Хутка час бульбы

Сяўба ранніх яравых у раёне выйшла на фінішную прамую: пасеяна 7184 гектары з запланаваных 7700. Якасць пасяўной кампаніі пад пільнай увагай не толькі механізатараў, але і спецыялістаў райсельгасхарчу, а таксама адказных асоб у кожным аграрным прадпрыемстве.
У гаспадарках працягваецца сяўба аднагадовых кармавых культур і цукровых буракоў. Усе асноўныя сейбіты салодкага кораню –   ААТ ”Жарабковічы”, ”Шлях новы”, ”Ляхавіцкі райаграсэрвіс” – распачалі сезон. ”Шлях новы” пасеяў цукровыя буракі ўжо на чвэрці запланаваных плошчаў.
Хаця халады ўнеслі свае карэктывы ў планы льнаводаў, знізіліся тэмпы пасяўной, льнозавадчане пасеялі паўночны шоўк на 1600 гектарах з адведзеных на гэтыя мэты 2000 гектараў.
Калі нядаўна на палетках раёна вырошчваўся пераважна азімы рапс, то сёлета некаторыя гаспадаркі зацікавіліся яго яравым ”сабратам”, які раней у асноўным высяваўся замест вымерзлага. ЗТАА ”БелДан” засеяла палову запланаваных плошчаў. Таксама гэтай культурай будуць займацца ”Жарабковічы”, ”Шлях новы”, ”Ляхавіцкі”, ”Нача”.
Завяршаюцца работы па падрыхтоўцы глебы, унясенні ўдабрэнняў пад пасадку бульбы. Па 100 гектараў пад другі хлеб адведзена ў СВК ”Ляхавіцкі” і ААТ ”Жарабковічы”, 50 – у райаграсэрвісе. Адпрацаваная тэхналогія, высокаўраджайныя сарты, добраўпарадкаванае бульбасховішча – у ”Ляхавіцкім” гатоўнасць 100 працэнтаў. З захаваннем усіх агратэхнічных патрабаванняў пачнуць пасадку гэтай культуры і два іншыя бульбаводчыя сельгаспрадпрыемствы.
Канешне, не без праблем – не ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах гэтым гарачым часам хапае механізатараў. І паломкі тэхнікі здараюцца. Але ў тых гаспадарках, дзе пра захаванасць машынна-трактарнага парка клапоцяцца паўсядзённа, з рамонтам спраўляюцца своечасова.
Адсеяцца ў час, якасна, з захаваннем тэхналогіі – гэта  вызначальнае ў атрыманні добрага ўраджаю.
Галіна ЗАРЭЧНАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *