Лік на карысць сяброўства

У настаўнікаў і бацькоў выхаванцаў раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі шмат агульных спраў. За гады супрацоўніцтва тут пераканаліся: вынік навучання залежыць ад цеснай узаемасувязі паміж сем’ямі і педагогамі. Таму ў ЦКРНіР рэгулярна і дэталёва аналізуецца ступень удзелу бацькоў у жыцці цэнтра, распрацоўваюцца і ўкараняюцца новыя формы ўзаемадзеяння, супрацоўніцтва.
На працягу двух гадоў праводзілася     серыя тэматычных педагагічных саветаў “Павышэнне ўзроўню бацькоўскай кампетэнтнасці праз разнастайныя формы ўзаемадзеяння сям’і і цэнтра”. Кожнае такое пасяджэнне – гэта і вучоба, і абмен вопытам, і шматлікія трэнінгі, аналіз жыццёвых сітуацый і педагагічных задач. Рашэнні педсаветаў  увасабляюцца ў разнастайных мерапрыемствах і сустрэчах: сумесныя святы, справы, інтарэсы аб’ядноўваюць і дапамагаюць лепш разумець адзін аднаго.Так, на спартыўнае спаборніцтва “Дружна гуляем – сябе развіваем”, якое праходзіла  ў зале ДЮСШ, з’ехаліся бацькі, старэйшыя браты і сёстры рабят. На старт выйшлі каманды “Здаравячок” і “Сонейка”. У складзе кожнай – педагогі, бацькі і  дзеці. Рознаўзроставыя атрады выконвалі займальныя, часам няпростыя заданні. Было весела і цікава. На свяце панавала атмасфера ўзаемавыручкі, радасці і дружалюбнасці. Калі журы падвяло вынікі спаборніцтва, аказалася, што перамагла дружба.
Наперадзе яшчэ шмат сумесных мерапрыемстваў: выставы малюнкаў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, конкурсы, адкрытыя ўрокі, пасяджэнні бацькоўскага клуба “Міласэрнасць”, кірмаш творчых работ, фотавыстава “Мая сям’я”, дзе бацькі зоймуць вядучыя і актыўныя ролі.
Наталля КУДЗЯЛЕВІЧ,
намеснік дырэктара ЦКРНіР.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *