Сябры, цудоўны наш саюз! Прафесійны

«Круглы стол» прафсаюзнага камітэта.

Нядаўна адправілі на конкурс, арганізаваны  Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі сумесна з газетай “Беларускі час”,  фотаработу “Першамай у асобах”.  Усім калектывам шукалі фотаздымкі з першамайскіх дэманстрацый розных гадоў.  Зараз абагульняюць вопыт па рабоце з ветэранамі. У гэтым ім ёсць чым падзяліцца і пра што расказаць. 45 ветэранаў  педагагічнай працы (некаторыя з іх  і сёння працуюць) – у калектыве чаканыя і дарагія госці. Прафсаюз віншуе іх з юбілеем, іншымі святамі, запрашае на сустрэчы. Калі трэба – дапаможа не толькі матэрыяльна, але і маральна. Гэта і многае іншае аб’ядноўвае калектыў, стварае ў ім выдатны мікраклімат: усе ў адказе за ўсё. Канкрэтна, сумленна, вынікова.

Сярод пераможцаў  галіновага агульнарэспубліканскага  агляду-конкурсу  на лепшае правядзенне пярвічнымі прафсаюзнымі арганізацыямі грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства аб ахове працы ў 2016 годзе  –  і пярвічка СШ №1 г. Ляхавічы.  На працягу двух гадоў да гэтага яна  была сярод лепшых у абласным этапе конкурсу, які штогод праводзіць Беларускі прафесійны саюз работнікаў адукацыі і навукі.
У чым сакрэт  поспеху пярвічкі, якая  аб’ядноўвае  ўсіх членаў калектыву?
– У згуртаванасці і саюзе аднадумцаў. Да таго ж, склаўся  актыў, у якім гарманічна спалучаюцца ініцыятыва і вопыт. Кожны з  сямі членаў прафкама адказвае за канкрэтны  напрамак дзейнасці, але, калі неабходна, ніхто не дзеліць  абавязкі, –  падкрэслівае  старшыня прафсаюзнай арганізацыі СШ №1 Таццяна Абражэвіч.
Кантроль за выкананнем заканадаўства аб працы і ахове працы – адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці прафсаюза.
– Перамога ў такім конкурсе – і гонар, і  адначасова вялікая адказнасць, бо  настаўнік клапоціцца не толькі пра  ўласную бяспеку, але і  пра  бяспеку сваіх вучняў, – адзначае Таццяна Абражэвіч.
Грамадскія камісіі правяраюць выкананне тэхнікі бяспекі на  ўроках фізічнай культуры і спорту, у час работы прышкольнага  аздараўленчага лагера, захаванне санітарна-гігіенічных  нормаў у харчаблоку,  тэмпературнага рэжыму ў кабінетах, забяспечанасць медыцынскімі аптэчкамі  і многае іншае.
Для школьных работнікаў  быць членам прафесійнага саюза – гэта гарантыя сацыяльнай абароны і каля паўсотні дадатковых ільгот.  Сярод іх, напрыклад, кампенсацыя паловы кошту пуцёўкі на санаторна-куротнае аздараўленне, навагоднія падарункі, аплата камандзіровачных для здачы экзаменаў на вышэйшую катэгорыю  і г.д. Асаблівая ўвага прафсаюза – бацькам, якія маюць дваіх і больш  непаўналетніх дзяцей. Раз у месяц ім прадастаўляецца свабодны ад работы   дзень з захаваннем заработнай платы. Пры нараджэнні дзіцяці, згодна калектыўнага  дагавора выплачваецца   сума ў памеры 5 базавых велічынь. Напярэдадні новага навучальнага года малазабяспечаным сем’ям па заяве выдзяляецца  матэрыяльная дапамога. Безумоўна, такі саўдзел арганізацыі ў жыцці сваіх членаў  вельмі прыемны і важны.
Маладым спецыялістам адразу выплачваецца  матэрыяльная дапамога на ўладкаванне, штомесяц ідзе  10-працэнтная даплата да стаўкі, прыемны бонус – 2 базавыя для  кампенсацыі расходаў па   аплаце жылля. Яны не застаюцца сам-насам у працоўным плаванні, за кожным замацоўваецца вопытны  калега, які падкажа, падзеліцца напрацоўкамі і г.д.
Традыцыі пярвічкі прымнажаюцца. Сёння ў яе радах 113 чалавек,  якія поплеч не толькі працуюць, але разам адзначаюць святы, ездзяць на экскурсіі, культурна адпачываюць.
Ні адзін дакумент, у якім закранаюцца інтарэсы працоўных, не прымаецца без удзелу прафсаюза. Дзякуючы ўзгодненым і зладжаным дзеянням прафкама і адміністрацыі СШ, паспяхова вырашаюцца пытанні абароны працоўных правоў і сацыяльна-эканамічных інтарэсаў. Дырэктар школы Наталля Кулак зацікаўлена падтрымлівае прафсаюзныя  ініцыя-тывы і прапановы.
Плённае  супрацоўніцтва толькі за апошнія 3 гады дало выдатны вынік: пярвічка СШ №1 атрымала  14  узнагарод рознай вартасці. “Больш справаў –  менш словаў” – яе дэвіз.
Таццяна Абражэвіч на чале школьнай пярвічкі больш за дзесяцігоддзе  і  вельмі добра памятае свае першыя крокі ў арганізацыі. Расказвае, што пачынаць было надзвычай адказна. Гэта зараз ёсць інтэрнэт, можна пачытаць усё пра ўсё. Але яе падтрымалі, у яе паверылі  калегі, калектыў. Увяла ў курс, узяла шэфства старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Святлана Бялецкая.
Разам працуюць і цяпер. У прафсаюза спраў шмат.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *