450 мілілітраў на карысць жыцця. У Ляхавіцкім раёне чарговы раз прайшла акцыя па бязвыплатнай здачы крыві

Пераважная большасць донараў, якія прыйшлі ў Тухавіцкую ўрачэбную амбулаторыю, работнікі торфабры-кетнага завода. Сярод іх – майстар будаўнічай брыгады Сагындык Мамадаліеў.

Цяпер ужо немагчыма даведацца, па чыіх венах і артэрыях цячэ кроў больш як 60 нашых землякоў, якія ўдастоены звання “Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь”. Кожны з іх  здаў не менш за 40 доз крыві ці 80 – плазмы. Сярод ганаровых донараў нямала і медыкаў: Ларыса Чараднічэнка, Зоя Тагановіч, Святлана Усакоўская, Ірына Дудук і іншыя.  Урач рэаніматолаг-анестэзіёлаг Ігар Васілевіч не мае такога статуса, але здаваў кроў ужо каля трох дзясяткаў разоў, на рахунку малодшай медыцынскай сястры райбальніцы Святланы Гіль – каля  20 данацый.

Ганаровыя донары пры выхадзе на пенсію атрымліваюць пэўныя льготы. Але  не ўсё ў жыцці вымяраецца  матэрыяльным. Слова “донар” паходзіць ад лацінскага “donare” – дарыць. Чалавек, які здаў кроў нават адзін раз, мае поўнае права паставіць у сваім  спісе добрых спраў вялікі плюс – ён  камусьці зрабіў самы дарагі падарунак. Донарская кроў і яе плазма  жыццёва неабходныя не толькі ў ваенны час, але і ў мірны: у аддзяленнях рэанімацыі, хірургіі, анкалагічных клініках, радзільных дамах. Кроў і яе кампаненты патрабуюцца для вырабу каля паўсотні разнастайных прэпаратаў.
Апошнім часам усё больш людзей, у тым ліку і ў Ляхавіцкім раёне, далучаецца да акцыі ”Бязвыплатнае донарства пачынаецца з мяне”.  Толькі за першы квартал гэтага года больш за тысячу жыхароў  Брэстчыны хоць аднойчы сталі донарамі, прычым бязвыплатна. Сярод іх – 50 ляхавічан: педагогі, медыкі, супрацоўнікі райвыканкама, раённых аддзелаў па надзвычайных сітуацыях і ўнутраных спраў, работнікі камунгаса, прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Яны, як і іншыя бязвыплатныя донары,  палічылі справай гонару аддаць па 450 мілілітраў сваёй крыві дзеля гуманнай місіі – выратавання незнаёмага чалавека.
Чарговы этап акцыі “Бязвыплатнае донарства пачынаецца з мяне” ў раёне прайшоў  у мінулы аўторак на базе Тухавіцкай урачэбнай амбулаторыі.  22 вяскоўцы, у пераважнай большасці работнікі мясцовага торфабрыкетнага завода, прыйшлі ў медустанову, каб стаць саўдзельнікамі добрай справы. Словы ўдзячнасці хочацца сказаць не толькі ім, але і адміністрацыі торфабрыкетнага завода, і  супрацоўнікам раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі за
добрую арганізацыю акцыі.
Донарская кроў і яе кампаненты запатрабаваныя і ў Ляхавіцкай райбальніцы.  Яны – важныя, а іншы раз і вызначальныя ў лячэнні хранічнай анеміі,  траўмаў са значнай  стратай крыві, пры хірургічных аперацыях і г.д.
Спатрэбілася пераліванне крыві і пры адной з аперацый па замене сустава.  Сёлета за  першы квартал у райбальніцы зрасходавана каля 28 літраў крыві, 9 літраў свежазамарожанай плазмы, 15 літраў альбуміну (бялку плазмы крыві).
Бязвыплатнае донарства не толькі дапамагае канкрэтнаму чалавеку, але надзвычай  важнае для медыцыны ў цэлым.  Бюджэтныя грошы, якія эканомяцца з яго дапамогай, дазваляюць  набыць сучаснае медыцынскае абсталяванне і медыкаменты, вырашыць  іншыя медпатрэбы.
Дарэчы, да донараў прад’яўляюцца даволі сур’ёзныя патрабаванні. Сярод  супрацьпаказанняў для  донарства – СНІД, ВІЧ-носьбітства, сіфіліс, гепатыты, хваробы крыві, туберкулёз, наркаманія, сіндром залежнасці ад алкаголю, злаякасныя пухліны, псіхічныя хваробы, гіпертанія ІІ ступені і вышэй,  ішэмічная хвароба сэрца, язва страўніка ці кішэчніка, бранхіяльная астма,
вострыя інфекцыі  і некаторыя іншыя.
Патэнцыяльны донар павінен  ведаць наступнае. За некалькі дзён да здачы крыві трэба  абмежаваць курэнне, ужыванне спіртнога, прытрымлівацца спецыяльнай дыеты – нельга есці тлустае, салёнае,  малочнае.  Абавязкова робіцца клінічны аналіз крыві, вымяраюцца ціск і пульс. Кожная порцыя донарскай крыві праходзіць абавязковую праверку.  Здача крыві карысная і для здароўя донара, бо  ў першую чаргу стымулюе імунітэт.
Бясспрэчна,  донарам быць пачэсна. Менавіта дзякуючы такім людзям іншыя атрымліваюць шанц жыць.  Акцыя па бязвыплатнай здачы крыві працягваецца.
Ірына ВОЛКАВА,
намеснік галоўнага ўрача Ляхавіцкай ЦРБ.
Фота  Таццяны РУСАКЕВІЧ.

Вадзіцель Вадзім Русакевіч праходзіць даўрачэбны агляд, які праводзіць урач Наталля Коцур.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *