Яблыні цвітуць

Кожнае дрэва на алеях, скверах, садах, нібы  знак  памяці  пра тых, хто загінуў на вайне, даніна павагі ўсім ветэранам Вялікай Айчыннай.  Нямала такіх зялёных насаджэнняў у нашым раёне. Адны з апошніх:  яблыневыя сады ў двары гімназіі і  каля   СШ № 2, алея з туяў на бульвары каля раённай купалаўкі, сквер ва Ураджайнай. Яны нібы ў чарговы раз нагадваюць, як добра жыць пад мірным небам.

Дагледжаная прыгажосць – гэта пра  яблыневы сад у двары  гімназіі, які  больш за дзесяцігоддзе  майскімі  днямі  бела-ружовай  квеценню  радуе дзяцей і дарослых.  Саджанцы для яго набыў  ТАА “Трансэлектракамплект”, а пасадзілі  іх гімназісты ў гонар 65-годдзя Вялікай Перамогі.  Шэфства над садам – абавязак дзесяцікласнікаў.  Кожны год у яблыняк – новыя сябры-садаводы. Няцяжка падлічыць, колькі старшакласнікаў за 12 гадоў  клапацілася пра  іх. Дрэўцы шчодра аддзячваюць пышным цвіценнем,  добрым цяньком у спякоту і, канешне, шчодрым ураджаем, які перадаецца ў мясцовую сталоўку для прыгатавання абедаў гімназістам.

4 гады назад у маі  па ініцыятыве колішняй  настаўніцы  геаграфіі Любові Каваленка квітнеючы сад упершыню на дзень ператварыўся  ў  паэтычную гасцёўню на свежым паветры.  З таго часу з’явілася традыцыя праводзіць тут літаратурныя чытанні. Кожны год  новая тэма і вялікая колькасць удзельнікаў.

–  Рабяты з 5 па 11 класы  рыхтуюцца  да гэтага агульна-гімназічнага свята, падчас якога гучаць  вершаваныя  і празаічныя радкі,  прыгожыя мелодыі, –  гаворыць намеснік дырэктара  гімназіі па выхаваўчай рабоце  Аксана Гатоўчыц.   Летась на літаратурныя  чытанні быў запрошаны ветэран Вялікай Айчыннай вайны Фёдар Лойка, які  і сам прачытаў верш. А сёлетняя літаратурна-музычная кампазіцыя будзе прысвечана тэме  “Любоў да цудоўнага – вялікае мастацтва”.

Паціху прыжываюцца туі, клапатліва пасаджаныя землякамі – ветэранамі, кіраўніцтвам раёна, прадстаўнікамі  працоўных калектываў  падчас раённай акцыі “Пасадзі дрэва памяці” ў гонар  70-годдзя  вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў.

“Сад мары” з яблыняк (саджанцы дабрачынна перададзены індывідуальным прадпрымальнікам Валерыем Радзюком) цягнецца да сонейка  каля СШ № 2.  Іх пасадзілі самыя актыўныя піянеры і бээрэсэмаўцы, члены педагагічнага атрада, настаўнікі. Вельмі хваляваліся, каб халады не пашкодзілі  дрэўцы. На шчасце, абышлося – перазімавалі добра. Напачатку вясны юныя садаводы сад пабялілі, цяпер  вось у чаканні яблыневага цвіцення.

Два гады назад у  вёсцы Ураджайная ў гонар юбілею Вялікай Перамогі  на месцы былога  будынка  СДК каля абеліска землякам, якія не вярнуліся з франтоў вайны,  высадзілі  150  маладзенькіх соснаў, елак, бярозак, якія бязвыплатна перадаў  лясгас. Актыўна ўдзельнічалі ў пасадцы парку члены БРСМ і вучні Навасёлкаўскай СШ,  ветэраны вайны і працы, супрацоўнікі Навасёлкаўскага сельвыканкама.     Сёлета  на добраўпарадкаванні сквера будуць працаваць не толькі мясцовыя жыхары, а і  навучэнцы Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага  каледжа.

Дрэва, алея, сад… Як сімвалічна, што яны рукамі землякоў садзяцца, пестуюцца, а сэрцамі землякоў прысвячаюцца Подзвігу і героям.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *