Шчасця многа не бывае. 15 мая – Дзень сям’і

Трохгадовы Алёшка ўладкоўваецца на пярэднім сядзенні веласіпеда, пяцігадовы Жэня – на заднім.  Яны  пастаянныя пасажыры двухколага транспартнага сродку,  за рулём якога тата. Сямігадовая Алеся крочыць побач – яна ўжо дарослая і самастойная. У такім саставе кожную будную раніцу  чацвёра з  дружнай сям’і ляхавічан Марцінкевічаў адпраўляюцца ў дзіцячы сад № 3, што па вуліцы Южакова ў райцэнтры. Спяшаюцца, каб тата не спазніўся на работу.
Пакуль усе ”пры справе”, мама Света ўвіхаецца дома: прыбраць, памыць-папрасаваць адзенне, прыгатаваць што-небудзь смачнае для вялікай сям’і – ці мала клопатаў у мнагадзетнай мамы. Дарэчы, што датычыць прыгатаваць:  з  “мучнога” Марцінкевічы купляюць толькі хлеб, усё астатняе – смачныя пірагі, булачкі, пячэнне, пірожныя па-майстэрску пячэ гаспадыня. Любімы пачастунак сям’і – фірменныя маміны піражкі з разнастайнай начынкай.
У бясконцай чарадзе клопатаў, хоць і прыемных,  маладая жанчына знаходзіць час і для сябе. Вось ужо 2 гады кожную раніцу пры любым надвор’і  выходзіць на абавязковую прабежку. Упэўнена: здаровы лад жыцця і заняткі спортам дапамагаюць не толькі трымаць сябе ў тонусе, але і заставацца  бадзёрай, энергічнай.
Па прафесіі Святлана будаўнік, з будучым мужам Уладзімірам  пазнаёміліся падчас сумеснай вучобы.  Праўда, цяпер галава сям’і працуе  на Ляхавіцкім кансервавым заводзе.
– Адразу пасля работы спяшаюся дамоў,  трэба і жонцы дапамагчы, і з дзецьмі  хочацца пагуляць, – гаворыць шчаслівы бацька. У яго таксама ёсць  занятак для душы – рыбалка.
Свае захапленні і ў малых: Алеся і Жэня займаюцца танцамі, Алёшу падабаецца ўсё – маляваць, танцаваць, спяваць. Гарой стаяць адзін за аднаго: заступаюцца, клапоцяцца – так іх выхоўваюць бацькі. Дарэчы,  дома галоўны – Жэнька. Хлопчык сочыць за парадкам, нагадвае, каб сястрычка і брацік прыбіралі за сабой раскіданыя цацкі. Ён  для іх – аўтарытэт.
Вельмі многія пытанні, што даводзіцца вырашаць сям’і, здымаюцца пры дапамозе бацькоў Уладзіміра, а таксама  яго   бабулі, якія заўсёды гатовы падтрымаць.
Святлана і Уладзімір прызнаюцца: быць мнагадзетнымі не марылі. Але бязмежна рады такому шчасцю. І перакананы, што адкрылі для сябе сакрэт шчаслівага сямейнага жыцця, абавязковымі ўмовамі для якога лічаць каханне, узаемаразуменне, павагу, уменне знаходзіць кампраміс, старацца нават самую складаную сітуацыю не даводзіць да спрэчак.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *