Час не чакае

Вось ужо і сярэдзіна восені мільганула апалым жоўтым лісцем. Гэты колер увогуле пачынае   дамінаваць. У горадзе, вёсцы, на дарогах, у полі.

З кожным днём усё больш упэўнена, па-гаспадарску ўваходзіць у свае правы халодная пара. Але ж вёсцы-працаўніцы да халадоў шмат яшчэ што трэба паспець: завяршыць  уборку позняга ўраджаю, справіцца з ворыўнымі работамі. Сёлета, між іншым, як ніколі раней: па інфармацыі  райсельгасхарчу, на пачатак апошняга асенняга месяца ўсе палявыя работы павінны быць паспяхова завершаны. У тым ліку і што тычыцца ўборкі кукурузы. У рознай колькасці гэта культура прысутнічае на палетках усіх сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна. Асабліва многа – у “Жарабковічах”, многа – у ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”, СВК “Шлях новы”, “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік”, ЗАТ “Белпрампрыбор”, ДП “Нача”.

Калі ж паглядзець на паказчыкі ўраджайнасці, то бясспрэчным лідарам з’яўляецца кукурузны гектар СВК “Ляхавіцкі”. З участкаў, прызначаных на сіласную масу, гаспадарка “здымае” крыху больш як 500 цэнтнераў, а кожны зерневы гектар “сыпле” амаль па 170 цэнтнераў. Да таго ж, па словах галоўнага агранома райсельгасхарчу Мікалая Каплынова, ужо і 100 цэнтнераў лічыцца зусім нядрэнным зборам. Ёсць, праўда, і такія арганізацыі, дзе ўраджайнасць не дасягае і паловы апошняй лічбы. У цэлым жа, па стану на 15 кастрычніка, дзякуючы кукурузе, агульны зерневы намалот раёна папоўніўся дадаткова  прыкладна на 4  з паловай ты-сячы тон. Пры тым, што вель-мі многае яшчэ наперадзе.

Нарыхтоўка сіласнай масы пачалася раней і ідзе сваім тэмпам. Блізкую да 500 цэнтнераў і параўнальную з “Ляхавіцкім” ураджайнасць маюць гаспадарнікі ЛДАКа, СВК “Жарабковічы”. Аднак, у адрозненне ад двух першых, дзе работы ўжо завершаны, апошнім варта было б павялічыць уборачныя тэмпы, паколькі на корані знаходзіцца яшчэ прыкладна дзве траціны намінальных плошчаў.

У цэлым па раёне зялёныя кукурузныя нарыхтоўкі складаюць на гэты момант больш як 120 тысяч тон. А найбольшыя пакуль закладкі каштоўнага корму зроблены ў “Новым шляху”, “Ляхавіцкім”, “Жарабковічах”, райаграсэрвісе і ў некаторых іншых. Прытым, што з 6121 увогуле пасеянага кукурузнага гектара, на панядзелак няўбраным яшчэ заставаўся прыкладна кожны трэці.

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *