Малако ад прыватнай кароўкі

Ці варта трымаць карову ў асабістай гаспадарцы? Яшчэ некалькі гадоў назад гэтае пытанне выклікала б здзіўленне. Зразумела, патрэбна: заўсёды сваё, свежае малако, тварог, вяршкі, масла, сыракваша. Па сутнасці, на стале самыя неабходныя для любога ўзросту прадукты харчавання. Ды якія! З дзяцінства памятаецца смак бліноў з маслам, якое толькі што збілі ў драўлянай маслабойцы. А пад дахам на сонейку сушыліся самаробныя сыры…

Сёння, калі ўсе прадукты харчавання можна купіць у магазіне і пры гэтым сэканоміць шмат часу, большасць гаспадынь, на падвор’ях якіх ёсць рагуля, прадае малако, найчасцей на малаказавод. Справа даволі прыбытковая. А калі трымаць не адну, а дзве-тры кароўкі, як гэта робяць многія сем’і, то дадатковая зарплата штомесяц гарантавана.

Праўда, нялёгка весці асабістую падсобную гаспадарку, прытым, што ты яшчэ працуеш. У многіх сельгаспрадпрыемствах    улічваюць гэта і бяруць вялікую частку клопатаў на сябе: адна карова ў гаспадарцы поўнасцю забяспечваецца сенам, на кожнага працуючага вы-дзяляецца па тоне, а то і больш зерня, статак мае асобную пашу, арганізавана ветэрынарнае абслугоўванне. У такіх умовах чаму б не   гаспадарыць?  Многім, асабліва людзям старэйшага ўзросту, і хацелася б трымаць кароўку, ды няма сіл, вымушаны збываць. Прычым, штогод прыватны статак змяншаецца, і адлік ужо ідзе на сотні галоў. Сёлета, напрыклад, на пачатак года ён пабяднеў на 255 кароў. Трэба меркаваць, што за 9 месяцаў гэтая лічба яшчэ павялічылася. Асабліва хутка  працэс ідзе ў Крывошынскім, Начаўскім, Востраўскім, Жарабковіцкім сельсаветах.

Аднак і пры такой сітуацыі закуп малака ў раёне працягваецца і дастаткова паспяхова. Садзейнічае адрэгуляваная сістэма збору малака, у якой задзейнічаны і цэнтравываз, і сілы мясцовых гаспадарак. Адказнасць праяўляюць малаказборшчыкі, заробак якіх прама прапарцыянальны закупленай прадукцыі. Літаральна да кожнага двара, дзе ўтрымліваецца карова, рэгулярна пад’язджае транспарт, каб забраць малако, якое гаспадары прадаюць дзяржаве. Апраўдалі сябе вызначаныя вяскоўцамі пункты збору прадукцыі. І калі валавы збор малака крыху зменшыўся, то надой на карову павялічыўся (у пераводзе на базісную тлустасць 3,6 працэнта). Найперш тут трэба сказаць дзякуй малаказдатчыкам за якасны тавар. Кожны з іх  трымае пад кантролем усе параметры сваёй прадукцыі. Іменна па гэтай прычыне паступаюць званкі-просьбы ў райсельгасхарч зрабіць кантрольныя праверкі якасці малака. Толькі за апошні час мы пабывалі ў вёсках Крывошын, Альхоўцы, Конькі, Канюхі, Жарабковічы з тым, каб праверыць работу мясцовых лабарантаў і малаказборшчыкаў. І паўсюдна вынікі нашых даследаванняў супадалі з тымі, што рабілі лабаранты.

Пра добрую якасць малака, закупленага з уласных падвор’яў, сведчыць і тое, што сёлета за 9 месяцаў толькі аднойчы была вернута тона 100 кілаграмаў малака са Свяціцкага сельсавета. Гаспадар здаў прадукцыю ад хворай жывёлы. Атрымалася лыжка дзёгцю ў бочцы мёду – выяўлены інгібіруючыя рэчывы, малако вярнулі малаказдатчыкам для гаспадарчых патрэб. Пасля        растлумачальнай работы, праведзенай з людзьмі, такія выпадкі не   паўтараліся.

Сёлета за 9 месяцаў найбольшы надой на карову з прыватнага сектара ў Жарабковіцкім сельсавеце: ад кожнай з 298 кароў сабрана па 3213,1 кілаграма малака. У параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года прыбаўка склала 384,2 кілаграма. На 60 кілаграмаў больш ад кожнай рагулі прададзена малака жыхарамі Навасёлкаўскага сельсавета – 2809,7 кілаграма, 142,9 кілаграма малака на рагулю прыбавілі ў Начаўскім, на 133,8 кілаграма малака больш рэалізавалі ад кожнай са 140 кароў свяцічане. У цэлым па раёне ад прыватнага статка, які налічвае сёлета 1712 кароў, за 9 месяцаў закуплена 4045,1 тоны малака, што ў разліку на карову складае 2362,8 кілаграма – на 5 працэнтаў больш, чым за адпаведны перыяд летась. Зазначу, што ўсе гэтыя паказчыкі зроблены ў пераразліку на базісную тлустасць – 3,6 працэнта.

Закуп малака з асабістых падвор’яў грамадзян – значная прыбаўка да агульнай колькасці прадукцыі, атрыманай ад грамадскага статка раёна. Такое супрацоўніцтва на карысць абодвум бакам.

Асабіста я за тое, каб ранкі пахлі сырадоем, каб штодня на малочны завод прыбывалі поўныя малакавозы, і каб задаволенымі заставаліся гаспадары, атрымліваючы грошы за лішкі прадукцыі, прададзенай дзяржаве.

Наталля БІЗА,
заатэхнік райсельгасхарчу

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *