Нам давяраюць! У Мінску праходзіць XXI Міжнародная спецыялізаваная выстава «СМІ ў Беларусі» /фотарэпартаж/

З 3 па 6 мая ў  Минску  праходзіць  XXI Міжнародная спецыялізаваная выстава «СМІ ў Беларусі». На плошчы больш чым за тысячу квадратаў размясцілася каля 100 экспанентаў, якія прадстаўляюць больш за 400 друкаваных СМІ, тэле- і радыёпраграм і каналаў з Беларусі , Азербайджана, Балгарыі, Германіі, Грузіі, Індыі, Латвіі, Літвы, Расіі  і іншых. Спецыяльны госць выставы — сродкі масавай інфармацыі Кітая.  Дэвіз выставы — «Нам давяраюць!».

Наведвальнікі выставы знаёмяцца з рэспубліканскімі і рэгіянальнымі друкаванымі і электроннымі СМІ, спецыялізаванымі і ведамаснымі выданнямі, газетамі вышэйшых навучальных, прамысловых прадпрыемстваў, навуковых арганізацыі. Для іх — прэзентацыі інфармацыйных і інтэрнэт-праектаў, аўтограф-сесіі, майстар -класы і многае іншае.

Прывітанне ўдзельнікам, гасцям і арганізатарам XXI Міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі «СМІ ў Беларусі» накіраваў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. «Гэта маштабная падзея мае ў нашай краіне вялікі грамадскі рэзананс. Штогадовая дэманстрацыя магчымасцей нацыянальных сродкаў масавай інфармацыі пераканаўча сведчыць аб іх значным патэнцыяле», — гаворыцца ў прывітанні. — Упэўнены, што правядзенне дыскусій, круглых сталоў, майстар-класаў вядучых журналістаў паслужыць павышэнню прафесійнага майстэрства і далейшаму развіццю дзелавых і творчых кантактаў у сферы сродкаў масавай інфармацыі», — падкрэсліў беларускі лідар.

— Вы так шчыра запрашаеце, што не змог не зайсці да вас, — падзяліўся адзін з  наведвальнікаў павільёна Брэсцкай вобласці. Перад экспазіцыйным стэндам Брэстчыны заўсёды  шматлюдна. Тут і канцэрт  самадзейных артыстаў, і тэматычныя прэзентацыі  раённых  выданняў, і выстава Брэсцкай бібліятэкі  да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання «Ад буквіцы да слова» і многае іншае. Але галоўнай фішкай стала  рамесная майстэрня-анімацыя «Брэсцкі манетны двор» Ігара Міхальчука, дзе ўсе жадаючыя маглі паспрабаваць сябе ў ролі каваля  і атрымаць на памяць самабытны цудоўны сувенір — манетку-барацінку.

У дзень урачыстага адкрыцця выставы  прайшла канферэнцыя «СМІ ў змяняючымся свеце. Прафесіяналізм і адказнасць». Яе арганізатарамі   выступіла Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь пры ўдзеле грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз журналістаў». Удзельнікі  форуму гаварылі пра развіццё інфармацыйнай  прасторы Беларусі, прафесійную этыку журналістаў, замежны вопыт дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі і г.д.

4 мая Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі  Беларусь урачыста і вельмі святочна падвяло вынікі  прэстыжнага творчага  конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў МУС і ўзнагародзіла пераможцаў. На разгляд камісіі было прадстаўлена 185 работ творчых калектываў і асобных аўтараў.

Рэдакцыя раённай газеты «Ляхавіцкі веснік» сярод пераможцаў  конкурсу і ўзнагароджана дыпломам у  намінацыі «Лепшая раённая газета» за актыўную работу па фарміраванні станоўчага іміджу міліцыі і актуальнасць матэрыялаў аб дзейнасці  вартавых правапарадку. З Брэсцкай вобласці ў  розных намінацыях конкурсу былі адзначаны старшы ўчастковы інспектар групы інфармавання і грамадскіх сувязей Баранавіцкага ГАУС старшы лейтэнант міліцыі Вольга Сакута і карэспандэнт аддзела навін тэлеканала «Варяг» (Пінск) Ірына Водчыц.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *