоце па выкананні  Дэкрэта № 3,  аб стане спраў на рынку працы, кірмашах вакансій.
Па ўсіх разгледжаных пытаннях прыняты  адпаведныя рашэнні.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *