Надвор’е ствараюць самі

Трансфармацыя сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва “Жарабковічы” ў адкрытае акцыянернае таварыства з такой жа назвай здарылася 30 снежня мінулага года. Гэта азначае, што ў сваім новым статусе гаспадарка летась адпрацавала ўсяго два дні. Глыбока зімовыя і феерычна перадсвяточныя, яны ніколькі не палепшылі і не пагоршылі гадавую вытворча-эканамічную карціну прадпрыемства. Адсюль вывад: усе поспехі і дасягненні 2016 года, меўшыя месца асобныя няўдачы – на рахунку сельгаскааператыва.
“Жарабковічы” – адзін з буйнейшых і самых паспяховых сельгасвытворцаў раёна. Яго арыгінальнасць выходзіць за межы Ляхавіччыны, распаўсюджваецца на вобласць, рэспубліку і называецца “племянная авечкагадоўля” ў якасці аднаго з вытворчых актываў. Трымаючы справаздачу аб гадавых выніках фінансава-гаспадарчай дзейнасці, дырэктар ААТ Антон Булаты нагадаў акцыянерам, што дабрабыт усіх грунтуецца на добрасумленнасці, адказнасці, прафесіяналізме кожнага.
Справаздачны год не стаў для “Жарабковіч” звышураджайным. Моветон чарговы раз гаварыць пра нелаяльнасць надвор’я, але асноўная прычына недабору “сваіх” аб’ёмаў зерня заключаецца іменна ў гэтым. Па словах дырэктара, сеялі ў тэрмін, у добра падрыхтаваную глебу і якасным насеннем. Палеткі атрымалі патрэбную калійна-азотную падтрымку і мінімальна патрэбную фосфарную. Таксама былі вытрыманы ўсе доглядныя схемы і рэгламенты. Але “пазарэгламентная” летняя спёка справакавала “неданаліў” зерня. У выніку ў сухім астатку хлебны каравай-2016 страціў у вазе 8800 тон у параўнанні з асабліва ўдалым папярэднім годам. Найбольш ураджайнай вырасла азімая пшаніца – 60 цэнтнераў на круг, сярэдні ячменны гектар не набраў і паўсотні цэнтнераў. На фоне таго, што працаўнікі жарабковіцкай нівы “прывучылі” сябе і ўсіх да адчувальна большых выгадных лічбаў.
Ні для каго не сакрэт, што ў майстэрстве вырошчвання цукровых буракоў жарабковіцкія аграрыі не адзін пуд солі з’елі. Мінулы сезон стаў чарговым таму пацвярджэннем. Іх правіла простае і складанае адначасова. Прастата – у адпрацаванасці тэхналогіі, вопыце, уласных напрацоўках, складанасць жа ў тым, што вельмі цяжка не збіцца з курсу, быць ашчадным ва ўсім і ў самых дробных дробязях. Летась салодкая плантацыя мала што не дацягвала да тысячы гектараў. Не аднолькава прадукцыйных, але сярэдні гектар урадзіў амаль на 640 цэнтнераў. Прыхільнікі статыстыкі могуць памножыць першае на другое, выйсці на валавую лічбу і зразумець жарабковіцкі ўклад у цукровую галіну. Хоць, безумоўна, культура гэта далёка не танная ў вытворчасці, любіць увагу, догляд. Для ўборкі выкарыстоўваецца дарагая сама па сабе і вельмі дарагая ў рамонце і абслугоўванні тэхніка. На бягучы сезон гаспадарка мае намер адсеяцца салодкім коранем на плошчы 900 гектараў.
А вось пасевы кукурузы, якая таксама ўспрымаецца ледзь ці не ў якасці жарабковіцкай візітоўкі, вырашана, як адзначыў дырэктар, змяншаць. Не рэзка, аднак, паступова, каб праз некаторы час “выраўняць” сіласны і сянажны складнікі ў структуры кармлення буйной рагатай жывёлы.  Для чаго ў тым ліку прадугледжана актыўнасць, інтэнсіфікацыя, павелічэнне плошчаў культывацыі шматгадовых траў. У першую чаргу – высокапратэінавых бабовых.
Вырашана ўжо зараз распаўсюдзіць на ўласныя палеткі вопыт ААТ “Шлях новы”. Ён не складаны і, здаецца, не такі ўжо і новы – высяваць кукурузу ў сумесі са сланечнікам. У якасці высокаэфектыўнай кармавой дабаўкі да стала буйной рагатай жывёлы.
Значыцца ў пасяўных планах дзясятак гектараў соі, з якой мелі ўжо справу 5 гадоў назад, 40 – грэчкі і многае іншае.
У жывёлагадоўлі стаіць задача выйсці ў бягучым годзе на сярэднюю па гаспадарцы ўдойнасць мінімум 6 тысяч кілаграмаў малака. За справаздачны перыяд прадукцыйнасць жарабковіцкай кароўкі вырасла на 366 кілаграмаў у параўнанні з 2015 годам і склала амаль 5950 кілаграмаў малака. Лічба больш чым рэальная, асабліва з улікам таго, што шэрагу малочнатаварных фабрык “Жарабковічаў” яна ўжо скарылася: гэтым могуць пахваліцца МТФ «Гулічы»,“Дамашы”, “Чашчы”.
Названая апошняй ферма – новы актыў гаспадаркі. Функцыянуе  з мінулага года і яшчэ даабсталёўваецца, даналаджваецца. З’яўляецца, тым не менш, высокапрадукцыйным аб’ектам, да 99 працэнтаў малака з якога выходзіць гатункам экстра. У аб’ёме ж усяго “здабываемага” на васьмі фермах гаспадаркі малака патрабаванням максімальнай якасці адпавядае толькі 36 з невялікім яго працэнтаў. У гэтым заключаецца адзін з рэзерваў павышэння эканамічнай эфектыўнасці жывёлагадоўчага комплексу гаспадаркі: падняць працэнт удвая, а то і больш – у ліку бліжэйшых перспектыў акцыянернага таварыства.
Што датычыць авечкагадоўлі: за справаздачны перыяд жарабковіцкая атара некалькі зменшылася і па стане на пачатак года налічвала пад 3800 галоў жывёлы. Атрыманыя ад іх 8000 кілаграмаў воўны разглядаць у якасці залатога руна ніяк не выпадае. Магчыма, патрэбны намаганні з мэтай збалансаваць збытавую цану з сабекоштам гэтага віду сельскагаспадарчай прадукцыі.
Планы акцыянернага таварыства на год 2017-ы характарызуюцца ростам. Ураджайнасць зерневых тут бачаць на ўзроўні як мінімум 71,5 цэнтнера на круг. На кожным з 650 рапсавых гектараў спадзяюцца намалаціць не менш як 35 цэнтнераў насення, накапаць з адзінкі плошчы 600 цэнтнераў буракоў і 300 – бульбы.
Дарэчы, вялы і фінансава мала прывабны з восені, з надыходам вясны  попыт на бульбу, па словах Антона Булатага, расцвіў. Актывізаваліся пакупнікі, ажывілася і папаўзла ўверх цана.
Як і ўсе хлебаробы, гэтым вясеннім часам працаўнікі “Жарабковіч” жывуць сяўбой і ўсім тым, што ёй папярэднічае, з чым яна звязана. Яравыя пасяўныя і пасадачныя плошчы раскінуцца ці не на 3700 гектарах. Многа, як ні ў каго ў раёне. На цяжкіх жарабковіцкіх землях пакуль усё толькі пачынае раскручвацца. Першыя барозны, гектары, дзясяткі і сотні гектараў. Вельмі хутка пасяўныя клопаты выйдуць на пік, у работу ўключыцца караван тэхнікі, у складзе якога толькі трактароў больш за 7 дзясяткаў, паўсотні грузавых аўтамабіляў, магутны шлейф прычапных і навясных прылад і агрэгатаў. Назва ўсяму гэтаму – сельскагаспадарчая вясна, мэта – ураджайная сельскагаспадарчая восень.
У агульным сходзе акцыянераў ААТ “Жарабковічы” ўдзельнічаў намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандр Вашчук. Ён падзякаваў працаўнікам за працу. Нялёгкую і высокародную, у раслінаводстве, жывёлагадоўлі, на будаўніцтве аб’ектаў вытворчай структуры і іншае. Па шэрагу паказчыкаў “Жарабковічы” ў ліку лідараў сярод гаспадарак раёна. Тым не менш, па меркаванні начальніка райсельгасхарчу, ёсць і рэзервы –  куды і чым прырастаць.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *