Абноўка з пахам баршчу

Зноў на тэрыторыі райбальніцы ўсталяваны будаўнічыя вагончыкі, рыштаванні – поўным ходам ідзе доўгачаканы капітальны рамонт харчаблока. На гэтыя мэты з мясцовага бюджэту  выдаткавана   549 тысяч рублёў.
Галоўны ўрач ЦРБ Георгій Хлябовіч не хавае радасці:
– Гэта вельмі важная акалічнасць: 30 гадоў харчаблок без рамонту, а тут такое пераўзбраенне! Запланавана шмат, некаторыя праблемы выяўляюцца падчас будаўнічых работ, таму аб’ёмаў прыбаўляецца. Але будзем старацца ўкласціся ў адведзеныя тэрміны – завяршыць рамонт да канца года.
Работы пачалі 1 красавіка. Генеральны падрадчык – будаўнічы трэст № 25 горада Баранавічы. Умацаванне фундамента,  рамонт даху, замена падлогі, каналізацыі, вентыляцыі, сцен, перакрыццяў, устаноўка новага тэхналагічнага абсталявання – плануецца зрабіць гэта і многае іншае. За ходам рэканструкцыі і якасцю работ вядзецца пастаянны кантроль.
Райбальніца арандуе памяшканне  былой сталовай завода ”Металапластмас”, дзе ежу для пацыентаў, у тым ліку і Крывошынскай участковай бальніцы,  гатуюць  брыгады повараў ЦРБ,  дастаўляюць на бальнічным аўтатранспарце  ў спецыяльных тэрмасах-кантэйнерах свежай, гарачай і строга па раскладзе.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *