Заўтра свята ў сувязістаў

20 кастрычніка 17-ы асобны батальён сувязі адзначыць прафесійнае свята – гадавіну ўтварэння войскаў сувязі. У гэты дзень у 1919 годзе было створана Упраўленне сувязі Чырвонай Арміі.

Старонкі ў гісторыю часці воінскі калектыў упісвае ў радах беларускіх Узброеных Сіл. Застаючыся вернымі гераічнаму мінуламу франтавых сувязістаў, сённяшнія вайскоўцы паспяхова вырашаюць пытанні баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці, забеспячэння бесперабойнай і ўстойлівай сувяззю (радыёрэлейнай і правадной) кіравання Заходняга аператыўна-тактычнага камандавання. І з гонарам можна адзначыць: наш калектыў здольны дакладна і надзейна выконваць пастаўленыя задачы ў любых, нават самых складаных, умовах. Высокае прафесійнае майстэрства і зладжанасць дзеянняў, арганізаванасць і дысцыпліну воіны-сувязісты дэманструюць і падчас вучэнняў у складзе войскаў Заходняга АТК, і штодзень на сваіх баявых пастах. 17-ы асобны батальён сувязі, якім сёння кіруе падпалкоўнік Сяргей Апалонаў, заўсёды пад рукой (у прамым і пераносным сэнсе) у камандавання ЗАТК: воінская часць размешчана побач з камандным пунктам Заходняга аператыўна-тактычнага камандавання. Воіны кругласутачна нясуць службу і баявое дзяжурства на камутатары сувязі, стацыянарным вузле, на радыёстанцыях і ў апаратных.

У батальёне сфарміраваны зладжаны калектыў аднадумцаў, сапраўдных прафесіяналаў сваёй справы. Кожны афіцэр, прапаршчык, сяржант, што называецца, на сваім месцы, умее арганізаваць і мабілізаваць сваіх падначаленых. У часці выкарыстоўваюць кожную вучэб-ную гадзіну для ўдасканалення прафесійнага майстэрства. Салдаты і сяржанты пад кіраўніцтвам камандзіраў становяцца ўмелымі сувязістамі.

Добрую рэпутацыю ў  камандавання часці маюць прадстаўнікі Ляхавіцкага раёна: яфрэйтар Святлана Кендыш, сяржант Георгій Лойка, старшы сяржант Таццяна Сліва, прапаршчык Андрэй Равяка, лейтэнант Ігар Кабяшоў, сямейная дынастыя Боднараў і іншыя.

Палову асабовага саставу батальёна складаюць жанчыны-ваеннаслужачыя. Службовыя нагрузкі і нязручнасці палявога жыцця яны пераносяць з годнасцю.

На заўтрашнім урачыстым сходзе многія ваеннаслужачыя будуць адзначаны ў святочным загадзе і заахвочаны. Гэта – заслужаная ўзнагарода за дасягнутыя поспехі ў ратнай справе.

Сяргей СЯРДЗЮК,
намеснік камандзіра
батальёна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *