Для самых родных і любімых

Раённая купалаўка даўно стала не толькі кніжным царствам, але і культурным цэнтрам, дзе арганізоўваецца вольны час дзяцей і дарослых. Штогод на працягу Тыдня маці супрацоўнікі ляхавіцкай раённай цэнтральнай бібліятэкі радуюць сваіх шматлікіх чытачоў цікавымі і запамінальнымі тэматычнымі сустрэчамі, экспазіцыямі, конкурсамі, круглымі сталамі, выставамі і г.д.

Вось і сёлета ўсе жадаючыя змаглі пазнаёміцца з тэматычнай літаратурай і стаць сведкамі мультымедыяпрэзентацыі “Дзякуй, матуля, за пяшчоту”. 11-класнікі СШ № 1 райцэнтра сустракаліся ў бібліятэцы з начальнікам аддзела загса райвыканкама Людмілай Палтарак і гаварылі пра сям’ю, пра ролю маці ў выхаванні дзяцей, пра шлюб. “У промнях матулінай любві” – пад такой назвай прайшла літаратурна-музычная кампазіцыя на пасяджэнні клуба “Пошук” (кіраўнік бібліятэкар Віталія Лагун), які наведваюць старшакласнікі.

Сёлета ў Дзень маці была арганізавана акцыя “Дзень падзякі”: усе чытачкі, якія прыйшлі ў бібліятэку 14 кастрычніка, на 3 дні атрымалі бясплатна любую кнігу з камерцыйнага фонду. А малодшых школьнікаў захапіла кампазіцыя “Я хачу, каб жыла ты заўсёды”.

Бясспрэчным хітом багатай і разнастайнай праграмы стала выстава творчасці чытачоў і супрацоўнікаў бібліятэкі “Жаночыя рукі, вы лепшыя ў свеце!”. Чаго тут толькі не было і для сэрца, і для душы, і нават для страўніка. Добры густ, творчы падыход прадэманстравалі супрацоўнікі бібліятэкі, якія падрыхтавалі прыгожую экспазіцыю восеньскіх букетаў. Нельга не спыніцца каля напісаных маслам карцін мастачкі Аляксандры Цісецкай.

Бібліятэкар Ларыса Лешык парадавала наведвальнікаў выставы  смачнымі стравамі з восеньскіх пачастункаў. Можна было пакаштаваць настоі з гаючых траў. Аматары вышыўкі, ткацтва змаглі знайсці нешта цікавае і для сябе.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *