Дзень спорту

Стартавала “Вертыкаль” у мінулую суботу, у другой палове выхаднога і фінішавала. Прайшла ў роўнай спартыўнай барацьбе, пра што сведчыць шчыльнасць канчатковых вынікаў, і ў цёплай сяброўскай атмасферы. Калі б не дастаткова халоднае і ветранае ў той дзень надвор’е. У асаблівасці што тычыцца веласіпедыстаў, выступленні якіх праходзілі на авале адкрытага стадыёна. Месцам жа правядзення спаборніцтваў па астатніх прадугледжаных праграмай спартакіяды відах спорту – шашках, шахматах, дартсе, настольным тэнісе, більярдзе, стральбе – сталі спецыялізаваныя або спецыяльна прыстасаваныя памяшканні спартыўнага комплексу “Колас”.

У гульнявой зале ДЮСШ адбылося і адкрыццё спартакіяды.

Старт даў старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук. Было адзначана, у прыватнасці, што спорт робіць чалавека моцным, як нямногае іншае дапамагае пераадольваць складанасці, загартоўвае, выхоўвае характар. “… І няхай пераможа мацнейшы”, – завяршыў кіраўнік раённай вертыкалі.

На званне мацнейшай прэтэндавалі 5 каманд, сфарміраваных па прынцыпе “блокавай” калегіяльнасці ў структуры выканаўчых органаў раёна: эканамічны блок, сацыяльны, упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і будаўніцтва, кіраванне справамі райвыканкама. Кожны з дзесяці членаў каманды мог “заявіцца” для ўдзелу ў нейкім адным з відаў праграмы плюс стаць удзельнікам сваёй велаэстафетнай чацвёркі. Для кіраўнікоў каманд – намеснікаў старшыні і кіраўніка справамі райвыканкама – прадугледжваўся асобны рэгламент. Кожнаму належала паспытаць сябе ў “вертыкальным” трохбор’і: стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, кіданні ў цэль дроцікаў і фігурнай яздзе на веласіпедзе. Камандны поспех вызначаўся па суме выступленняў кожнага з яе членаў.

У выніку лепшы ачковы баланс склаўся ў прадстаўнікоў каманды ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання. Яны першынствавалі ў спаборніцтвах за шахматнай дошкай, дартсе, веласіпеднай эстафеце. Ды і ўвогуле, толькі ў адным з відаў спартакіяднай праграмы не трапілі ў лік прызёраў.

Каманда эканомблока ў прызавую тройку не трапіла, аднак, пераможным фінішам вызначыўся яе кіраўнік. Намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Дзяжурны паказаў лепшы вынік у спаборніцтвах сярод кіраўнікоў каманд.

Спартакіяда была вытрымана ў фармаце аналагічных абласных спаборніцтваў і служыла адборам для ўдзелу ў такіх. Сфарміраваная такім чынам каманда Ляхавіцкага раёна ўжо ў бліжэйшы выхадны адправіцца ў Баранавічы, дзе на працягу двух дзён будзе праходзіць абласная спартакіяда “Вертыкаль”.

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *