“Машынны двор – вітрына гаспадаркі”

У “Ляхавіцкім весніку” (№73 за 24 верасня) пад рубрыкай “Люстэрка парадку” быў надрукаваны матэрыял “Машынны двор – вітрына гаспадаркі”, дзе, у прыватнасці, звярталася ўвага на асобныя недахопы ва ўтрыманні машынных двароў у СВК “Ліпнянка” і ЗАТ “Белпрампрыбор”.

Рэакцыяй на публікацыю сталі афіцыйныя паведамленні, дасланыя кіраўніцтвам названых гаспадарак на адрас “ЛВ”.

Ад імя праўлення СВК “Ліпнянка” галоўны інжынер Дзмітрый Рыбінскі паведаміў, што “пост мыйкі тэхнікі адрамантаваны, пляцоўка захоўвання металалому і адпрацаваных шын прыведзена ў парадак”.

Намеснік дырэктара ЗАТ “Белпрампрыбор” Іна Гаўрылава паведаміла наступнае: “…З нагоды несвоечасовай пастаноўкі тэхнікі на захоўванне: у другой палове верасня частка тэхнікі і, натуральна, механізатары яшчэ заняты на палявых работах. У нашых кліматычных умовах, як вядома, патрэбна выкарыстоўваць спрыяльныя дні ў поўнай меры. А ўжо рыхтаваць тэхніку да зімы можна і пазней, калі другой тэрміновай работы не будзе.

Хацелася б выказаць удзячнасць аўтару артыкула “Машынны двор – вітрына гаспадаркі” намесніку начальніка райсельгасхарчу па механізацыі паважанаму Анатолію Касцюкову за такое ўважлівае (на працягу ўсяго года) назіранне за нашым машынным дваром, за аб’ектыўную крытыку недахопаў, пра якія аўтар ведае не па чутках.

У гэтым сезоне абкошванне праводзілася двойчы, чаго, магчыма, было недастаткова, і мы ўлічым гэта ў будучым.

Таксама адносна пытання рамонту навесаў для тэхнікі. Справядлівая заўвага. Як вядома, рамонт патрабуе немалых матэрыяльных выдаткаў. Улічваючы, што ЗАТ “Белпрампрыбор” не ўваходзіць у спіс гаспадарак, узгаданых у артыкуле Анатолія Касцюкова як атрымальнікаў мэтавай фінансавай дапамогі, то мы несумненна будзем выпраўляць сітуацыю на машынным двары па меры магчымасці.

Хацелася б адзначыць, што вітрына любой арганізацыі, любой гаспадаркі, канешне ж, мае значэнне пры фарміраванні ўражання пра іх работу. Але бывае і не адлюстроўвае сапраўднага становішча.

ЗАТ “Белпрампрыбор” у рэспубліканскім рэйтынгу свінагадоўчых прадпрыемстваў, што рэгулярна публікуецца Мінсельгасхарчам Рэспублікі Беларусь у адкрытым друку, займае 12 месца са 107 комплексаў. На прадпрыемстве працуе каля 200 чалавек. 5 супрацоўнікаў комплексу прызнаны пераможцамі рэспубліканскага спаборніцтва па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі ў 2010 годзе. Вытворчасць малака з моманту далучэння непрыбытковага СВК да ЗАТ “Белпрампрыбор” узрасла ў 3,7 раза. Ураджайнасць зерневых у 2011 годзе склала 39,1 цэнтнера з гектара.

Канешне, ёсць праблемы, і недахопы ёсць, але мы працуем…”

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *