Дабро – на вецер?

Неспакойнымі выдаліся мінулыя выхадныя для пажарных-выратавальнікаў. У суботу на тэлефон 101 паступіла паведамленне аб узгаранні жылога дома ў аграгарадку Дарава. Калі супрацоўнікі РАНС прыехалі па адрасе, аказалася, што гарыць усяго толькі смецце. Дарэчы, згодна змяненняў, нядаўна ўнесеных у правілы пажарнай бяспекі, паліць смецце наогул забаронена, за гэта прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.

У нядзелю ў 22.15 дыспетчар прыняў паведамленне аб пажары ў вёсцы Гаслаўшчына. Як аказалася, у двары дома загарэўся легкавы аўтамабіль, агонь ад яго перакінуўся на жылы дом і надворныя пабудовы. Маёмасць сур’ёзна пашкоджана. Гаспадароў падчас пажару дома не было. Прычыны ўзгарання ўстанаўліваюцца.

Улічваючы, што з пачатку ацяпляльнага сезона колькасць надзвычайных здарэнняў традыцыйна ўзрастае, кастрычнік у краіне аб’яўлены месяцам пажарнай бяспекі. На Ляхавіччыне супрацоўнікі РАНС праверылі ўжо 1980 домаўладанняў, праінструктавалі па мерах супрацьпажарнай бяспекі 2850 чалавек. За парушэнне правілаў пажарнай бяспекі да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 21 грамадзянін, прыпынена эксплуатацыя 32 печаў і 22 участкаў электраправодкі. Супрацоўнікі РАНС правялі 30 выступленняў у працоўных калектывах, 14 тэматычных сустрэч у школах і дзіцячых садах, а таксама 3 сходы з удзелам асоб, якія злоўжываюць спіртным.

Генадзій МАКАРЭВІЧ,
намеснік
начальніка РАНС

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *