18 КРАСАВІКА – МІЖНАРОДНЫ ДЗЕНЬ ПОМНІКАЎ І ГІСТАРЫЧНЫХ МЯСЦІН
Шчыра віншуем вас з Міжнародным днём помнікаў і гістарычных мясцін, які адзначаецца 18 красавіка.
На тэрыторыі Брэстчыны вядома больш за 2,5 тысячы ўнікальных гісторыка-культурных помнікаў археалогіі, гісторыі, архітэктуры, выяўленчага мастацтва. На жаль, ваенныя ліхалецці і час забыцця ўнеслі сваю негатыўную лепту ў захаванне гэтай спадчыны, яе збядненне. Таму сёння вельмі важна зберагчы ўнікальныя дасягненні нашых продкаў, каб перадаць іх нашчадкам.
У вобласці вядзецца мэтанакіраваная работа па аднаўленні, захаванні і папулярызацыі гісторыка-культурных каштоўнасцей. Сведчаннем таму з’яўляецца працяг рэстаўрацыйных работ на аб’ектах Брэсцкай крэпасці, у Косаўскім і Ружанскім палацах, сядзібе Н. Орды ва ўрочышчы Чырвоны Двор Іванаўскага раёна. Усяго ў мінулым годзе былі праведзены работы на 99 гістарычных аб’ектах і воінскіх пахаваннях.
Адкрыты шэраг новых экспазіцый у музейных установах вобласці. Дарэчы, музейны фонд Брэстчыны складае 411 тысяч прадметаў. Папаўняецца калекцыя каштоўных, рэдкіх гістарычных выданняў у краязнаўчых аддзелах бібліятэк вобласці. У мінулым годзе колькасць помнікаў, якія знаходзяцца пад аховай дзяржавы, павялічылася на 20 аб’ектаў, у тым ліку вялікая работа была праведзена па захаванні нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны.
Значным вынікам нашай працы ў Год культуры стала выданне ілюстраванай кнігі «Гістарычная і культурная спадчына Берасцейшчыны», дзе размешчана інфармацыя пра найбольш важныя і знакавыя гісторыка-культурныя каштоўнасці. Гісторыка-культурная спадчына з’яўляецца нашым нацыянальным здабыткам, а яе захаванне – гэта абавязак кожнага з нас і агульная справа ўсяго грамадства!
Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама.