Увага з выездам на месца

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Леанід Цупрык (у цэнтры), кіраўнік Конькаўскага сельвыканкама Дзмітрый Багушэвіч і дырэктар школы Аляксандр Новікаў у «апартаментах» самых маленькіх выхаванцаў установы.

Пяцёра нашых землякоў звярнуліся да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Леаніда Цупрыка ў мінулы чацвер. 27 красавіка рабочы дзень члена парламента праходзіў у аграгарадку Конькі. У Конькаўскім сельвыканкаме Леанід Аляксандравіч правёў прамую тэлефонную лінію з жыхарамі раёна. Трое патэлефанаваўшых агучылі хвалюючыя іх пытанні.

Жыхар Ліпска цікавіўся магчымасцю пакрыць расходы на рамонт за кошт чэкаў «Жыллё». Ляхавічанка звярнулася з просьбай дапамагчы ў яе сітуацыі: у кватэры сырасць, уласнымі сіламі сям’я з гэтым справіцца не можа, верагодна, што карані праблемы – у недапрацоўцы будаўнікоў. Узнімалася пытанне і добраўпарадкавання могілак у вёсцы Малое Падлессе, у прыватнасці, гаворка ішла пра аварыйныя дрэвы. Праблема гэта  ў пэўнай ступені характэрна не толькі для названых могілак. І паэтапна яна вырашаецца. Як падкрэсліў выконваючы абавязкі старшыні Конькаўскага  сельвыканкама Дзмітрый Багушэвіч, сітуацыя  яму вядомая: каля трох дзясяткаў аварыйных дрэваў на малападлескіх могілках будуць паступова выдалены – па меры фінансавых магчымасцяў. Дарэчы, многае ў даным пытанні залежыць ад саміх мясцовых жыхароў.
Леанід Цупрык уважліва выслухаў і абодвух грамадзян, якія звярнуліся да яго падчас асабістага прыёму. Гэта жыхары аграгарадка Конькі і вёскі Літва, якія прасілі дэпутата дапамагчы ім у  вырашэнні жыццёвых сітуацый.
Па асобных пытаннях былі дадзены тлумачэнні, некаторыя  прыняты да ведама і будуць вывучацца, а па  некаторых член парламента даў канкрэтныя даручэнні кіраўніку  Конькаўскага сельвыканкама.
Пасля прамой тэлефоннай лініі і прыёму грамадзян па асабістых пытаннях Леанід Цупрык пацікавіўся сацыяльнай інфраструктурай аграгарадка, станам  добраўпарадкавання, пабываў у мясцовым вучэбна-педагагічным комплексе «дзіцячы сад-сярэдняя школа», дзе пазнаёміўся з умовамі, якія створаны тут для вучняў і выхаванцаў садка, пагутарыў з дырэктарам установы Аляксандрам Новікавым.
Увага з выездам на месца – даволі выніковы расклад, які дазваляе максімальна дакладна даведацца пра праблемы, якія хвалююць людзей, і дапамагчы, калі звароты абгрунтаваныя.
Вольга БАРАДЗІНА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *