Шаўковы шлях ідзе праз Беларусь

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 4 мая правёў сустрэчу з прадстаўнікамі кітайскіх цэнтральных і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі – удзельнікамі прэс-туру ў Беларусь. Мерапрыемства адбылося ў Палацы Незалежнасці і стала ключавой падзеяй у прэс-туры кітайскіх журналістаў.
Усяго ў сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам прынялі ўдзел каля 40 журналістаў з буйнейшых СМІ Кітая, у тым ліку інфармацыйнага агенцтва «Сіньхуа», газет «Жэньмінь Жыбаа» і «Чайна Дэйлі», Цэнтральнага тэлебачання Кітая, а таксама шэрага іншых друкаваных, электронных і тэлевізійных рэсурсаў.
Першы маштабны прэс-тур у Беларусь кітайскіх журналістаў, якія прадстаўляюць 10 правінцый, праходзіць 1-7 мая. Яго ўдзельнікі наведалі мемарыяльны комплекс «Курган Славы», завод «БелДжы» і БелАЗ, індустрыяльны парк «Вялікі камень», Парк высокіх тэхналогій, прадпрыемствы «Азярыцкі-Агра» і «Бабуліна крынка», іншыя культурныя і сацыяльныя аб’екты і прадпрыемствы, а таксама пабывалі на XXI Міжнароднай спецыялізаванай выстаўцы «СМІ ў Беларусі».
У Еўропе не знойдзецца больш блізкай Кітаю краіны, чым Беларусь, заявіў  Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі кітайскіх цэнтральных і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі. «Сусветная эканоміка і палітыка сталі, на жаль, непрадказальнымі. Але насуперак сусветным выклікам Беларусь і Кітай стварылі моцныя, трывалыя і надзейныя міждзяржаўныя сувязі – адносіны давернага ўсеба-ковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва», – сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што старшыня Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжан Дэцзян, наведваючы нядаўна Беларусь, назваў краіны жалезнымі братамі.
«І сапраўды, сёння нашу дружбу, якая доўжыцца чвэрць стагоддзя, а каранямі ідзе ў больш даўнюю гісторыю, мы называем усепагоднай, –  адзначыў Прэзідэнт. – Мы дасягнулі значных вынікаў і ў палітыцы, падтрымліваючы адзін аднаго ў міжнародных арганізацыях, і ў эканоміцы».
Беларусь і Кітай ужо рэалізавалі дзясяткі інвестыцыйных праектаў у энергетыцы і будаўніцтве, цяпер сумесна ствараюць індустрыяльны парк. У гуманітарнай сферы ідзе абмен студэнтамі, развіваецца супрацоўніцтва ў галіне навукі і турызму. «Тым не менш лічу, што ўзаемадзеянне паміж Беларуссю і Кітаем павінна быць яшчэ больш маштабным і дынамічным. Менавіта таму бягучы год мы ацэньваем як пераломны ў двухбаковых адносінах», – падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт Беларусі мае намер прыняць удзел у саміце «Адзін пояс і адзін шлях», які пройдзе ў Пекіне ў сярэдзіне мая. «Гэты прэс-тур арганізаваны спецыяльна напярэдадні саміту «Адзін пояс і адзін шлях», у якім прыме ўдзел і Беларусь. На форуме будуць разглядацца глабальныя пытанні, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Па сутнасці, сама ініцыятыва «Адзін пояс і адзін шлях» з’яўляецца гістарычнай і перакройвае эканамічную карту свету, ствараючы новыя кропкі росту сусветнай эканомікі».
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што прадстаўнікі кітайскіх СМІ ў час прэс-туру ў Беларусь ужо наведалі Кітайска-беларускі індустрыяльны парк. Ён павінен стаць адной з вузлавых пляцовак эканамічнага пояса Шаўковага шляху. «Невыпадкова ж Сі Цзіньпін назваў яго жамчужынай гэтага маштабнага праекта. «Вялікі камень» і з’яўляецца прыкладам таго, як Кітай перакройвае эканамічную карту свету. Ён прыходзіць, у прыватнасці, у Беларусь, мы з ім ствараем тут велізарную індустрыяльную пляцоўку, і следам сюды прыходзяць самыя перадавыя кампаніі планеты, перш за ўсё Кітайскай Народнай Рэспублікі, – адзначыў беларускі лідар. – Калі падлічваліся вынікі «Вялікага каменя», мы меркавалі, што Беларусь толькі ад экспарту прадукцыі з гэтага парка атрымае прыток валюты каля $50 мільярдаў».
Аляксандр Лукашэнка таксама расказаў, што ў час яго маючага адбыцца візіту ў Кітай запланавана сустрэча са Старшынёй КНР. «Мы абмяркуем не толькі актуальныя пытанні міжнароднага парадку дня, але і ў першую чаргу тэмы, якія важныя для пашырэння нашага двухбаковага ўзаемадзеяння ў гандлёва-эканамічнай, інвестыцыйнай, фінансавай і гуманітарнай сферах», – звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка расказаў аб сваім бачанні перспектыў беларуска-кітайскіх адносін. «Мы чакаем ад нашых адносін яшчэ большай рэзультатыўнасці», –  сказаў Прэзідэнт. Перш за ўсё размова ідзе аб эканоміцы, у прыватнасці аб развіцці Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў важнасць супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі Беларусі і Кітая. «Менавіта там знаходзяцца асноўныя рэзервы ўзаемадзеяння. Наверсе вырашыць можна шмат што ў дамоўленасцях паміж прэзідэнтамі, урадамі, ведамствамі. А вось рэалізаваць усё гэта ў поўным аб’ёме магчыма толькі падцягваючы канкрэтныя правінцыі і рэгіёны. Гэта добрае не толькі дапаўненне ў рэалізацыі дамоўленасцей паміж кіраўніцтвам Кітая і Беларусі, міжрэгіянальнае супрацоўніцтва – добры рухавік нашых адносін», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Па матэрыялах БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *