І прафсаюзныя падзякі, і фэст-дыскатэка ў Ляхавічах /фота/

У мінулую суботу вечарам у гарадскім парку па вуліцы Дзесюкевіча было мнагалюдна, цікава і весела.  Прычын для добрага настрою ў дарослых і дзяцей, якія прыйшлі сюды,  аказалася нямала. Свята “Мір. Праца. Май” парадавала разнастайнай праграмай.
У парк прыходзілі паасобку, сем’ямі, кампаніямі. Адпачыць разам з роднымі, сябрамі, блізкімі, калегамі ды яшчэ і на свежым паветры ўдаецца не кожны дзень. А тут урачыстая нагода, добрае надвор’е і цёплая атмасфера. У гэты дзень у парку ўшаноўвалі чалавека працы. Лепшым  работнікам розных устаноў, арганізацый, прадпрыемстваў старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Святлана Курэц уручыла Ганаровыя граматы  аб’яднання. Сярод узнагароджаных медыкі, педагогі, работнікі  малочнага і льнозавода, устаноў культуры, ”Трансэлектракамплекта”, ЛДАКа, ДП “Нача” і іншыя.
Прафсаюзную падзяку атрымалі ўдзельнікі  народнага клуба ветэранаў вайны і працы “Сівізна” Віктар Алейнік, Галіна Багушэвіч, Уладзімір Якавец, Лідзія Расоха   (на здымку ўверсе), якія ўдзельнічалі ў рэспубліканскім вакальным конкурсе сярод  ветэранаў “Песні  Перамогі”.
І культурную частку свята арганізатары прадумалі    добра. Гледачоў парадавалі  народны ансамбль народнай песні і музыка “Крыніца”, духавы аркестр. З  канцэртам “Мелодыі вясны” выступіла народная эстрадная група “Пачатак”. Зацікавіла многіх выстава работ  Заслужанага аматарскага калектыву  Рэспублікі Беларусь студыі выяўленчага мастацтва “Апалон”.
Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем удзельнічалі ў музычна-гульнёвай праграме “Прымерце ўсмешку” і каталіся на арэлях.
Фінальным акордам святочнага вечара стала фэст-дыскатэка “Танцуючы горад”.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *