Навука кінуць

Калі пакінуць па-за татамі філасофію, якой усходнія адзінаборствы прасякнуты з ног да галавы, “фізіку”, якая знаходзіцца ў авангардзе любога спартыўнага занятку, тэхнічная падрыхтоўка дзюдаіста – яго ўсё. Спрытна вывернуцца ад захопу саперніка? Так. Але перамогі не здараюцца, калі дзейнічаць толькі ў абароне.  Толькі праз атаку праходзіць шлях наверх, а кідок з’яўляецца квінтэсэнцыяй дзюдо. Нярэдка аднаго яго, праведзенага  чыста, па вялікай амплітудзе, з эфектным прызямленнем саперніка, становіцца абсалютна дастаткова для поўнай перамогі. Так што кінуць сябра на татамі – іх правіла.
Вось і нядаўна прайшоўшае ў нас адкрытае першынство Ляхавіцкай ДЮСШ па дзюдо “пачаставала” багаццем кідкоў, граматнымі дзеяннямі спартсменаў у абароне, эмоцыямі. Апошняя акалічнасць – да слёз пасля паражэння – найбольш характэрна самым юным барцам. Тэхнічнасць і дынамізм – хутчэй з арсенала 15-16-гадовых ужо атлетаў. Гэта ўзроставыя рамкі спаборніцтваў, а іх адкрыты фармат даваў права наведацца ў Ляхавічы дзюдаістам з іншых гарадоў. Тры каманды-школы прыехалі з Баранавіч, Нясвіж і Клецк дэлегавалі сваіх. У супрацьстаянні з гаспадарамі татамі – ляхавіцкімі дзюдаістамі – яны і разыгралі прызы спаборніцтва. Быў разыграны далёка не адзін камплект узнагарод: сярод хлопчыкаў і дзяўчынак, у розных узроставых намінацыях і вагавых катэгорыях.
Традыцыйную моц пацвердзіла баранавіцкая (калі абагульніць пад гэтым выразам тры ДЮСШ, дзе выкладаецца гэта адзінаборства) школа дзюдо. Не без медальнага багажа пакідалі наш горад спартсмены і спартсменкі  Клецка і Нясвіжа. Ну і гаспадары спаборніцтва нясціпла пакінулі сабе 36 медалёў першынства. З іх 14 – самай высокай турнірнай вартасці. Адкрытае першынство роднай школы выйгралі Аліна Байрашэўская, Эмілія Ксёнжык, Кацярына Анціпава, Кацярына Ракуць, Вераніка Хвясько – сярод дзяўчат. У спаборніцтве юнакоў першынствавалі нашы Павел Вільчэцкі, Ягор Юруць, Даніла Курловіч, Данііл Глушкоўскі, Максім Маруцік, Мікалай Жытко, Артур Кукета, Мацвей Анікей, Вадзім Юруць. Да перамогі спартсменаў вялі трэнеры-выкладчыкі школы Рашыд Байрашэўскі і Віктар Богуш.
–  Мы зрабілі нашы спаборніцтвы традыцыйнымі. І вясеннімі яны з’яўляюцца невыпадкова. Наперадзе ў дзюдаістаў чарада турніраў больш высокага, чым раённы, рангаў. Яшчэ раз праверыць падрыхтоўку хлопцаў і дзяўчат, упэўніцца ў іх гатоўнасці спаборнічаць на ўзроўні вобласці, рэспублікі – у ліку адной з задач адкрытага першынства ДЮСШ. Лічу, што спаборніцтвы атрымаліся і ў плане арганізацыі, і што тычыцца спартыўных вынікаў. Тыя, на каго “ставілі”, пацвердзілі сваё майстэрства. У той жа час, нядрэнна, па-новаму паказалі сябе і некалькі новых імён. Апошняе асабліва прыемна, – пракаменціраваў па просьбе “Ляхавіцкага весніка” вынікі спаборніцтваў Віктар Богуш.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *