Кітай – гэта блізка. У мінулую сераду госці з Кітая завіталі на Ляхавіччыну

Кітайская дэлегацыя падчас наведвання Ляхавіцкага льнозавода.

Напачатку мая па запрашэнні Брэсцкага аблвыканкама нашу вобласць наведала дэлегацыя кітайскіх дзелавых колаў.  Асноўная мэта візіту –  вывучэнне магчымасцяў інвеставання замежнага капіталу ў мясцовую вытворчасць.

У мінулую сераду госці з Кітая завіталі на Ляхавіччыну. Падчас сустрэчы старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч зазначыў, што ў раёне нямала вытворчасцей, дзе будуць рады замежным інвестыцыям, як і заключэнню экспартных дагавораў аб пастаўцы нашай прадукцыі ў Кітай.
Дэлегацыя, у складзе якой прадстаўнікі кансалтынгавых і будаўнічай кампаній, сеткі ювелірных магазінаў, пабывала на Ляхавіцкім кансервавым заводзе, дзе не толькі пазнаёмілася з вытворчасцю, але і прадэгуставала прадукцыю. Асабліва спадабаўся гасцям бярозавы сок.
Дырэктар прадпрыемства Соф’я Болтуць прадставіла  бізнесплан праекта  па вытворчасці новых відаў прадукцыі.  Для яго рэалізацыі завод шукае інвестараў, гатовых укласці ў перспектыўную справу каля 25 мільёнаў долараў.
Відавочны інтарэс у замежных гасцей выклікала наведванне  Ляхавіцкага льнозавода. Яны адзначылі чысціню і парадак на тэрыторыі прадпрыемства, у цэхах.  Цікавіла ўсё: працэсы вырошчвання і перапрацоўкі льну, аб’ём выпускаемай прадукцыі, яе кошт, рынкі збыту, якасць сыравіны, магчымасці для пашырэння вытворчасці, умовы заключэння дагавора на пастаўку ляхавіцкага льновалакна ў Кітай. На ўсе пытанні даў падрабязныя адказы дырэктар ААТ Дзмітрый Скакун.  Ён  расказаў, што летась  на экспарт прададзена  прадукцыі на 1630 тысяч долараў, з якіх  на 1224 тысячы долараў – у Кітай.  Прадстаўнікі замежнай дэлегацыі прадэманстравалі зацікаўленасць у супрацоўніцтве, у прыватнасці, па пытаннях пастаўкі ляхавіцкага льновалакна.
Генеральны дырэктар кансалтынгавай кампаніі з правінцыі Хэнань Лю Цье  Мін выказаў захапленне Ляхавічамі, назваў наш горад прыгожым і ўтульным. Тут, на яго думку, створаны ўсе ўмовы для паспяховага вядзення бізнесу. Асабліва кітайскі бок  зацікавіла магчымасць супрацоўніцтва  ў галіне аграпрамысловага комплексу, у тым ліку перапрацоўкі, на прадукцыю якой ёсць попыт у іх краіне.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Дэлегацыя на кансервавым заводзе

У "Верасе"

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *