Калі ініцыятывы становяцца традыцыямі

Незалежна ад развіцця тэхналогій і  навуковых адкрыццяў, ва ўсе часы  ў модзе адукаваныя, ініцыятыўныя і энергічныя маладыя людзі. Амаль паўтара дзесяцігоддзя многія з нашых суайчыннікаў самарэалізоўваюцца, самавызначаюцца ў    Беларускім рэспубліканскім саюзе моладзі.  Для іх членства ў  арганізацыі не толькі вопыт працы ў камандзе, магчымасць праявіць творчыя і арганізатарскія здольнасці, але і  своеасаблівая размінка, нават  стартавая  пляцоўка для паспяховага заўтра.

– У кожнага ў жыцці ёсць мара. З  дзяцінства марыў быць карысным людзям, – пачаў сваё выступленне на VI раённай справаздачна-выбарчай канферэнцыі Дзмітрый Багушэвіч.  Актывісту БРСМ ёсць чым падзяліцца з малодшымі сябрамі. Ён асоба вядомая не толькі ў маладзёжным асяроддзі. Пачынаў майстрам участка на мясцовым ільнозаводзе, адначасова ўзначальваў савет  моладзі на прадпрыемстве і паспяваў удзельнічаць у грамадска-палітычным жыцці Ляхавіччыны. Менавіта яму летась выпаў гонар прадстаўляць моладзь нашага раёна на пятым Усебеларускім народным сходзе. Сёння ён  выконвае абавязкі старшыні Конькаўскага сельвыканкама.

Першы сакратар  раённага камітэта  БРСМ Тамара Пракап’юк трымала справаздачу аб дзейнасці раённай арганізацыі за 2 гады, гаварыла пра перспектывы, падрабязна спынілася на найбольш значных і яркіх  справах. Сярод іх праекты як рэспубліканскага маштабу “Мы – грамадзяне Беларусі”, “Дзякуй за Перамогу”, “Ад абеліска да абеліска” і г.д., так і раённага – “Дзень добрых спраў”,  творчы  конкурс  “Мужнасцю сваёй у неўміручасць крочылі. Праўнукі пра прадзедаў”, што рэдакцыя “Ляхавіцкага весніка” праводзіла сумесна з маладзёжнай арганізацыяй,  і іншыя.  У 70-годдзе Вялікай Перамогі актывісты БРСМ  і навасёлкаўскія  школьнікі ва Ураджайнай заклалі сквер, са старшакласнікамі СШ №2 пасадзілі разам з ветэранамі алею, а праз год –  сад  мары.

Яблыневы  цвет і чырвона-зялёная  стужка – сімвал рэспубліканскага патрыятычнага праекта “Кветкі Вялікай Перамогі” – стаў не толькі вельмі пазнавальным, але напоўніў глыбокім сэнсам і значэннем шматлікія справы і мерапрыемствы.

Дапамога ў працаўладкаванні (у тым ліку другасным) моладзі, фарміраванне здаровага ладу жыцця, шматлікія пазнавальна-забаўляльныя праграмы, грамадска значныя і  інтэрнэт-праекты – накірункі дзейнасці аб’яднання.

Адзін з іх –  валанцёрскі рух “Добрае сэрца” – уключае не толькі шэфства над ветэранамі  вайны і працы, састарэлымі землякамі і інвалідамі, шматдзетнымі сем’ямі, сіротамі, а і добраўпарадкаванне,  азеляненне нашага раёна, працу ў полі, садах, на фермах і г.д.

Валанцёрскія атрады створаны ва ўстановах адукацыі, у тым ліку і ў ЛДАКу, сёння яны аб’ядноўваюць 109 юнакоў і дзяўчат. Кожная іх ініцыятыва мае канкрэтны адрас дапамогі. Раённы камітэт БРСМ ужо выдаў 68 асабістых кніжак валанцёра – своеасаблівых пашпартаў, якія засведчваюць бескарыслівасць і нераўнадушнасць іх уладальнікаў.

Камандзір валанцёрскага атрада “Чыстыя сэрцы” СШ №1 Алена Капцэвіч падзялілася добрымі справамі, якія нераўнадушныя  школьнікі арганізуюць не дзеля славы, а па закліку душы.  Акцыі “Дом без адзіноцтва”,  “Ветэран жыве побач”, “Захаваем лес”, флэшмоб “Мы – за здаровы лад жыцця”, круглыя сталы “Роўны навучае роўнага” і іншыя сталі традыцыйнымі. А відэаролік “Валанцёрскі фотааб’ектыў”  пацвер-дзіў шырокія інтарэсы валанцёраў.

Пра цікавае і шматграннае жыццё бээрэсэмаўцаў аграрнага каледжа расказала намеснік сакратара  тутэйшай пярвічкі  Кацярына Ярашэвіч.

Намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень на канферэнцыі выказала пажаданні па росту  радоў бээрэсэмаўцаў на прадпрыемствах і ў арганізацыях, засяродзіла ўвагу на якасці грамадзянска-патрыятычнага  выхавання моладзі, на фарміраванні ў яе  маральна-духоўных каштоўнасцей.  Мерапрыемствы пад эгідай БРСМ павінны быць гучнымі і  яркімі, праводзіцца не фармальна – такія прапановы ўнесла ў праект пастановы справа-здачна-выбарнай канферэнцыі Дзіяна Трысцень.

Мікалай Лугаўскі, другі сакратар Брэсцкага абласнога камітэта БРСМ, падкрэсліў, што  ляхавіцкія пярвічкі адрозніваюцца прадстаўнічасцю  ў рэспубліканскіх праектах, але чамусьці  вызначаюцца  невялікай актыўнасцю ў  “100 ідэях для Беларусі”. Гэта, так сказаць, дамашняе заданне для мясцовых бээрэсэмаўцаў. На парадку дня і   працаўладкаванне моладзі, якому  будзе садзейнічаць створаны пры райвыканкаме савет па каардынацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў. Мікалай Лугаўскі ўручыў граматы абкама БРСМ старшакласніцы Начаўскай СШ Таццяне Чаранкевіч і інжынеру лясгаса Таццяне Шпакавай, падзяку – пярвічцы ЛДАКа і  актывістцы з торфабрыкетнага завода Ганне Барташэвіч.

У радах раённай арганізацыі налічваецца больш за 1300 бээрэсэмаўцаў – амаль трэць ад колькасці моладзі, што жыве на тэрыторыі раёна. Калі кожны з іх ўнясе нешта сваё, новае ў маладзёжнае жыццё, выступіць з арыгінальнай ініцыятывай, наколькі напоўненым будзе  кожны бээрэсэмаўскі дзень. У свой час тады сакратар райкама БРСМ Алег Траццяк быў ідэйным натхняльнікам турніру па армрэслінгу і гіравым спорце, Ларыса Юшкевіч сумесна з ДТСААФ садзейнічала адраджэнню конкурсу сярод працоўнай моладзі на лепшага вадзіцеля. Ініцыятывы сталі  традыцыямі. Справа за вамі, маладыя   і нераўнадушныя!

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *