Ім патрэбны не шкадаванне, а разуменне

Мы іх сустракаем на вуліцы, у магазіне, транспарце – людзей, якія жывуць сярод нас, але нібы ў іншым вымярэнні. Яны не ўключаны ў агульны рытм жыцця, у іх сваё вымярэнне і, вобразна кажучы, свая мова – інваліднасць. Абмежаваныя магчымасці… Для адных гэта гучыць як прыгавор, для іншых — як магчымасць росту над абставінамі, філасофскіх адносін да свету і да свайго месца ў ім. Вядома, што абмежаваныя магчымасці ў  чымсьці адным часта кампенсуюцца вялікімі поспехамі ў іншым.

Грамадства не заўсёды гатова прыняць чалавека такім, які ён ёсць. Лёгка суперажываць чужому гору, калі не па-трабуецца канкрэтных дзеянняў. А людзі з абмежаванымі магчымасцямі жывуць сярод нас, у іх свае патрэбы, мары, погляды. Як важна адчуваць сябе патрэбнай часцінкай грамадства.

У Ляхавічах з 1 снежня мінулага года пры ТЦСАН адкрыта аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў на базе райбальніцы. Тут пад кіраўніцтвам спецыялістаў людзі з абмежаванымі магчымасцямі, якім больш за 18 гадоў, ствараюць цудоўныя сувеніры, укладваючы ў іх цеплыню рук і душы ў гуртку “Умелыя рукі”, вучацца самаабслугоўванню ў гуртку “Дамаводства”, атрымліваюць навыкі работы на камп’ютары. А яшчэ ствараюць тэатральныя лялькі і абыгрываюць з імі мініяцюрныя сцэнкі ў гуртку “Творчая майстэрня”, вучацца сябраваць, кантраляваць свае паводзіны, знаходзяць кантакт з іншымі, усведамляюць сваё месца ў жыцці на псіхалагічных трэнінгах, удзельнічаюць у культурна-масавых мерапрыемствах, сустракаюцца з цікавымі субяседнікамі.  У наступным годзе плануем адкрыць працоўную майстэрню, дзе людзі з абмежаванымі магчымасцямі змогуць навучыцца працаваць на паліграфічным станку (рабіць блакноты, бланкі і г.д.). Далучэнне інвалідаў да пасільнай працоўнай дзейнасці дазволіць ім самастойна павышаць і падтрымліваць узровень свайго дабрабыту, надасць упэўненасці ў заўтрашнім дні.

Зразумела, гэта толькі частка таго, што робіцца ў накірунку сацыялізацыі інвалідаў. І так важна, каб “звычайныя” людзі памянялі свае адносіны да тых, чые магчымасці абмежаваны, не бая-ліся працягваць руку сяброўства. Ім не патрэбна шкадаванне. Ім патрэбна разуменне. Яны – звычайныя людзі.

Жанна ПРЫВОЛЬНЕВА,
спецыяліст па сацыяльнай рабоце
аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *