Зручныя зручнасці

У мінулую нядзелю пасля абеду пабывала ў Сочы. За 30 хвілін палюбавалася на мора, вуліцу Руж,  “усё пра ўсё” абгаварыла з сяброўкай, паднялася з ёю ў кватэру, каб ацаніць абноўку – зроблены рамонт. Потым была яе чарга на візіт у Ляхавічы: падзівілася, як выглядае з майго акна бераг Ведзьмы, на сціплыя красавіцкія прымулы, маргарыткі і нарцысы, пазайздросціла новаму выданню з асабістай бібліятэкі – фотаальбому “Праспект Незалежнасці”, якім я не магла не пахваліцца, і на гэтым развіталіся. Да наступнай сустрэчы. Па скайпу – такім звычайным цудзе ці цудоўнай звычайнасці.
Я села на канапу, поўная ўражанняў ад размовы, і ў каторы раз пашкадавала, што не магу асабіста намінаваць на Нобелеўскую прэмію ўсіх тых, хто забяспечыў чалавецтва зручнымі зручнасцямі. Як гаспадыня, у першую чаргу, назвала б вынаходнікаў пральнай машыны-аўтамата, халадзільнікаў, якія аўтаматычна размарожваюцца, мыйных пыласосаў, мультыварак… працягваць можна да бясконцасці. Асобы рэспект – за мабільныя тэлефоны, за інтэрнэт і ўсё добрае, што звязана з камп’ютарам. Не хачу выступіць у ролі першабытнага чалавека, але добра памятаю, як у мінулым тысячагоддзі, яшчэ гадоў сорак-сорак пяць назад, у час майго шчаслівага студэнцтва тэлефанаваць дадому ішла ў Мінску на перагаворны пункт па вуліцы Энгельса. Рабіла заказ і з паўгадзіны чакала пакуль пачуецца ўзмоцнены мікрафонам голас дыспетчара: “Ляхавічы, прайдзіце ў другую кабіну”. А цяпер мабільнікі, смартфоны, айфоны, скайп, вайбер… Убачыцца – калі ласка, тэрмінова пагаварыць – без праблем, няма магчымасці   адказаць – эсэмэска ў дапамогу.
Але гэта ўсё да слова. Акцэнт жа хачу зрабіць менавіта на тых зручных зручнасцях, для якіх не заўсёды патрабуюцца вынаходніцтвы і навукова-тэхнічны прагрэс, а часам дастаткова ўвагі і ўважлівасці. Прыклады? Колькі заўгодна! Даволі часта ў Ляхавічах на вуліцы 17 Верасня  насупраць гасцініцы дзяжураць супрацоўнікі ДАІ: пад іх пільнае вока трап-ляюць у тым ліку і пешаходы, якія накіроўваюцца з вуліцы Леніна па пешаходным бульварчыку ля будынка, дзе размешчаны загс, на вуліцу Дзесюкевіча – у бальніцу-паліклініку, школу, магазіны “Птушка” і “Верас”. Многія з гэтых  пешаходаў становяцца парушальнікамі, таму што пераходзяць дарогу адразу з бульварчыка – ну, зручна гэта. А ім трэба павярнуць убок, прайсці колькі метраў да ўказанага разметкай перахода, каб потым вяртацца назад. Мяркую, што існуючы пераход быў мэтазгодным там, дзе ён ёсць, калі ў пустуючым сёння будынку размяшчаўся райаддзел міліцыі.  Цяпер жа больш зручным было б  перамяшчэнне ”зебры”.
Яшчэ пра нязручныя зручнасці. Калі за абедзенны перапынак вы плануеце адправіць пасылку і заплаціць крэдыт у банку, наўрад ці паспееце. У час пік чэргі  ў адпаведных установах да акенцаў вялікія, а акенцы гэтыя працуюць у скарочаным варыянце, таму што, як тлумачаць шыльдачкі, “перапынак”, “тэхнічны перапынак”… Жыхары нашага райцэнтра зусім нялішнім лічылі інфакіёск, які знаходзіўся ў зале вузла электрасувязі. У банкіраў жа, мусіць, меркаванне было супрацьлеглым – інфакіёск  адтуль забралі. Яшчэ акалічнасць:  не ведаеш, як быць, адчуваеш разгубленасць, калі ў выхадны дзень  не можаш зняць наяўныя грошы з-за іх адсутнасці ў банкаматах.
Узгадаю і яшчэ адну акалічнасць, якая непасрэдна звязана з раёнкай: “Белтэлекам” адмовіў рэдакцыям, у тым ліку і нашай, у прыёме аб’яў праз службу 166. Дагэтуль яшчэ нашы чытачы перыядычна тэлефануюць у “ЛВ” з прэтэнзіяй: чаму нельга падаць аб’яву па тэлефоне? Адказваю  яшчэ раз: таму што служба 166 Брэсцкага філіяла РУП “Белтэлекам” спыніла аказанне такой паслугі.
Выгада ад выгод павінна быць двухбаковай, зручнасці – зручнымі. Тады чалавек шчыра радуецца і не менш шчыра здзіўляецца, напрыклад, як жа гэта раней узяць талончык да зубнога ўрача можна было толькі адстаяўшы вялізную чаргу. Прычым, прыйсці ў рэгістратуру патрабавалася задоўга да яе адкрыцця. А сёння запісвайся праз інтэрнэт і ўсміхайся на ўсе трыццаць два.
Больш бы нагод  для такіх усмешак!
Вольга БАРАДЗІНА.

 

One thought on “Зручныя зручнасці

  • 17/06/2017 в 17:10
    Permalink

    Спасибо, Ольга Петровна! Поддерживаю!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *