Дамашняе заданне па хіміі

Даўно і трывала хімія заняла сваё месца ў сельскай гаспадарцы. Без выкарыстання рознага роду штучных хімічных прэпаратаў, мінеральных злучэнняў сёння нельга ні вырасціць, ні захаваць рэнтабельны ўраджай. Між тым, мінеральныя ўдабрэнні рэч зусім не танная. Для прыкладу, за тону ў фізічнай вазе азотнага карбаміду даводзіцца раскашэльвацца на 1,4 мільёна рублёў. Яшчэ больш дарагой з’яўляецца фосфарная група ўдабрэнняў: тона суперфасфату каштуе 2,5, а амафосу – 3,5 мільёна рублёў. Можна ўявіць сабе, колькі іх, гэтых самых тон, на год патрабуецца нават невялікай – да 1500 гектараў ворыва – сельгасарганізацыі, і як дорага яны каштуюць. Адпаведнымі павінны быць адносіны: ашчаднае стаўленне да кожнага кілаграма, разумнае выкарыстанне, належнае – выключна складское – захоўванне. За выключэннем ЗТАА “БелДан”, дзе ўзвядзенне адпаведнага сховішча значыцца ўжо ў блізкіх планах, ва ўсіх астатніх сельскагаспадарчых прадпрыемствах раёна такога роду складскія памяшканні маюцца. У адных спецыялізавана-стандартныя, у іншых прыстасаваныя і ў рознай ступені функцыянальнасці.

Як і па большасці пазіцый сельгасвытворчасці, на складах мінеральных удабрэнняў зараз перыяд міжсезоння. Інакш кажучы – мінімальная запоўненасць, калі не поўная адсутнасць нейкіх там запасаў. Так у цэлым па АПК раёна ў наяўнасці значыцца каля 500 тон у фізічнай вазе азотных тукаў і прыкладна ўдвая больш калійных. Да таго ж, хлорысты калій зараз працягвае ўносіцца, адпаведна яго запасы з кожным днём змяншаюцца. Адным словам, самы час звярнуць увагу на СМУ: агледзецца на прадмет функцыянальнасці і, у выпадку неабходнасці, канчаткова разабрацца з рамонтам памяшканняў пад склады. Падобная неабходнасць застаецца актуальнай для многіх. Для ўсіх, бадай, акрамя СВК “Ляхавіцкі”, ЛДАКа, ЗАТ “Белпрампрыбор” і ААТ “Ляхавіцкі льнозавод”, сельгасвытворцаў раёна.

Склад мінудабрэнняў у вёсцы Перахрэсце ДП “Нача” знаходзіцца практычна ў аварыйным стане, і просты рамонт тут наўрад ці дапаможа справе. Больш рацыянальным выйсцем са становішча, якое, між іншым, знаходзіцца на кантролі адпаведных абласных службаў, падаецца будаўніцтва новага памяшкання  ці выдаткаванне пад яго нейкага іншага капітальнага збудавання. Пакуль жа ў якасці альтэрнатывы складу ўдабрэнняў у “Начы” карыстаюцца больш-менш прыстасаваным памяшканнем на тэрыторыі машыннага двара. Што, аднак, не можа лічыцца доўгатэрміновай раўнацэннай заменай.

Таксама на кантролі ў вобласці застаецца сітуацыя адносна склада мінудабрэнняў СВК “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік”. Пад яго гаспадарка прыстасавала адно з памяшканняў на тэрыторыі машдвара ў Зубелевічах. Рыхтаваць пачалі яшчэ з вясны. Адрамантаваны дах, сцены, пастаўлена агароджа, распачаты, аднак, не завершаны пакуль “дзвярныя” работы.

Увогуле нядрэнным і вялікіх аб’ёмаў сховішчам мінудабрэнняў валодае СВК “Ліпнянка”. Аднак, асаблівай ашчаднасці, належнага парадку ў захоўванні тукаў там не назіраецца. Да таго ж, парушана герметычнасць даху, патрабуе рамонту адна са сценавых пліт.

Размешчаны ў Лабузах склад мінеральных удабрэнняў СВК “Дарава” быў істотна падрамантаваны апошнім часам. Гэта, у прыватнасці, можна сказаць пра дах, аднак, падобнай да сябе ўвагі і намаганняў рамонтнікаў патрабуюць дзверы.

Патрабуюць рамонту і гэтыя ж элементы будынку зарытаўскага склада мінудабрэнняў СВК “Жарабковічы”.

Праблемы асобных складоў часта супадаюць: дах, сцяна ці сцены, дзверы. Акрамя ўжо названых гаспадарак у нейкай ступені гэтым жа “хварэюць” і памяшканні пад тукі СВК “Шлях новы” ў вёсцы Ураджайная, СВК “Канюхі” і шэраг іншых. У выпадку з абодвума складамі СВК “Тальмінавічы” – і на цэнтральнай сядзібе, і ў Куршынавічах – сітуацыя некалькі іншая. Пачынаючы яшчэ з 2010 у гэтым плане зроблена вельмі многае. Напрыклад, пад склад быў адмыслова пераабсталяваны будынак былой свінафермы. Аднак жа, пад’езды да СМУ жадаюць быць лепшымі, патрабуюць “карэктыроўкі” ці прафіліроўкі.

Ну і ў дачыненні цэнтральнага раённага, калі так можна абазначыць, пункта прыёму мінеральных удабрэнняў – так званых прырэйкавых складоў ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”. Іменна сюды для патрэб АПК раёна па чыгунцы паступае асноўны вал цвёрдых мінеральных удабрэнняў. Тут таксама ёсць над чым папрацаваць. Існуе неабходнасць рамонту выгрузных прыямкаў. У ідэале нядрэнна было б пабудаваць на гэтым месцы   крыты прырэйкавы СМУ, які ўжо дастаткова працяглы час існуе ў праекце.

За апошні час шмат што ў дачыненні складоў мінудабрэнняў зроблена, працягвае выконвацца. Ёсць над чым працаваць і зараз. Пры гэтым, з дамашнім заданнем па хіміі неабходна справіцца да 1 лістапада. Пасля – праверка і выстаўленне адзнак.

Канешне, ва ўсіх сельгасарганізацыях павінны быць назначаны адказныя за работу з удабрэннямі: за іх прыёмку, захоўванне ў адпаведнасці з рэгламентамі, адгрузку і іншае.

Віктар АЛЕЙНІК,
начальнік раённага аддзелаабласной
станцыі хімізацыі

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *