Каб не трапіць кляшчу ў клешчы

Нягледзячы на дастаткова халодную зіму, сёлета адзначаецца ранняя актыўнасць кляшчоў. Пераносчыкі такіх небяспечных захворванняў, як клешчавы энцэфаліт і клешчавы барэліёз (хвароба Лайма), пачалі з’яўляцца з наступленнем першага цяпла – у лясах, садах, гарадскіх парках, на прысядзібных участках.
Клешчавы энцэфаліт – вірусная інфекцыя, якая паражае цэнтральную і перыферычную нервовую сістэму і можа прывесці да паралічу і лятальнага канца. Клешчавы барэліёз – інфекцыйнае захворванне, што паражае скуру, нервовую сістэму, апорна-рухальны апарат, сэрца, характарызуецца рэцыдывамі.
Першыя ў гэтым годзе кляшчы былі выяўлены ў Брэсцкім раёне 27 лютага.  На сённяшні дзень ад іх укусаў на Брэстчыне пацярпелі ўжо больш за 20 чалавек. У пачатку сакавіка і ў нашым раёне быў зарэгістраваны першы падобны выпадак.
У мінулым годзе на Ляхавіччыне за медыцынскай дапамогай з «кляшчовай» нагоды  звярнуліся 112 чалавек, у тым ліку 27 дзяцей.
Летась вірусным клешчавым энцэфалітам у вобласці захварэлі 33 чалавекі, Лайм барэліёзам – 207 (у раёне – 2).
Праведзеныя даследаванні паказалі, што 53 працэнты кляшчоў у раёне з’яўляюцца носьбітамі інфекцый. Найбольшую ў гэтым плане патэнцыяльную небяспеку ўяўляюць лясы ў ваколіцах вёсак Альхоўцы, Мыслабаж, Набярэжная. Што тычыцца Ляхавіч і гарадскога наваколля, кляшчы аблюбавалі тэрыторыі ўздоўж Ведзьмы, побач з дачнымі ўчасткамі.
Каб засцерагчыся ад інфекцый, пераносчыкамі якіх з’яўляюцца кляшчы, неабходна прымаць меры па змяншэнні іх колькасці: своечасова скошваць траву, выдаляць апалае лісце, сухастой, прарэджваць кустоўе.
Пры наведванні лесу лепш выбіраць адзенне светлых адценняў – на яго фоне кляшча прасцей заўважыць. Адзенне павінна максімальна закрываць цела. Карыстайцеся спецыяльнымі сродкамі – рэпелентамі, наносіць якія трэба на адзенне.
Калі з вамі сабака, надзеньце яму спецыяльны ашыйнік і апрацуйце поўсць спецыяльным спрэем.
Калі ж укус папярэдзіць не атрымалася, паразіта неабходна тэрмінова выдаліць. Дзейнічаць трэба асцярожна: максімальна блізка да хабатка завяжыце вузлом складзеную ўдвая нітку і лёгкімі пакручваючымі рухамі выдаліце кляшча. Важна не разарваць і не раздушыць яго. Калі ж такое здарылася, недапушчальна дакранацца непамытымі рукамі да вачэй і слізістых.
У выпадку ўкусу, а асабліва пры немагчы-масці самастойна выдаліць кляшча або яго хабаток, неабходна неадкладна звярнуцца ў бліжэйшую медустанову. Там дапамогуць і назначаць прафілактычнае лячэнне.
Ларыса КЕНДЫШ,
памочнік урача-эпідэміёлага райЦГіЭ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *