Галоўны чалавек

На працягу ўсяго жыцця чалавек адчувае непарыўную сувязь з мамай. Яе мудрая  дабрыня і душэўная пяшчота аберагаюць малых і дарослых дзяцей ад праблем і непрыемнасцей, з’яўляюцца падтрымкай і апорай у самых складаных жыццёвых сітуацыях, даюць надзею, веру і любоў. І сімвалічна, што ў Беларусі Дзень маці адзначаецца ў вялікае праваслаўнае свята — Пакроў Прасвятой Багародзіцы — кожная матуля імкнецца   абараніць сваё дзіця ад усяго дрэннага, а Прасвятая Багародзіца ўвесь свет укрывае  сваім  покрывам.

Напярэдадні і непасрэдна ў Дзень маці ў арганізацыях і на прадпрыемствах, школах, дзіцячых садах, пазашкольных установах раёна   ладзіліся шматлікія тэматычныя мерапрыемствы і ўрачыстасці ў гонар гераінь свята.

У мінулую пятніцу зусім маладыя і бальзакаўскага ўзросту, сталыя і пажылыя жанчыны розных прафесій спяшаліся ў гарадскі Дом культуры на святочны жансавет — сустрэчу-ўшанаванне  «Святло ўсмешкі знаёмай». У холе ГДК гучала музыка і экспанавалася выстава работ таленавітых жанчын.

Са словамі віншавання да шаноўных зямлячак звярнуўся  старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Бурдук. Дзмітрый Міхайлавіч уручыў ганаровыя граматы і падзячныя пісьмы раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў  мнага-дзетным і прыёмным маці. Апладысментамі сустрэлі прысутныя і кветкі ад кіраўніка раёна ўсім жанчынам-маці.

Шмат цёплых слоў у адрас гераінь свята сказала старшыня  раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Наталля Мацкевіч.  А па-дзіцячаму непасрэднае і вельмі шчырае віншаванне-прывітанне юных гімназістаў і ўвогуле патанула ў авацыях залы. Усіх узрушыў расказ пра прыёмныя сем’і, якіх на Ляхавіччыне 46, і выхоўваюцца ў іх 69 хлопчыкаў і дзяўчынак. А 3 дамы сямейнага тыпу сабралі пад сваім дахам 20 дзетак, дзе ім утульна жывецца, дзе іх любяць, выхоўваюць, дзе пра іх клапоцяцца. Шчырай удзячнасці і павагі заслугоўваюць прыёмныя мамы  Яніна Гачко,  Казіміра Гаршынёва, Валянціна Зубік, Кацярына Захаранкава, Марыя Бортнік, Ганна Расоха, Алена Ляшко, Марыя Пяткевіч. Паклон вам, дарагія       зямлячкі,  за сапраўдны подзвіг — выхаванне дзяцей, якія сталі для вас роднымі і шчымліва-радасна называюць вас  мамамі.

Атмасфера на святочным канцэрце была па-дамашняму цёплай і добразычлівай, інакш нельга, бо галоўная гераіня — маці, а для  кожнага яго мама — самая-самая…

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *