Жыць і помніць

Сціплы помнік з зорачкай на ўскрайку лесу і абеліск у цэнтры населенага пункта і сусветна вядомы мемарыял – старонкі адной кнігі пра гераізм, мужнасць, пра шлях да Вялікай Перамогі. Гэты шлях у грозныя саракавыя для савецкіх людзей пачынаўся ў чэрвені 1941-га з Брэсцкай крэпасці.  Палітая крывёю зямля, камяні, якія памятаюць усе да апошняга імгненні  вайны, Вечны Агонь… Да болю знаёмыя скульптурныя кампазіцыі, у якія ўвасоблены Подзвіг. Брэсцкая крэпасць-герой – гэта заўсёдны ўрок патрыятызму, ён і сёння бесперапынна пераконвае, што самае дарагое на зямлі – мір. У Брэсцкай крэпасці ёсць унікальныя музеі, экспазіцыі якіх да сённяшняга дня папаўняюцца. Там немагчыма  гучна гаварыць – і вочы, і душа поўняцца болем ад асэнсавання таго, якім непамерна цяжкім, часам бязлітасным, надзвычай самаахвярным быў шлях да Перамогі.
Супрацоўнікі музеяў пастараліся, каб з яго матэрыяламі, у прыватнасці з экспазіцыяй «Сямейны альбом памяці пакаленняў», маглі пазнаёміцца  жыхары Брэстчыны ў сваіх населеных пунктах. З 10 па 14 красавіка перасоўная тэматычная выстава экспанавалася ў Ляхавічах, у цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Яе наведалі каля 1000 чалавек. І для кожнага гэта сустрэча стала незабыўнай, магчыма, нават адкрыццём.
Дарэчы, нядаўна Белстат назваў самыя папулярныя ў 2016 годзе музеі Беларусі. Адно з першых месцаў у рэйтынгу заслужана займае мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой», які летась наведалі больш за 423 тысячы чалавек.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *