У фармаце ўвагі


У мінулую сераду старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Анатолій Ліс правёў у Ляхавічах прыём грамадзян па асабістых пытаннях.

У пэўным сэнсе лёсаўплывовым можа лічыць жыхар вёскі Кавалі Дзмітрый Калоша вынік свайго звароту да старшыні Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Анатолія Ліса, які ў мінулую сераду праводзіў прыём грамадзян па асабістых пытаннях у Ляхавіцкім райвыканкаме.

– Я задаволены, размова атрымалася даволі прадукцыйнай, атмасфера цёплай. Думаю, у хуткім часе маё пытанне будзе вырашана, – не хаваў станоўчых эмоцый  наш зямляк пасля размовы з кіраўніком Брэстчыны. Заяўніка хвалюе жыллёвае пытанне. У сям’і 33-гадовага Дзмітрыя Калошы  пяцёра непаўналетніх дзяцей,  яна стаіць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Уласных квадратных метраў не маюць, туляцца ў доме бацькоў. У райцэнтры сям’і выдзелены зямельны ўчастак для будаўніцтва дома, закладзены фундамент. Але ўзнікла праблема з атрыманнем ільготнага крэдыту на новае будаўніцтва.

Справа ў тым, што шматдзетны бацька не паспеў сабраць усе неабходныя дакументы да 2015 года, з якога  льготным крэдытаваннем  фінансуецца пакуль толькі завяршэнне будаўніцтва па раней адкрытых крэдытных лініях (дарэчы, з 24 адкрытых крэдытных ліній у нашым раёне сёлета будуць поўнасцю дафінансаваны 17). Заяўнік цікавіўся, наколькі рэальна паскорыць атрыманне крэдыту на будаўніцтва.

Старшыня аблвыканкама  даручыў раённай уладзе дэталёва вывучыць гэта пытанне. Як высветлілася, хаця Дзмітрый Калоша ў спісе чаргавікоў на льготнае крэдытаванне адзінаццаты, той факт, што ў сям’і пяцёра дзяцей, дазваляе атрымаць крэдыт без чаргі. Цяпер трэба дачакацца фінансавання.

– Як толькі з’явіцца фінансавая магчымасць, органы дзяржаўнай улады будуць ініцыяваць разгляд гэтага пытання перад банкам, – падкрэсліў губернатар.

Анатолій Ліс удакладніў, што забеспячэнне жыллём шматдзетных сем’яў па-ранейшаму з’яўляецца прыярытэтнай дзяржаўнай задачай, што рыхтуюцца змяненні ва ўказ па іх ільготным крэдытаванні.

Жыхарка Вялікай Лотвы Дзіна Дарашкевіч звярнулася да кіраўніка вобласці, як яна патлумачыла, ад імя маладых мам. Зварот датычыў добраўпарадкавання тэрыторыі, што знаходзіцца непадалёк гімназіі, уладкавання тратуараў, а на месцы пусткі – дзіцячай пляцоўкі. Жанчына  паскардзілася, што мамам з каляскамі і дзецям даводзіцца  хадзіць па праезнай частцы дарогі.

Анатолій Ліс уважліва выслухаў узнятае пытанне  і даў даручэнне мясцовай уладзе ўладкаваць дзіцячую пляцоўку на тэрыторыі гімназіі. Будзе прыведзена ў парадак і тратуарная частка. Дарэчы, прадвырашаны лёс пусткі, пра якую гаварыла заяўніца: тут плануецца будаўніцтва стаянкі для аўтатранспарту.

Дзіна Дарашкевіч пацікавілася ў кіраўніка вобласці і перспектывай будаўніцтва ў Ляхавічах басейна. Пакуль  гэта немагчыма і не плануецца з-за абмежаванасці бюджэтных сродкаў.

Анатолій Ліс уважліва выслухаў усе звароты. Па некаторых пытаннях заяўнікі атрымалі адказы адразу. Па праблемах, якія неабходна вывучыць дадаткова, даў даручэнні разабрацца адпаведным службам.

Гэты прыём грамадзян не першы з праведзеных губернатарам у нашым раёне. Магчымасць асабістага звароту да кіраўніка вобласці скарысталі 4 чалавекі.

Як пракаментаваў прэс-сакратар старшыні абласнога выканаўчага камітэта Дзмітрый Дзявятаў, такая нешматлікасць тлумачыцца тым, што на сённяшні дзень органы мясцовага кіравання, выканаўчай улады працуюць дастаткова актыўна па вырашэнні праблем насельніцтва.

Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *