Абавязаныя

Гэты выпадак нагадвае сюжэт з жахлівага фільма. Бацька, які дапіўся да чорцікаў, з нажом ганяўся за сваім дзевяцігадовым сынам. Спалоханы хлопчык атрымаў удар у бядро. Дзе была ў гэты час маці чатырох дзяцей? Валялася ў п’яным чадзе. Зразумела, што пакідаць малых у такой сям’і стала небяспечна… А колькі  розныя службы няньчыліся з гэтымі гора-бацькамі: то пазбаўлялі бацькоўства, то, улічваючы раскаянні, зноў аднаўлялі правы. Аднойчы здалося, што ўсё ідзе на лад: дом купілі, на працу ўладкаваліся. І вось рэцыдыў, які знішчыў вынікі ўсіх намаганняў: бацька асуджаны, а маці працягвае сваю п’яную справу. Добра, што ёсць іх бабуля. Хоць старэнькая сама, нямоглая, але забрала ўнукаў на выхаванне.

На жаль, такіх гісторый хапае. Толькі сёлета рашэннем камісіі па справах непаўналетніх сумесна з аддзелам адукацыі райвыканкама, праваахоўнымі органамі 19 дзяцей забраны з неўладкаваных сем’яў. Ім неабходна дзяржаўная абарона. Падумаць толькі: дзяцей спатрэбілася ратаваць ад іх жа бацькоў! Жывёла аберагае і клапоціцца пра сваё патомства, і гэта называецца інстынктам. Чаму ж некаторыя людзі пазбаўлены яго ці лёгка мяняюць свае пачуцці на шклянку віна? З пачатку года 20 бацькоў з 16 сем’яў пазбаўлены бацькоўскіх правоў.

Па стану на 1 кастрычніка ў судзе Ляхавіцкага раёна на кантролі знаходзіліся справы 100 абавязаных асоб, якія павінны кампенсаваць дзяржаве сродкі на ўтрыманне іх дзяцей. Агульная сума, якую патрэбна спагнаць з іх за гэты час, 1 мільярд 457 мільёнаў 573 тысячы рублёў. Спагнана 892 мільёны – каля 61 працэнта.

Яшчэ больш праблем з выплатай запазычанасці з абавязаных асоб, якія стаяць на ўліку ў аддзеле адукацыі райвыканкама. За 9 месяцаў з іх змаглі спагнаць усяго 43 працэнты ад доўгу. Гэтыя людзі жывуць не толькі ў нашым раёне, 6 чалавек — наогул па-за межамі Беларусі, 16 – у месцах пазбаўлення волі, яшчэ 4 чалавекі – у ЛПП. Ёсць і такія, хто знаходзіцца ў вышуку. На кожнага заведзена асабістая справа, дзе збіраецца інфармацыя аб працаўладкаванні, прыцягненні да крымінальнай ці адміністрацыйнай адказнасці і г.д.

Сярод асноўных прычын маруднай кампенсацыі абавязанымі асобамі затрат дзяржавы на выхаванне дзяцей – нядобрасумленныя адносіны да работы або, наогул, адмова працаваць па самых розных прычынах. Напрыклад, у СВК “Востраў-Агра” за 9 месяцаў на рахунку 6-ці чалавек 310 прагулаў. 13 абавязаных асоб, якія павінны працаваць у СВК “Жарабковічы”, не выйшлі на работу 327 разоў. 11 чалавек, якія значацца работнікамі СВК “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік”, прагулялі 246 дзён, і пералік можна працягваць.

Метады пераканання дзейнічаюць не вельмі эфектыўна. Усяго 2 абавязаныя пачалі задумвацца над уласным жыццём і лёсам сваіх дзяцей, рабіць некаторыя спробы вярнуць сям’ю. Адна жанчына пасялілася ў Зубелевічах, уладкавалася працаваць даяркай на Патапавіцкай МТФ, стараецца змяніць свой лад жыцця і вярнуць сына і дачку. Яшчэ адна сямейная пара працаўладкавалася, наладзіла быт, і ім вярнулі сына. Больш такіх прыкладаў пакуль няма, а вось супрацьлеглыя ёсць. Як расказалі ў аддзеле адукацыі райвыканкама, у  СВК “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік” пражывае абавязаная асоба Ніна Кушнярэвіч, якая  мае запазычанасць перад дзяржавай больш як 14 мільёнаў і яшчэ 10 мільёнаў перад сельгаскааператывам, дзе некалькі гадоў таму ўзяла аванс на пагашэнне часткі доўгу. Але аддаваць не спяшаецца. Мала таго, яе дачка пайшла па шляху маці — з’яўляецца абавязанай асобай. Сумная складваецца дынастыя.

Як адзначаюць многія кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, дзе працуюць абавязаныя асобы, найбольш эфектыўна  працуюць з гэтымі людзьмі праваахоўныя органы, якія іншы раз прымусова дастаўляюць на работу гультаёў і п’яніц. Аднак, як зазначае начальнік РАУС Ермакоў, працаваць над гэтай праблемай патрэбна комплексна, задзейнічаць усе зацікаўленыя структуры. Многае залежыць ад работадаўцаў. У кожным калектыве, дзе працуюць абавязаныя асобы, неабходна наладзіць пастаянны кантроль за іх паводзінамі, гутарыць, тлумачыць, цікавіцца жыццём, бытам, праблемамі. У некаторых калектывах гэтыя абавязкі ўскладзены на намеснікаў кіраўнікоў па ідэалогіі, але не ўсюды бачна іх работа.

Работнікі аддзела адукацыі райвыканкама канстатуюць, што сярод асноўных прычын нізкай  кампенсацыі запазычанасці абавязаных асоб – мізэрная заработная плата ў нізкакваліфікаваных работнікаў, якімі пераважна яны і з’яўляюцца. Большасць наймальнікаў не мае магчымасці прапанаваць ім высокааплатную вакансію. З пачатку года служба занятасці насельніцтва перавяла да іншага наймальніка двух чалавек, аднаго – на больш высокааплатную часовую работу. Вырашаецца пытанне адпрацоўкі прагулаў  у нерабочы і рабочы час, здачы ў наём (паднаём) жылых памяшканняў, якія належаць абавязаным асобам, з мэтай накіравання грошай на пагашэнне запазычанасці.

Не здымаецца адказнасць і з праваахоўных органаў. Як расказала кіраўнік справамі Крывошынскага сельвыканкама Ніна Буцько,  прыкладам можа служыць работа ўчастковага інспектара Крывошынскага сельсавета Дзмітрыя Якубчыка. Ён разам са старшынёй сельсавета Георгіем Буйкевічам  трымае ў полі зроку  кожную абавязаную асобу, якая пражывае на тэрыторыі сельсавета. А на пасяджэннях савета прафілактыкі  правапа-рушэнняў, які створаны пры сельвыканкаме, разглядаюцца справы прагульшчыкаў, іх паводзіны.

Органы правапарадку абавязаны паўсюдна актывізаваць дзейнасць па прафілактыцы прагулаў, трымаць пад кантролем выяўленне і пастаноўку на ўлік абавязаных асоб, якія дапускаюць прагулы.

Праблема яшчэ і ў тым, што  няма ўзгодненасці ў рабоце з зацікаўленымі арганізацыямі. Вось прыклад, які прыводзіць галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Святлана Галееўская. Абавязаная асоба рашэннем суда  накіроўваецца ў ЛПП. Але пуцёўкі пакуль няма, і асуджаны “ў чаканні” некалькі месяцаў сядзіць без справы, грошы на пагашэнне запазычанасці, зразумела, не паступаюць, доўг павялічваецца… А чаму б не працаваць гэтаму чалавеку?

Аднак, аднымі прымусовымі і кантралюючымі мерамі праблему не вырашыць. Працоўныя калектывы, грамадскія арганізацыі, органы мясцовага самакіравання, установы аховы здароўя, культуры, спорту і турызму, сацыяльная служба, органы правапарадку – усе разам абавязаны супрацьстаяць гэтаму злу. Дзеці не павінны расці без бацькоўскай пяшчоты і клопату, а для мамы і таты віно не можа быць даражэй за іх уласных дзяцей.

Аліна ЛАПІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *