Камунгас – у доме кожнага з нас

І разумець сказанае трэба ў вельмі блізкім прыбліжэнні. Нават калі цяпло, падача і адвядзенне вады, некаторыя іншыя выгоды ў вашым   доме –  зусім не заслуга камунальнікаў. Ёсць нямала іншых момантаў і сітуацый, рэчаў і акалічнасцяў, якія суправаджаюць нас па жыцці, фарміруюць зручнасці, ствараюць настрой. Пры гэтым  з’яўляюцца зонай адказнасці камунальных службаў.
На чарговым пася-джэнні раённага выканаўчага камітэта камунальнае пытанне значылася пад першым нумарам. Размова ішла пра дзейнасць па стабілізацыі эканамічнай сітуацыі на прадпрыемстве. Адзін са шляхоў да гэтага –  істотнае зніжэнне ўласных выдаткаў. З  апошняй задачай нашы камунальнікі летась не справіліся.
Як і ўсім яго “аднаклубнікам”, КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” уласціва грувасткасць, мнага-профільнасць, тэрытарыяльная разрозненасць асобных участкаў, службаў, аб’ектаў. У чым, па словах дырэктара прадпрыемства Аляксандра Мядзвецкага, дадатковая складанасць. На балансе – пад паўтары сотні кіламетраў водаправодных і за сотню – водаадводных сетак. Станцыі абязжалезвання вады,  сеткі электраперадачы, мноства артэзіянскіх свідравін, каналізацыйна-помпавых станцый, міні-палігоны і палігон цвёрдых бытавых адходаў, гасцініца, магутная цеплавая гаспадарка, шэраг іншых вытворчых актываў. Сярод іх і няпрофільныя, арганізаваць прыбытковую работу якіх асабліва няпроста.
Як гучала ў ходзе абмеркавання, адно з найбольш вострых пытанняў – наяўнасць у арганізацыі крэдытнай запазычанасці. Пратэрмінаванай у тым ліку. Існуюць запазычанасці пастаўшчыкам энергетычных рэсурсаў. Найбольш значныя перад вытворцам тарфяных паліўных брыкетаў – ААТ “ТБЗ Ляхавіцкі”. Як і перад    мясцовым лясгасам, ва ўгоддзях якога камунальнікі рыхтуюць-набываюць дровы. Пры тым, што разлічваюцца за тавар не заўсёды своечасова. Доб-рая ж навіна ў тым, што за першы квартал года бягучага крэдытная гісторыя камунгаса істотна палепшылася. Даўгавая сума зменшылася значна, але, як адзначыла намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Кацуба, недастаткова.
У гэтай манеты ёсць і другі бок – так званая дэбіторка. Даўгі арганізацый, прадпрыемстваў, насельніцтва перад камунгасам выражаюцца ў значных сумах. У даўжніках раённай ЖКГ, напрыклад, сельскагаспадарчыя прадпрыемствы – ААТ “Шлях новы” і “Ляхавіцкі  райаграсэрвіс”, ДП “Тальмінавічы” і “Ліпнянка”. І сумы працягваюць расці. У адрозненне ад сітуацыі з разлікамі за камунальныя паслугі фізічных асоб, чые даўгі, па словах Аляксандра Мядзвецкага, паступова скарачаюцца. Падобнае стала вынікам актыўнай, мэтанакіраванай, больш жорсткай работы з данай катэгорыяй неплацельшчыкаў. Як адна з крайніх мер – адключэнне праблемных кватэр і дамоў ад камунальных сістэм. Прыклады, калі найбольш злосныя неплацельшчыкі засталіся без вады, ужо ёсць. І, адзначыў дырэктар, падобная практыка можа прыняць больш жорсткія ў рамках закона рэаліі. Спагнанне дэбіторскай і пагашэнне крэдыторскай запазычанасці пазіцыянуюцца ў якасці прыярытэтных задач камунгаса.
Як і задача зніжэння ўласных затрат на аказанне некаторых відаў паслуг. У 2016 годзе гэтага не адбылося: ні на водападачы, ні на водаадвядзенні, ні ў пытанні выпрацоўкі і падачы цяпла.
Камунгас валодае дас-таткова магутнай цеплавой гаспадаркай, у аснове якой 24 кацельні. Работа абсалютнай большасці з іх заснавана на спажыванні мясцовых відаў паліва. Засекі з торфабрыкетамі, навесы для складавання дроў з’яўляюцца іх абавязковымі вытворчымі дапаўненнямі. І, як прагучала ў ходзе абмеркавання пытання, курс на ўсё больш шырокае выкарыстанне МВП будзе працягнуты. Ёсць канкрэтныя задачы і планы як на бягучы год, так і на наступны.
У тым ліку, і што тычыцца паўнаты выкарыстання цеплавых камунальных магутнасцяў. Патэнцыял некаторых генератараў цяпла, як адзначалася, выкарыстоўваецца менш чым на чвэрць. І толькі тры загружаны больш як на   70 працэнтаў. Маюць месца страты цяпла на шляху ад крыніцы цеплаэнергіі да канкрэтнага спажыўца. Некаторыя з кацельняў не выйшлі па выніках года на нарматыў па спажыванні электраэнергіі. Усё гэта грошы і плюс у графе сабекошт прадукцыі. Задача ж заключаецца ў тым, каб плюс замяніць мінусам.  Для чаго, па меркаванні старшыні райвыканкама Вячаслава Сельмановіча, існуе нямала патэнцыяльных магчымасцяў, якія не выкарыстоўваюцца або выкарыстоўваюцца не ў поўнай меры. Уключыць іх у вытворчы абарот – патрабаванне часу.
З улікам абмеркаванага, райвыканкам прыняў канкрэтныя рашэнні, былі пастаўлены задачы з абазначэннем шляхоў і крокаў іх вырашэння.
Дарэчы, сярод аднатыпных структур вобласці наш камунгас пазіцыянуецца як адзін з тройкі лепшых.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *