Прафесія – сувязісты

Начальнік участка ВЭС Яўгеній Панін.

На змену пісьмам і паштоўкам даўно прыйшла  электронная пошта, але па-ранейшаму сустрэча з паштальёнам для многіх з нас жаданая і радасная. У сваіх усёўмяшчальных сумках яны нясуць адрасатам лісты і паштоўкі, свежую перыёдыку (прыемна, што самая запатрабаваная ў раёне газета – “Ляхавіцкі веснік”), дастаўляюць пенсіі, выконваюць заказы на разнастайныя тавары. Апошнім часам на дапамогу звычайным паштальёнам прыходзіць і  пошта на колах.

– Паштальён, асабліва для пажылых і адзінокіх людзей, самы чаканы госць, абавязкова выслухае, падкажа, дапаможа, – гаворыць начальнік аддзялення паштовай сувязі “Падлессе” Алена Смаршчок. У якасці прыкладу прыводзіць сваіх галоўных памочнікаў –  паштальёнаў Людмілу Карпейчык і Марыну Ганчарык, якія дастаўляюць карэспандэнцыю жыхарам Падлесся і Улазавічаў. Дарэчы, самае папулярнае тут выданне – таксама раёнка, яе выпісваюць па 193 адрасах.  Заўтра Алена Іванаўна разам з усімі калегамі будзе прымаць віншаванні з прафесійным святам. Да іх далучаецца і “ЛВ”, які шчыра ўдзячны сваім надзейным памочнікам.
Сярод тых, хто будзе   заўтра прымаць віншаванні з прафесійным святам, – невялікі (47 чалавек)  і  малады (сярэдні ўзрост працуючых 38 гадоў) калектыў Ляхавіцкага вузла электрасувязі. Тутэйшыя спецыялісты забяспечваюць насельніцтва і арганізацыі раёна  надзейнай і якаснай электрычнай сувяззю, пастаянна радуюць новымі  відамі паслуг, без большасці з якіх сучасны чалавек не ўяўляе жыцця.  І ў гараджан, і ў вяскоўцаў  запатрабаваны прадукты Белтэлекама – інтэрактыўнае тэлебачанне ZALA, высокаскорасны  інтэрнэт byfly, тэхналогіі шырокапалоснага мультысэрвіснага доступу  па аптычным валакне  GPON.
На кожным участку ВЭС працуюць выдатныя прафесіяналы. Як, напрыклад,  начальнік лінейна-тэхнічнага ўчастка  Яўгеній Панін. Лініі сувязі працягласцю каля 3000 кіламетраў і 26 тэлефонных падстанцый, якія знаходзяцца ў зоне адказнасці яго каманды, заўсёды ў добрым стане. За бездакорнае выкананне прафесійных абавязкаў партрэт Яўгенія Паніна занесены на раённую Галерэю  славы.
Між іншым, многія тутэйшыя спецыялісты – гонар прадпрыемства. Вось і сёлета напярэдадні прафесійнага свята  ў Кнігу пашаны РУП “Белтэлекам” занесена прозвішча кабельшчыка-спайшчыка Ігара Слівы, на Дошку гонару Брэсцкага філіяла “Белтэлекама” змешчана фота вадзіцеля  Юрыя Лойкі, а  інжынер лінейных збудаванняў сувязі Сяргей Фірусь узнагароджаны Ганаровай граматай філіяла.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Начальнік аддзялення сувязі «Падлессе» Алена Смаршчок.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *