Прыемныя клопаты Клапаткоў

– Гэты ўтульны, чысты гарадок сапраўды стаў  нашай другой  маленькай радзімай, ён  нечым  падобны на Нароўлю, якую мы пакінулі  больш за чвэрць стагоддзя назад. І суседняя з нашай Сонечнай  вуліца ў Ляхавічах  называецца Кастрычніцкая, як і тая, дзе мы  калісьці жылі, –  з ноткамі настальгіі гаворыць Марыя Клапаток.

Сям’я Клапаткоў – адна з некалькіх  дзясяткаў нараўлянскіх сем’яў-перасяленцаў (горад знаходзіўся ў 30-кіламетровай зоне  адчужэння), якія  пасля аварыі  на Чарнобыльскай АЭС пераехалі на пастаяннае месца жыхарства  ў наш райцэнтр.  Большасць з іх і раней добра ведалі адзін аднаго, некаторыя былі нават суседзямі.  І, напэўна,  адчуванне таго, што  побач ёсць  землякі, дапамагала пачаць жыццё на новым месцы, уладкоўваць быт, працаваць.
Што датычыць  работы, то  для  Клапаткоў усё склалася надзвычай добра. Абодвум давялося памяняць толькі  месца, астатняе – спецыфіка і нават   пасада – засталося ранейшым.
Аляксандр Паўлавіч калісьці працаваў інжынерам-механікам на Нараўлянскім малаказаводзе, стаў  вядучым інжынерам-энергетыкам на  малочным заводзе  ў Ляхавічах. Цяпер працуе галоўным інжынерам прадпрыемства, ведае тут усё ад “а” да “я”, што датычыцца вытворчай часткі, мадэрнізацыі, тэхнічнага аснашчэння і многага іншага. Летась удастоены спецыяльнай прэміі райвыканкама “Чалавек года” за высокія дасягненні ў прафесійнай і грамадскай дзейнасці”.
Клапаткі ўдзячны дырэктару прадпрыемства  Вячаславу Жукоўскаму, які з першых дзён  пераезду  сям’і з Нароўлі  дапамагаў  ім уладкавацца на новым месцы, падтрымліваў.  А самі Клапаткі прадоўжылі ланцужок добрых спраў. І менавіта па іх рэкамендацыі  ў Ляхавічы пераехалі добрыя знаёмыя  Дубікоўскія – таксама абжыліся тут, пусцілі карані. І бацькоў сваіх  Аляксандр Паўлавіч з забруджанай тэрыторыі перавёз на Ляхавіччыну – у вёску Пашкоўцы.
У адрозненне ад сына і дачкі, якія хутка знайшлі  новых сяброў, не адчувалі праблем і ў школе з аднакласнікамі,  дарослым, бясспрэчна,  адаптавацца да новых было цяжэй. Спецыфіка работы  ў спалучэнні з камунікабельнасцю і адкрытасцю дазволілі  Марыі Клапаток (з 1990 года працуе вядучым спецыялістам у прадстаўніцтве Белдзяржстраха па Ляхавіцкім раёне) хутка  стаць сваёй  і ў нашым райцэнтры.
Муж і жонка – удзельнікі ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Усведамлялі: адбылося непапраўнае, асабліва баяліся за дзяцей, за іх здароўе. Марыя Мікалаеўна з сынам і дачкой  з мая па верасень 1986 года аздараўліваліся  ў санаторыі  на Гродзеншчыне. Пасля вяртання ў Нароўлю жанчына зноў пайшла  на работу ў  Белдзяржстрах.
–  З калегамі абходзілі  дамы ў 10-кіламетровай зоне адчужэння. Перапісвалі маёмасць для далейшай выплаты кампенсацый пацярпелым ад аварыі.  Вёска Белыя Сарокі знаходзілася на адлегласці каля 5 кіламетраў ад АЭС, з яе  былі бачныя  трубы атамнай электрастанцыі, – успамінае Марыя Клапаток.
Аляксандр Паўлавіч расказвае, што сепаратарнае аддзяленне прадпрыемства знаходзілася недалёка ад Чарнобыля. Менавіта  там на працягу месяца Клапаток разам з іншымі работнікамі дэманціраваў абсталяванне, вывозіў яго. А потым пачалі хварэць дзеці…
З таго часу прайшло амаль 28 гадоў. Сёння Аляксандр і Марыя багатыя на ўнукаў, якіх у іх шасцёра.  Стараюцца часцей  бавіць з малымі час, шмат  расказваюць пра прыгожыя мясціны на беразе Прыпяці, бо ўпэўнены – дзеці павінны ведаць свае вытокі, гісторыю сям’і.
У Нароўлі Клапаткі не былі  даўно, а вось на сваю малую радзіму – у  Хойнікі – наведваюцца часта: абавязкова на Радаўніцу. А яшчэ  ездзілі на сустрэчу  былых аднакласнікаў, якіх чарнобыльская трагедыя раскідала па  свеце.
– Ёсць што ўспомніць,  пра што пагаварыць. Але хутка пачынаем сумаваць па Ляхавічах, –  гаворыць Марыя Клапаток. – Нашых Ляхавічах.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *