У здаровым целе – здаровы дух

Не адно пакаленне ляхавіцкіх хлопчыкаў і дзяўчынак стала выпускнікамі нядзельнай школы, якая дзейнічае пры прыходзе храма Узвіжання Крыжа Гасподняга ў райцэнтры. Тут не толькі вучаць малітвам, любві да блізкага, добрым паводзінам, але і клапоцяцца пра фізічнае выхаванне, бо, як вядома, у здаровым целе – здаровы дух.
З 27 сакавіка па 2 красавіка па ініцыятыве спартыўна-паломніцкага аддзела брацтва ў гонар святога прападобнамучаніка Серафіма, архімандрыта Жыровіцкага была праведзена спартландыя “Праваслаўная моладзь за здаровы лад жыцця”. Спаборніцтвы, у якіх удзельнічалі рабяты з усіх царкоўных прыходаў раёна, праходзілі ў некалькі этапаў: у аграгарадку Навасёлкі, вёсцы Крывошын, райцэнтры (у ДЮСШ). У фінальным сышліся мацнейшыя. Ва ўпартай барацьбе перамагла ляхавіцкая каманда, на другім і трэцім месцах адпаведна зборныя з Падлесся-Пранчакоў і Вострава-Крывошына.
Падтрымаць сваіх выхаванцаў прыехалі свяшчэннаслужыцелі Ляхавіцкага благачыння. Протаіерэй Георгій Жытко ўрычыў кожнаму ўдзельніку абразок прападобнамучаніка Серафіма, архімандрыта Жыровіцкага. Былі і салодкія пачастункі.
Граматы благачыння за актыўны ўдзел у падрыхтоўцы  спартландыі атрымалі Генадзій і Яўгеній Новікі, Іна Сасімчык, Марына Бусько.
Праваслаўная моладзь будзе і далей сябраваць са спортам. У планах – духоўна-патрыятычны велапрабег, прымеркаваны да Дня Перамогі. Удзел у ім могуць прыняць усе жадаючыя. Падрабязнасці будуць апублікаваны на сайце www.hramik.cerkov.ru.
Ала ДОЛМАТ,
прыхаджанка Святакрыжа-ўзвіжанскай
царквы.
Фота Серафіма ЖЫТКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *