Без фармалізму

Выязны прыём грамадзян па асабістых пытаннях намеснік старшыні абласнога выканаўчага камітэта Алег Вялічка праводзіў у Крывошыне – цэнтры самага шматнаселенага ў нашым раёне сельсавета. Тут пражываюць каля трох тысяч чалавек. Ды і сама вёска Крывошын вылучаецца на Ляхавіччыне даволі шчыльнай ”прысутнасцю” ў ёй устаноў аховы здароўя: абласная псіхіятрычная і ўчастковая бальніцы. Апошняя – з невялікім стацыянарам на 10 тэрапеўтычных ложкаў і 20-цю – сястрынскага догляду, пад адным дахам з якой знаходзіцца і аптэка.

Менавіта медыкі – старшыня прафсаюзнай арганізацыі абласной бальніцы і малады ўрач-псіхіятр – пацікавіліся далейшым лёсам іх лячэбнай установы, маўляў, ходзяць чуткі пра маючае адбыцца перапрафіляванне яе ў дом-інтэрнат.

Намеснік старшыні аблвыканкама ўнёс яснасць у гэта пытанне і акрэсліў сітуацыю. Аказваецца, што яе, сітуацыі, проста не існуе: ніхто не планаваў і не плануе ні закрыцця, ні рэарганізацыі, ні перапрафілявання гэтай установы аховы здароўя, ва ўсякім разе сёлета. Алег Іванавіч параіў заяўніцам спакойна працаваць і растлумачыць калегам, што падстаў для хвалявання няма.

Такі ж адказ атрымаў і мясцовы ветэран працы, які выказаў занепакоенасць лёсам яшчэ аднаго тамтэйшага аб’екта – лячэбна-вытворчых майстэрняў. Размова пра іх закрыццё не стаіць.

Некалькі пытанняў, з якімі жыхары звярнуліся да Алега Вялічкі, па сутнасці, ужо знаходзяцца ў стадыі вырашэння. Адна з заяўніц агучыла праблему, якая хвалюе не толькі яе: як спілаваць старыя, небяспечныя дрэвы на заліпенскіх могілках. Падчас прыёму жанчына атрымала тлумачэнні па пытанні. Намеснік старшыні аблвыканкама даў даручэнне кіраўніку Крывошынскага сельвыканкама паспрыяць у арганізацыі гэтай, бясспрэчна, патрэбнай работы і падкрэсліў неабходнасць актыўнага саўдзелу ў ёй насельніцтва. Дарэчы, чым больш заказчыкаў, тым танней абыдзецца паслуга для кожнага з іх, пра што сельвыканкам інфармаваў землякоў.

Яшчэ два чалавекі – адзін жыхар вёскі Каўпакі, інвалід, другі – аграгарадка Ліпск – хацелі б, каб бліжэй да іх дамоў знаходзіўся прыпынак рэйсавага аўтобуса, таму што праблематычна пешшу дабірацца за паўкіламетра чалавеку з абмежаванымі магчымасцямі. Сёння не існуе дарожнага знака “Прыпынак па патрабаванні”, а для ўладкавання дзеючага пункта неабходны вялікія сродкі. Старшыня раённага выканаўчага камітэта Вячаслаў Сельмановіч узнятае пытанне ведае. Больш таго, раённая ўлада ўжо звярнулася да дырэкцыі Баранавіцкага аўтапарка з просьбай дазволіць у парадку выключэння вадзіцелям аўтобусаў па даных маршрутах спыняцца ў вызначаным месцы, калі там чакае рэйса пажылы інвалід.

Яшчэ адна заяўніца – жонка інваліда і маці дзіцяці-інваліда – хоча ўдакладніць правільнасць налічэння ёй пенсіі і папрасіла намесніка старшыні абласнога выканаўчага камітэта дапамагчы ў гэтым. Алег Вялічка прыняў пытанне для вывучэння, пасля якога жанчына атрымае кампетэнтны адказ.

Па сутнасці, большасць запытаў, якія прагучалі падчас гэтага прыёму, знаходзіцца ў кампетэнцыі мясцовай улады. Вось толькі заяўнікі да яе чамусьці не звярталіся, хаця пытанне можна і трэба было вырашыць на месцы. Былі ўзняты і такія, з якімі адназначна належыць спраўляцца ўласнаручна. Напрыклад, адрамантаваць участак агароджы вакол асабістага падвор’я, якую некалі, лічы ў падарунак, бясплатна паставіла сельгаспрадпрыемства ўздоўж усёй ліпскай аграгарадской вуліцы…

Намеснік старшыні аблвыканкама не абмежаваўся правядзеннем прыёму грамадзян па асабістых пытаннях. У вёсцы ён пагаварыў з тутэйшымі людзьмі, пацікавіўся іх жыццём, праблемамі, клопатамі. Алег Вялічка ў суправаджэнні старшыні райвыканкама Вячаслава Сельмановіча і начальніка ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама Віктара Міхалоўскага наведаў абласную і ўчастковую бальніцы, азнаёміўся з умовамі, якія створаны ў гэтых установах аховы здароўя для лячэння хворых і працы медыкаў, іншымі пытаннямі.

Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *