Аграгарадскі пейзаж

Як на далоні – аграгарадок Навасёлкі. Вуліцы прыгожых, абжытых і зусім новых катэджаў. Ёсць тут сярэдняя, музычная школы, аздараўленчы комплекс, пад дахам якога знайшлося месца Дому культуры, бібліятэцы, спартыўным залам і ўрачэбнай амбулаторыі, гандлёвыя кропкі, аддзяленне сувязі, філіял ашчадбанка, адміністрацыйныя пабудовы.  Чым не гарадскі   расклад? Хіба што адно адрозненне: за агароджамі ля сядзібаў цвітуць рознакаляровыя вяргіні і хрызантэмы, ліловым колерам палыхаюць кусты бабінага лета. Прыгожыя ў Навасёлках і сады. Нават ля вясковай  царквы закладзены фруктовы сад. Прыгожа, утульна, надзейна. Адразу відаць, што тут добра жывецца і працуецца людзям.

Пры будаўніцтве аграгарадка адным з прыярытэтаў было стварэнне належных умоў працы і быту для вяскоўцаў. Жыллё – аснова для замацавання кадраў у сельскай гаспадарцы. Адначасова ўзводзіліся аб’екты культурна-бытавога прызначэння. Значныя перамены   закранулі і вытворчасць. На палях СВК ”Шлях новы” працуе сучасная тэхніка, прычым, машынна-трактарны парк літаральна за некалькі гадоў стаў ці не самым магутным у раёне.

Гэтае вытворчае падраздзяленне ў сельгаскааператыве называюць сэрцам гаспадаркі.  І па праву: у наяўнасці 48 трактароў, 8 зернеўборачных камбайнаў, 20 аўтамабіляў, ёсць 2 магутныя ”Джон-Дзіры”, а сёлета набылі яшчэ  2 зернеўборачныя камбайны, 20-тонны МАЗ. Загадчык мехмайстэрні Сяргей Пяткевіч, галоўны інжынер Мікалай Клімавец багацце гэтае берагуць: сёння ўжо значная частка сезоннай тэхнікі і прылад закансервавана для зімовага захоўвання, рамонтныя работы працягваюцца. Прычым, умовы для працы механізатараў і рамонтнікаў выдатныя. Заўсёды ёсць гарачая вада, абсталяваны гардэроб і пакой для адпачынку, зімой памяшканне ацяпляецца. Нядаўна    адкрыты кабінет па тэхніцы   бяспекі, які стаў месцам правядзення вытворчых нарад і класам па вывучэнні правіл дарожнага руху, тэхнікі бяспекі, асабліва напярэдадні гарачых сельскагаспадарчых кампаній. Як зазначылі механізатары Алег Клімовіч, Уладзімір Казушчык, зваршчык Мікалай Бурак, у такіх умовах і работа ідзе спарней. Сёлета зернеўборачная кампанія назвала 5 экіпажаў-тысячнікаў. Гэта Дзмітрый і Наталля Петух, Аляксей Кумейша і Міхаіл Несцяровіч, Генадзій і Сяргей Місько, Іван Паляшчук і Юрый Сцяблоў, Аляксандр Цімашок і Уладзімір Махнач. Ураджайнасць зерневых і зернебабовых культур атрымалася выдатнай – 52,8 цэнтнера з гектара. Як успамінаюць камбайнеры, што ні круг, то поўны бункер. Аўтамабілі ледзь паспявалі адвозіць намалоты на зерняток. Сярод шафёраў таксама вызначыліся перадавікі: па тысячы тон зерня перавезлі Уладзімір Махнач, Сяргей Свірыдэнка, Мікалай Камінскі, Уладзімір Пабягайла.

Цукровыя буракі таксама ўрадзілі на славу. Высокапрадукцыйны “Холмер” амаль суткамі ў рабоце, адзін другога змяняюць механізатары Іван Паляшчук, Дзмітрый Петух, Уладзімір Махнач, на пагрузчыку шчыруе Вікенцій Люкіш. З 250 гектараў ужо накапалі 12700 тон салодкіх карэнняў.

На магутнай тэхніцы тыпу “Ягуар” працягваецца нарыхтоўка кармоў: 690 гектараў кукурузы прызначаны на зялёны корм для грамадскага статка, закладзена 7814 тон сенажу, 18 тысяч тон сіласу. Раслінаводчая галіна гаспадаркі сёлета літаральна          пажынае плады сваёй працы.  Галоўны аграном Віктар   Канецпольскі, начальнікі вытворчых участкаў Міхаіл Таранда і Аляксандр Пажога, аграном-аграхімік Яўген Кар пейчык і іх падначаленыя пастараліся на славу.

У сельскагаспадарчай вытворчасці ўсё ўзаемазвязана: выдатны ўраджай атрымалі хлебаробы – забяспечылі паспяховую дзейнасць жывёлаводаў. Дадаць выдатныя ўмовы працы, пры якіх атрымліваецца малако самай высокай якасці, — і кожныя 5 дзён у касу гаспадаркі прыбывае ў сярэднім па 200 мільёнаў рублёў. Значна вырас і валавы надой, палепшылася якасць малака, калі пачаў дзейнічаць на поўную магутнасць новы комплекс, на якім сучасныя тэхналогіі вытворчасці і ўтрымання жывёлы, выдатныя ўмовы для працы і адпачынку даярак і ўсіх жывёлаводаў.  За 808 каровамі даглядаюць усяго 5 даярак (адна падменная). Галоўны заатэхнік гаспадаркі Ганна Кухарчык, якая мае багаты вопыт работы ў жывёлагадоўлі, радуецца дасягненням і пераменам. І пры гэтым  адзначае вырашальную ролю суб’ектыўнага фактара. На раздоі першацёлак працуе Вольга Буйкевіч, ладзяцца справы ў Валянціны Сватковай, Ніны Русін, Веры Крывапушчанка. Цялятніца Валянціна Свістуновіч летась стала пераможцай рэспублікан-скага спаборніцтва сярод жывёлаводаў. На дарошчванні цялушак, прызначаных для аднаўлення статка, стараннасцю вызначаецца Яніна Глобуз. Комплексам загадвае Алена Кудраўцава. Стараецца загадчыца Лотаўскай МТФ Валянціна Курловіч. Дарэчы, там зроблена вельмі ўдалая  рэканструкцыя кароўніка. Ёсць поспехі і ў жывёлаводаў Бажкоўскай фермы, якую ўзначальвае Валянціна Люкіш, а таксама Ураджайнінскай (загадчыца Марыя Шадура). Над павышэннем прадукцыйнасці дойнага статка працуюць заатэхнікі-селекцыянеры  Таццяна Велько і Ірына Камінская, заўсёды на пасту ветслужба на чале з Мікалаем Пранчаком.

У сельгаскааператыве даўно забыліся, што такое цякучасць кадраў: тут кожны на сваім месцы і задаволены працай. І не дзіва: большасць вытворчых працэсаў механізавана. Нават кормяць жывёлу кормазмяшальнікі-раздатчыкі “Гаспадар”:  закупілі 3 такія механізмы.

Жыць і працаваць сёння ў СВК ”Шлях новы” добра і прэстыжна, хлебароб тут заўсёды ў пашане. І пытанні вядзення асабістых падсобных гаспадарак значацца ў ліку асноўных. На кожны падворак завозіцца гатовае сена, бульба вырошчваецца ў агульным масіве, на кожнага працуючага выдзяляецца па тоне зерня новага ўраджаю бясплатна,  па 500 кілаграмаў пенсіянерам – па сабекошце. Няма праблем з арганізацыяй пашы для кароў з асабістых падвор’яў, заўсёды ёсць магчымасць прадаць лішкі прадукцыі. Значная падтрымка, асабліва для маладых сем’яў, – беспрацэнтныя пазыкі, якія выдаюцца на будаўніцтва ці пакупку жылля, стварэнне падсобнай гаспадаркі, набыццё тавараў першай неабходнасці.

Некалькі гадоў назад да  “Шляху новага” далучыўся   суседні  СВК ”Флер’янова”, які ледзь выжываў. Узбуйнены сельгаскааператыў сёння па ўсіх вытворчых паказчыках     крочыць у лідарах.

Аляксандр Вашчук параўнальна нядаўна ўзначаліў гаспадарку, але ўжо здолеў на справе паказаць: ён – на сваім месцы.  Вельмі паважлівы да людзей, якія выбралі працу на зямлі. У старшыні (а цяпер ужо і ў яго калектыва) ёсць цвёрдае перакананне, што ўкараненне дасягненняў навукі, новых тэхналогій, выкарыстанне сучаснай тэхнікі – іменна той шлях, які дазволіць жыць і працаваць паспяхова. Сярод мноства задум у Аляксандра Мікалаевіча – далейшае пераўзбраенне вытворчасці: працяг рэканструкцыі Лотаўскай фермы, цялятніка ў Навасёлках. І, канешне, будзе працягвацца будаўніцтва жылля. Сёлета справілі наваселлі сем’і загадчыцы комплексу Алены Кудраўцавай і палявода Валянціны Грыгар’ян, у наступным годзе плануецца пабудаваць яшчэ два катэджы. Будаваць – значыць думаць пра перспектыву.

Аліна ЛАПІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *